«Мядовы Спас мёду прыпас» Пчалярская справа Паўла Пархамука з вёскі Перавое (Маларыцкі раён)

Вось і лета павярнула на восень.14 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць першы Спас – Мядовы. У народзе пра гэты дзень калісьці казалі: “Першы Спас – праводзіны лета”, або “Ад першага Спаса халодныя росы”. А яшчэ 14 жніўня лічыцца святам пчаляроў ці бортнікаў. Паводле народнага павер’я на Мядовы Спас пчаляры правяралі вуллі – “мачалі ў мёд нажы” і, каб не прапалі пчолы, частавалі салодкім мёдам дзяцей. Яшчэ мёд неслі ў царкву і там яго асвячалі.
У пчаляроў зараз гарачая пара: неабходна сабраць соты і выкачаць мёд, а таксама падрыхтаваць вуллі і пчол да зімоўкі. Каля трыццаці гадоў трымае на сваім прысядзібным участку пчальнік Павел Пархамук з вёскі Перавое. Павел Мікалаевіч не адзін год працуе вадзіцелем школьнага аўтобуса ў Арэхаўскай сярэдняй школе. Зрэшты, усяго вадзіцельскі стаж Паўла Пархамука — 38 гадоў і ніводнага спагнання ці наракання на работу за ўвесь гэты час. Як прызнаўся ў размове Павел Мікалаевіч, пчолы – своеасаблівае хобі, якому ён аддае ўвесь свой вольны час. Падтрымлівае свайго мужа ў пчалярскай справе і Валянціна Іванаўна, якая працуе паштальёнам, разносіць перыёдыку і іншую прадукцыю жыхарам вёсак Перавое, Добрае і Арэхава.


Пчалярскай справе навучыў Паўла Пархамука знакаміты ў ваколіцах пчаляр Сцяпан Сай, які жыў у вёсцы Зеляніца.
— Сцяпан Дзмітрыевіч для мяне быў вельмі блізкім і дарагім чалавекам, — прызнаецца мужчына. – На жаль, яго няма ўжо разам з намі. Менавіта ён падзяліўся са мной сакрэтамі пчалярства, якімі валодалі яшчэ нашы продкі. Ён ніколі ў сваёй рабоце не выкарыстоўваў “хімікатаў”. Лячыў пчол у выпадку іх хваробы і апрацоўваў вуллі толькі сродкамі ды настоямі, што былі зробленыя на лекавых травах і зёлках.
Дарэчы, усіх гэтых слушных рэкамендацый пчаляра з Зеляніцы на працягу не аднаго года і прытрымліваецца Павел Пархамук, на падворку якога налічваецца 15 пчоласем’яў. Пра сваіх крылатых працаўніц Павел Мікалаевіч можа з захапленнем расказваць гадзінамі. Адразу відаць, што гэты няпросты, але цікавы занятак яму прыносіць сапраўднае задавальненне. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што пчалярства – справа досыць простая, якая не патрабуе асаблівых выдаткаў і клопату. Некаторыя лічаць, пчала носіць нектар, які затым перапрацоўвае ў карысны прадукт, а пчаляр яго забірае. Вось і уся няхітрая навука. На самой справе, пчалярства – гэта пэўная сістэма ведаў, якую патрэбна пастаянна ўдасканальваць. А яшчэ пчол неабходна ўвесь час даглядаць. Нездарма народная прыказка гаворыць, што “пчол трымаць – не ў халадку ляжаць”. І з гэтым цалкам пагаджаецца пчаляр Павел Мікалаевіч.


