На Яблычны Спас бласлаўляе неба нас (Маларыта)

19 жніўня праваслаўныя вернікі адзначаюць адно  з 12-ці вялікіх гадавых святаў – Перамяненне Гасподняе, або, як кажуць у народзе, Яблычны Спас. Гэта адно з найпрыгажэйшых і велічных святаў, калі ў храмах асвячаліся яблыкі, грушы, вінаград, слівы. Паводле царкоўнай традыцыі, перамяненне Госпада Бога і Спаса нашага Іісуса Хрыста адбылося на гары Фаворскай незадоўга да ўкрыжавання Збавіцеля.

У гэты дзень прынята ўсіх частаваць яблыкамі, асабліва дзетак. Не адмаўляецца ад традыцыі продкаў і вядомы ў Маларыце садавод-аматар Аляксей Крываблоцкі, да якога мы і завіталі напярэдадні Яблычнага Спаса. Вось ужо на працягу трыццаці гадоў Аляксей Віктаравіч займаецца садаводствам і вырошчвае на 60 сотках зямлі каля 200 яблынь і груш розных гатункаў.

— Толькі не пытайцеся, які гатунак мой самы любімы, не скажу, каб не пакрыўдзіліся іншыя яблынькі, — усміхаючыся, ці то жартуючы, ці то сур’ёзна, гаворыць Аляксей Віктаравіч. – Гэта жывыя істоты, якія ўсё разумеюць і добра адчуваюць, калі іх любяць і аб іх клапоцяцца, а калі абыякава адносяцца. Адны з самых смачных і сакавітых гатункаў, якія ў мяне з ахвотай бяруць, – гэта “Дзюшэс”, “Голдэн” і  “Каваленкаўская”.  

Садам пачаў займацца Аляксей Віктаравіч з 1986 года, калі пасля доўгага расстання з малой радзімай, Маларытай, вярнуўся разам з жонкай з далёкага Данбаса,  дзе не адзін год ён адпрацаваў шахцёрам. Абуладкаваліся Крываблоцкія на бацькоўскай сядзібе, дзе рос невялічкі яблыневы сад, які год за годам прырастаў новымі саджанцамі.

Сёлетні год – вельмі шчодры на яблыкі. Летась, адзначае садавод,  ураджай яблыкаў быў больш сціплым. У гэтыя дні вельмі шмат пладоў ападае, людзям садавод аддае іх бясплатна. Астатнія,  калі прыйдзе час, ён збярэ і пакладзе ў спецыяльны склеп-сховішча, які садавод пабудаваў сам. Яблыкі ў Аляксея Крываблоцкага купляюць многія маларытчане, таму што яны не толькі таннейшыя, чым ў краме або ў прыватнікаў, але яшчэ і вельмі смачныя.  Нядзіўна, бо у свой сад Аляксей Віктаравіч, якому, дарэчы, споўнілася 84 гады, укладвае не толькі ўсе свае сілы, але і душу, клапоцячыся аб кожным дрэўцы, як аб родным дзіцяці. У яго садзе ёсць яблыня якой 80 гадоў і яна яшчэ родзіць яблыкі. “Калі за дрэвамі належны догляд – яны будуць пладаносіць дзесяцігоддзямі,” – кажа Аляксей Віктаравіч. Садавод у асноўным аддае перавагу паўкарлікавым гатункам,  бо з імі працаваць лягчэй ды і ўраджай гэтыя мініяцюрныя дрэўцы даюць на другі год,  што немалаважна.

— Дзявяты дзясятак раз­мяняў, здаецца, час ужо і крыху адпачыць, а я не магу спыніцца. Вось летась мне прывезлі новы амерыканскі гатунак яблыні са штата Каліфорнія. Яблыкі абяцаюць быць незвычайнымі – унутры сакавіта чырвонымі, нібыта памідоры. Пасадзіў грушы з Францыі, а таксама некалькі падвояў расійскай селекцыі. Словам,  сад прырос яшчэ на трыццаць дрэўцаў.

Для Аляксея Віктаравіча сад – гэта нешта большае, чым занятак для душы, гэта вобраз яго жыцця. У размове ён прызнаецца,  што,  калі працуе ў сваім са­дзе,  адчувае небывалы прыліў сіл,  моцную энергетыку, што выпраменьваюць дрэўцы. І хаця ў Аляксея Віктаравіча шмат сяброў і знаёмых, якія яму дапамагаюць даглядаць за садам, ён яшчэ сам бярэ ў рукі касу і роснай раніцай пачынае касіць. “Для мяне гэта асаблівая ранішняя зарадка, што надае бадзёрасць на цэлы дзень, — усміхаючыся, прызнаецца садавод.

На сёлетні Яблычны Спас Аляксей Вік­таравіч абавязкова пакаштуе асвячоны ў царкве яблык і будзе разам са сваёй жонкай чакаць гасцей,  якім у гэтым доме заўсёды рады. На жаль, зараз Вера Максімаўна прыхварэла, і пакуль увесь клопат па догляду за садам на плячах у гаспадара. Восенню,  каб дапамагчы Аляксею Віктаравічу сабраць ураджай яблык ды груш, прыедуць дзеці і ўнукі, якія хоць і жывуць далёка, але не забываць дарогу да бацькоўскага парога.  

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 2
  • 15
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!