Адкрыць Маларытчыну па-новаму: дуб-патрыярх (фотарэпартаж)

Тэму для напісання артыкула падказалі дзве сям’і знаёмых, якія прыдумалі і на працягу чэрвеня-жніўня гэтага года самі рэалізоўваюць праект “Адкрыць Маларытчыну па-новаму”. На выхадных днях яны на аўтамабілях наведваюць памятныя і гістарычныя мясціны раёна і адкрываюць для сябе  з іншага боку родны край. Маларытчыну нездарма называюць адным з самых маляўнічых і непаўторных куточкаў Заходняга Палесся, краем, які мае своеасаблівую гісторыю, культуру, прыроду…. У гэтым пераконваешся, наведваючы мясціны, якія вартыя ўвагі і павінны стаць аб’ектам гонару, прыцягальным месцам не толькі для маларытчан, але і  для тых, хто бывае ў нашым раёне ўпершыню.  На жаль, мы іншы раз не ведаем пра тое, што ёсць побач. 

Раней у раёне было распрацавана  некалькі турыстычных маршрутаў, якія знаёмілі гасцей з матэрыяльнай, духоўнай і прыроднай спадчынай. На жаль, рэдакцыя не мае інфармацыі пра іх запатрабаванасць. Для тых, хто наведваў Маларытчыну, прапаноўваўся, напрыклад, такі цікавы турыстычны маршрут  “Край мой там, дзе Рыта льецца”. Ён уключаў наведванне  г.Маларыта (раённы цэнтр народнай творчасці) ‒ цар-дуба, дуба-патрыярха, в.Дубічна ‒ в.Пажэжын (краязнаўчы музей) ‒ в. Вялікарыта (парк-сядзіба Траякуравых, помнік Вользе Абрамук, радзіма мастака М. Селяшчука).  

Сёння мы накіруемся ў падарожжа па маршруце Маларыта ‒ дуб-патрыярх. З райцэнтра выязджаем у 9:00, засякаем паказанні адлегласці на спідометры. Асфальтаваная дарога пралягае праз Збураж і Гвозніцу. Не даязджаючы па гравейцы да Старога Раматова, турыстычны інфармацыйна-ўказальны знак “апавяшчае” пра тое, што побач знаходзіцца прыродная каштоўнасць. Збочваем улева і кіламетра паўтара едзем лясной дарогай, на якой  няма ні ямак, ні калдобін.

Справа – ельнікі. Паветра свежае, чыстае, таму дыхаецца лёгка. Наступны ўказальнік  папярэджвае, што неабходна звярнуць управа. Нарэшце дабраліся да ўнікальнага дрэва. Спідометр паказвае, што мы праехалі амаль 25 кіламетраў.

Інфармацыйная таблічка змяшчае інфармацыю, што помнік прыроды рэспубліканскага значэння створаны 21 мая 1996 года рашэннем Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дуб-патрыярх абгароджаны, тэрыторыя, напэўна,  нядаўна абкошана. Дрэва мае вышыню 35-40 метраў, дыяметр яго ствала – 1,96 метра, узрост – ля 700 гадоў. У вочы кідаецца яшчэ адна інфармацыйная таблічка “Прырода – наш дом. Зберажэм яе”.

Непадалёк ад помніка прыроды рэспубліканскага значэння абуладкавана выдатнае месца для адпачынку. Тут ёсць альтанка, месца, абкладзенае камнямі,  па баках якога знаходзіцца некалькі драўляных лавак, непадалёк у невялічкім шалашы ляжаць напілаваныя дровы. Па вугольчыках можна зрабіць вывад, што нядаўна тут распальвалі вогнішча. Аднак смецця навокал няма, усюды чыста і ўтульна.  Адчуваецца сапраўдная рука клапатлівага гаспадара.

Наведаць знакамітае дрэва можна ў любы зручны час. Ніхто ніякіх грошай за гэта не бярэ. Паспрабуйце і вы адкрыць  для сябе Маларытчыну па-новаму.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 22
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!