— Пчолы, як і людзі, у кожнай свой характар, свой нораў. Некаторыя спакойныя, лагодныя, другія, наадварот, прагнуць каго-небудзь уджаліць. Напрыклад, трымаў я пчол сярэднеазіяцкай пароды, але давялося яе звесці, — расказвае Павел Пархамук. – Вельмі яны злосныя былі. Калі ім нешта не падабалася ці адчувалі нейкую небяспеку, маглі пакусаць. А да нас часта прыязджаюць дзеці з унукамі. Зараз трымаю пчол украінскай пароды.
У пацвяржэнне гэтых слоў Павел Мікалаевіч запрашае падысці бліжэй да вулляў, кажа, што пчолы зусім не кусаюцца. Тым не менш, пчаляр распальвае дымар і на ўсялякі выпадак надзявае на галаву спецыяльную сетку. Абдыміўшы пчаліны домік, мужчына спрытна паднімае вечка вулля і дастае адтуль залацістыя соты.
— Частуйцеся! Сапраўдны грэцкаа-кветкавы мёд, — гаворыць гаспадар, запрашаючы пакаштаваць карысны прадукт. – Мёду, напрыклад, выключна ліпавага ці якога-небудзь аднаго віду не бывае, — тлумачыць пчаляр. – Таму што пчала збірае нектар не толькі з адной ліпы, а таксама з ажыны, маліны, грэчкі, рапсу.
Мёд аддае водарам лугавых кветак і траў, а яшчэ пахам далёкага і незваротнага дзяцінства. Бурштынавая вадкасць раствараецца ў шклянцы з вадой і прыемна наталяе смагу. Павел Мікалаевіч расказвае пра карысныя асаблівасці мёду, які можна захоўваць доўга, галоўнае, каб на прадукт не траплялі сонечныя промні. Мёд з цягам часу здольны крышталізавацца, але гэта не пазбаўляе яго спажыўнай якасці. Вызначыць, які мёд без дабавак, аказваецца, вельмі проста. Дастаткова зачарпнуць лыжку мёду і выліць яго назад у слоік, калі з мёду ўтвараецца піраміда, то ён якасны. А вось няспелы мёд пры захоўванні закісае (пачынае пеніцца) і становіцца шкодным.
— Затратная справа – пчалярства, — з сумам адзначае пчаляр. – Грашовых выдаткаў шмат патрабуе, а прыбытак нязначны. Людзі, асабліва вясковыя, менш сталі набываць мёд. Раней яго закуплялі спецыяльныя крамы, што ў абласным цэнтры, а цяпер не вельмі бяруць. Ды і каб збыць мёд, патрэбна сабраць шмат даведак, прайсці адпаведныя экспертызы на якасць. Я падлічваў, напрыклад, каб прадаць тону мёду, патрэбна аформіць даведак на 1тысячу 200 рублёў. Трымаем пчол больш для сваёй сям’і, для дзяцей і ўнукаў.
Дарэчы, ёсць чаму людзям у пчол павучыцца. І гэта, найперш, іх нястомнай працавітасці, ладу жыцця, калі кожная пчолка за нешта адказвае. Павел Мікалаевіч і Валянціна Іванаўна ў нечым падобны да сваіх пчолак. Гэтак жа шчыруюць на роднай зямлі, акрамя агарода, аформілі ў арэнду паўтара гектара зямлі, на якой вырошчваюць збожжавыя, бульбу, садавіну ды агародніну. Падворак Пархамукоў патанае ў духмянай квецені аксамітак, ружаў, астраў, півоняў і вяргінь. Па вечарах у іх утульнай і гасціннай хаце доўга гарыць святло – гэта Валянціна Іванаўна робіць нарыхтоўкі на зіму, каб было чым узімку пачаставаць любімых унукаў.
Кацярына Яцушкевіч.

Некалькі цікавых фактаў з жыцця пчол.
Вучоныя сцвярджаюць, што пчолы з’явіліся прыкладна 40 мільёнаў гадоў таму назад.
У адной пчалінай сям’і налічваецца ад 80 тысяч да 1200000 асобін.
У пчол аказваецца 5 вачэй. Сярэдняя працягласць жыцця крылатых руплівіц — 30-60 дзён.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.