РАБОТ У ПОЛІ ШМАТ, КЛОПАТ – АДЗІН

Брыгадзір паляводчай брыгады Святлана Шульжык, якую мы на нейкі час адарвалі ад работы, шчыра прызналася: “Калі б не дапамога механізаванага звяна з райаграпрамтэхнікі, мы самі столькі кармоў не нарыхтавалі б”. Гэты факт пацвердзіў і сам кіраўнік СП “Радзеж” Вітольд Пяткевіч, з якім удалося пагутарыць па тэлефоне. Ён адзначыў:
— Нашы механізатары працуюць без выхадных. Стараюцца. Скажам, той жа Мікалай Піпко за паўдня скасіў траву на плошчы 25 гектараў. І ўсё роўна цяжка ім было б самім справіцца з вялікім аб’ёмам работ, калі б не памочнікі з райаграпрамтэхнікі.
У той дзень на полі, дзе мы былі, працавала 5 адзінак тэхнікі з РАПТ, у тым ліку “Ягуар”, які быў задзейнічаны на падборцы травы. Машына хоць і не новая, але механізатар Уладзімір Максі­мук стараецца не падводзіць сваіх напарнікаў, якія адвозяць траву. Ну, а калі здараецца паломка, каб не было прастояў, на дапамогу маладому механіза­тару прыходзяць больш вопытныя калегі, такія, як, да прыкладу, Сяргей Янкевіч і інш.
Упэўнены ў гаспадарцы і ў сваіх механіза­тарах, асабліва ў такіх, як Аляксандр Шульжык.
— Набыўшы ў Мала­рыцкім прафесійным ліцэі прафесію механізатара, Саша прыйшоў працаваць у родную гаспадарку. Летась разам з бацькам у час уборкі зерневых адпрацаваў на камбайне, і па выніках спаборніцтва сярод камбайнераў гаспадаркі іх экіпаж заняў другое месца, — гаварыла брыгадзір Святлана Шульжык. — Саша вельмі свядомы, вельмі адказны. Памятаю, вясною мы даручылі яму раскідваць гной. Нечакана трактар выйшаў са строю. Вітольд Мечыслававіч, які пра гэта даведаўся, паклапаціўся наконт аператыўнага рамонту, прывёз зваршчыка і трактар адрамантавалі. Была ня­дзеля, позна ўжо, але Саша не пакінуў сваю работу. На наступны дзень закончыў яе, хоць і дапазна працаваў. Такі ён заўсёды, — гаварыла брыгадзір.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: лепшы малады механізатар СП “Радзеж” Аляксандр ШУЛЬЖЫК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!