Праваслаўныя вернікі адзначаюць Арэхавы  Спас (Маларыцкі раён)

29 жніўня праваслаўная царква адзначае свята ў гонар перанясення ў Канстанцiнопаль у 944 годзе Нерукатворнага Вобраза Госпада Ісуса Хрыста (Спас Нерука­творны).

Існуе паданне, што падчас зямнога жыцця Ісуса Хрыста князь Едэскі цяжка захварэў. Даведаўшыся пра цуды Збавіцеля,  князь паслаў да яго свайго мастака з лістом, просячы вылечыць ад цяжкай хваробы. Мастак, убачыўшы аблічча Збавіцеля, моцна захацеў адлюстраваць яго рысы на палатне. Аднак усе намаганні засталіся марныя, бо ніяк не мог ён улавіць рысы асобы Гасподняй. Заўважыўшы гэта, Ісус Хрыстос загадаў прынесці вады, памыўся, выцер твар ручніком. На дзіва прысутных, на ручніку адразу ж засталася выява Хрыста. Гэтую нерукатворную ікону Ісус Хрыстос паслаў князю. Атрымаўшы ікону, князь пакланіўшыся ёй, амаль зусім вылечыўся ад хваробы. Спачатку ікона захоўвалася ў горадзе Едэсе, дзе жыў князь, пасля ж была перанесена ў Канстанцінопаль. Перанясенне гэта і адбылося 29 жніўня. Нерукатворная ікона Хрыста ў праваслаўных шануецца асабліва. Такая выява Збавіцеля вышывалася на сцягах, з якімі воіны ішлі абараняць Айчыну. Нерука­творны Спас сімвалізаваў сілу і мужнасць.

У народзе свята Спаса Нерукатворнага яшчэ называецца Трэці (па ліку), Хлебны, Арэхавы, Ільняны Спас, або Спас на палатне.

Галоўнай асаблівасцю гэтага дня было выпяканне хлеба, караваяў, пірагоў, для якіх выкарыстоўвалася толькі мука новага ўраджаю. Адсюль свята і называюць Хлебны Спас.

Спас Арэхавы – яшчэ адна назва гэтага дня. У гэты час паспяваюць арэхі. На досвітку, нягледзячы на дрэннае надвор’е, неабходна было абавязкова схадзіць у лес і назбіраць арэхаў, каб  іх асвяціць у храме.

Да гэтага дня сяляне імкнуліся скончыць адбельванне палатна, пасля чаго яго асвячалі святой вадой. Толькі пасля гэтага дазвалялася выкарыстоўваць палатно ў гаспадарцы ці прадаваць.

Нашы продкі ў гэты дзень наладжвалі дажынкі – свята заканчэння жніва, ладзілі “хлебную” талаку. Народ  таксама заўважыў: “Ластаўкі адлятаюць у тры Спасы, жоравы –да трэцяга Спаса”, “Прыйшоў Спас – бяры рукавіцы ў запас”.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!