З крыніц спрадвечных: жнівень

Сучасная беларуская назва восьмага года месяца жнівень, як і старабеларускія «серпень», «зарев», адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Назва апошняга летняга месяца – напамін пра галоўную сялянскую працу ў гэту пару: у жніўні панамі сярпы – маруды тады не цярпі. Жнівень дае знаць, што заканчваецца лета і набліжаецца восень. Ночы становяцца халаднейшымі, даўжэйшымі і цямнейшымі. Раніцай з’яўляюцца туманы. Яшчэ ў пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса, лён-даўгунец, скараспелая бульба, іншая гародніна і садавіна. Людзі карыстаюцца і багатымі дарамі лесу. Таксама вядзецца сяўба азімых, касавіца атавы.

 

Прыкметы па днях месяца
1. Калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўсё лета і восень будзе мокра, а калі суха, то восень сухая. Калі не будзе дажджу, то бульба не пагніе.

2. День ўшанавання памяці прарока Іліі. У народзе казалі: “Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйшоў Ілья – апала два”, “На Ілью да абеда лета, а пасля абеда – восень”. Прадказальнікі будучага надвор’я і ўраджаю меркавалі: на Ілью сухі пагодлівы дзень – будзе добры сенакос “атавы”, калі дзень спякотны – чакай доўгай зімы, калі ідзе дождж – арэхі папаліць маланка. Пасля гэтага дня забаранялася купацца ў рэках і азёрах. Нашы продкі меркавалі, што з гэтага часу нібыта чэрці хаваюцца ад стрэл прарока Іліі ў ваду і могуць зацягнуць чалавека на дно. Паляўнічым дазвалялася ўжо выязджаць ў пушчы і бары адстрэльваць драпежных звяроў і дзікіх птушак: ваўкоў, мядзведзяў, качак, гусей, цецярукоў, рабчыкаў…

4. Прыкмячалі: калі туман халодны, зіма чакаецца ранняя і марозная. Калі росна, то лён будзе шэрым, неўмалотным.

7. Якое надвор’е да абеду, такая зіма да снежня.

9. З гэтага дня капуста пачынае ў качан завівацца.

10. Ужо дазвалялася малоць першае жыта на муку.

12. Лепшы тэрмін пасеву азімага жыта.

14. Дзень смерці братоў Макавеяў (па біблейскай легендзе яны загінулі за веру ў Бога яшчэ за 167 гадоў да нараджэння Хрыста). У гэтым дзень адзначаецца свята, устаноўленае царквой у 1164 годзе ў памяць перамогі візантыйскага імператара Мануіла над мусульманамі. Меншы па колькасці атрад хрысціян ішоў на бітву пад крыжам, на якім месцілася старая ікона Божай Маці. Перад боем раптам ікона засвяцілася, заззяла і абнавілася. Бітва была выйграна. У гонар гэтай падзеі было ўстаноўлена свята “Паходжанне дрэў Крыжа Гасподня” (Макавей, Першы Спас, Спас мядовы). Лічылася, што з гэтага часу пчолы перастаюць назапашваць мёд, і таму трэба падразаць соты, каб і надалей працягнуць медазбор. 14 жніўня ў царкве асвячалі мёд і ваду, розныя лекавыя травы і мак. Галоўным пачастункам, акрамя мёду, былі стравы з макам – варэнікі і пірагі. Існавала перакананне: каб забяспечыць сабе здароўе і засцерагчыся ад уздзеяння благога вока, а таксама захаваць гаспадарку ад нячыстай сілы, трэба ўдосталь наесціся макавых страў. Менавіта з гэтага моманту пачыналася Спасаўка – двухтыднёвы пост, які працягваўся да 28 жніўня.
Як на Юр’я дождж – будзе рыбы многа, а на Макавея – будзе многа грыбоў. Калі на Макавея не бывае дажджу, то будзе шмат пажараў. У вырай адляталі першыя ластаўкі.
16. Які дзень – такі і ўвесь кастрычнік. Калі вецер з віхурамі – чакай снежную зіму. У гэты дзень бываюць маланкі, навальніцы з вятрамі.

17. Сяляне зрывалі гуркі, рыхтавалі кадкі пад засол, прыбіралі часнок і цыбулю з агарода.

19. Праабражэнне Гасподне (Яблычны Спас, Другі Спас). Па вучэнні хрысціянскай царквы, свята Праабражэння ўстаноўлена ў памяць адной з падзей зямнога жыцця Ісуса Хрыста. У Евангеллі ад Мацфея расказваецца, як Ісус разам з трыма сваімі вучнямі – Пятром, Якавам і Іаанам – падняўся аднойчы на гару. На гары Хрыстос “пераваабразіўся”: твар яго праззяў, як сонца, вопратка зрабілася белай, як снег. У гэты час з неба з’явіліся прарокі Майсей і Ілья і пачалі гутарыць з Ісусам. І голас з неба зноў, бы і пры хрышчэнні ў Іардані, абвясціў Ісуса ўлюбёным сынам Божым.
Царква прыстасавала да гэтага дня асвячэнне садавіны, пасля чаго дазвалялася ўжо есці яблыкі, грушы, слівы. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”. У народзе казалі: “ Які другі Спас, такі будзе і студзень”.
Гэты Спас лічылі днём адлёту буслоў. Калі яны пачыналі рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад гэтым днём, чакалася, што зіма надыдзе раней і будзе марозная, а вясна цяплейшая; калі ж пасля Спаса ? восень будзе цёплая, зіма позняя, а вясна халодная.

23. У гэты дзень у апоўдні глядзелі ваду ў рэках і азёрах: калі ціхая, не хвалюецца ? восень абяцае быць ціхай, лагоднай, а зіма без завей, мяккай, адліжнай.

27. Лёгкі вецер у гэты дзень ? будзе пагодлівая восень, моцны ? дажджлівая і халодная. Лічылася, што да гэтага дня выспяваюць брусніцы.

29. Перанясенне Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерукатворны, Хлебны спас, Арэхавы Спас, Спас на палатне). Да гэтага дня паспявалі лясныя арэхі і пачынаўся іх збор. Па народных паданнях, ураджай арэхаў прадвесціў на будучы год ураджай жыта. У народзе казалі: “Па трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”. Калі журавель адляціць да трэцяга Спасу, то на Пакрову (14 кастрычніка) будзе марозна, а не ? дык пазней.

Сказана як звязана
Прыдатны красавік цяплом, а жнівень – дабром.
Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.
У жніўні сярпы грэюць, ды вада халодзіць.
Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.
Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадуе.
Жні жыта ў пору – будзе што насіць у камору.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!