Маларыцкія барабаншчыцы

Больш за сорак гадоў назад на базе Маларыцкай сярэдняй школы №1 быў арганізаваны адзіны ў рэспубліцы ансамбль юных барабаншчыц для ўдзелу ў рэспубліканскіх аглядах духавых аркестраў. Як адбылося так, што выбар паў менавіта на Брэсцкую вобласць і маленькі горад Маларыту, ніхто ужо не памятае. Але гэта было сапраўднай падзеяй таго часу. 


Першым кіраўніком і натхняльнікам ансамбля стаў Генадзь Мікалаевіч Давыдзік. На той момант ён працаваў у гарадскім Доме культуры. У 1975 годзе сярод вучаніц двух восьмых класаў быў праведзены адбор: звярталі ўвагу на рост, знешнасць, адчуванне рытму. І ў выніку ў верасні да заняткаў прыступілі трыццаць вучаніц. Вучыліся правільна трымаць палачкі, выстуквалі рытм алоўкам, трэніраваліся на піянерскіх барабанах. Пакуль дзяўчынкі асвойвалі новую справу, былі пашыты касцюмы і абутак, набыты новыя барабаны. Спачатку ўдзельніцы ансамбля былі амаль месяц на вучэбных зборах у г. Кобрыне, дзе трэніраваліся маршыраваць у калоне з духавым аркестрам. У гэты ж час у ансамблі барабаншчыц выбіралі дзяўчынку, якая б выконвала ролю тамбур-мажора (вядучай групы барабаншчыц). На гэтую пачэсную пасаду з двух прэтэндэнтак выбралі Людмілу Хапаль (Бягеза). 
У 1976 годзе ў Мінску ансамбль у складзе духавога аркестра Брэсцкай вобласці годна выступіў ва ўрачыстым шэсці. За якаснае выступленне група барабаншчыц была ўзнагароджана паездкай у Адэсу. Далей былі паказальныя выступленні на святах горада Брэста, Кобрына, урачыстыя шэсці на мерапрыемствах, прысвечаных Дню Перамогі. З канца 80-х гадоў нашы барабаншчыцы кожны год адкрывалі свята духавой музыкі ў Мінску. 


Так склаліся абставіны, што першага кіраўніка ансамбля барабаншчыц прызвалі ў армію. Хто прыняў эстафету кіраўніцтва, знайсці аказалася складана, але вядома, што доўгі час ім кіравала Л.П. Бягеза, затым — Т.В. Антонава. З 1999 года кіраўніком гуртка была А.М. Паўлючык.
У 2014 годзе ўзяць гадзіны заняткаў аб’яднання па інтарэсах «Юныя барабаншчыцы» было прапанавана мне, настаўніку рытмікі і танца. Не скажу, што з энтузіязмам прыняла гэтую прапанову, таму што самой упершыню давялося ўзяць у рукі палачкі.  Вучылася я і вучыла дзяцей, шукала новыя формы работы. Праўда, не так лёгка аказалася прыцягнуць старэйшых дзяцей, хоць раней быць у складзе ансамбля барабаншчыц лічылася ганаровым. Таму я стала зацікаўліваць дзяцей пачатковай школы і, ў выніку, ў нашай школе аб’яднанне па інтарэсах «Юныя барабаншчыцы» пачалі наведваць вучні 3-4 класаў і 5-10 класаў.  Нечаканым стала і тое, што некаторыя хлопчыкі зацікавіліся маёй прапановай. 
Мне ўсё больш і больш хацелася паказаць ўменні барабаншчыц з іншага боку. Мы пачалі працаваць з ваеннымі маршамі, затым з’явіліся сучасныя рытмы. У 2018 годзе наш ансамбль атрымаў новую назву «Акцэнт» і стаў фіналістам VI абласнога адкрытага маладзёжнага конкурсу «Твая хвіліна славы» ў г. Брэсце. Затым паступіла прапанова прыняць удзел у святочным канцэрце на абласным ўзнагароджанні пераможцаў алімпіяд. Яркае выступленне на канцэрце дзіцячай творчасці ў горадзе Маларыта замацаваў упэўненасць у правільным выбары шляху. 
Ужо цяпер юныя ўдзельнікі нашага ансамбля з нецярпеннем чакаюць свайго першага выхаду і мяне гэта радуе. Значыць атрымалася зацікавіла дзяцей. У ансамблі барабаншчыц ёсць пераемнасць пакаленняў.  Яшчэ ўчора першыя барабаншчыцы былі проста дзеці, а ўжо сёння іх дзеці і ўнукі, беражліва захоўваючы, працягваюць пачынанні і ганарацца тым, што мама, бабуля ці родная цётка былі ў шэрагах юных барабаншчыц. Мяняўся склад удзельніц, мяняўся фасон касцюма, але нязменным заставаўся барабан і рытм, які знаёмы кожнаму жыхару Маларыты.
Сваімі ўспамінамі і фотаздымкамі падзяліліся першыя ўдзельніцы ансамбля Людміла Бягеза і Ірына Ляшчук. Хачу выказаць вялікую падзяку ўсім, хто адгукнуўся і даслаў фатаграфіі ансамбля мінулых гадоў.
Аляксандра ВАШЧЫНЧУК, настаўнік рытмікі і танца, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах «Юныя барабаншчыцы» ДУА «Маларыцкая сярэдняя школа №1».

Поделиться:
  • 2
  • 114
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!