Электронный рецепт: пластиковая карта выдаётся бесплатно и есть скидки на лекарства (Малоритский район)

У паліклініцы Маларыцкай ЦРБ з 1 ліпеня ўкараняецца аўта­матызаваная  інфармацыйная сістэма “Электронны рэцэпт”.

– Па стане на 13 жніўня ўжо выдадзена 350 пластыкавых карт,  якія дазваляюць атрымаць лекавыя сродкі,  выпісаныя ў выглядзе рэцэпта ў электроннай форме, – расказвае загадчык паліклінікі Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы Таццяна Папко. – САІ “Электронны рэцэпт” – гэта адзіная база дадзеных рэцэптаў, назначаных і адпушчаных лекавых сродкаў, доступ да якой ажыццяўляецца ў аператыўным рэжыме. “Электронны рэцэпт” – гэта пластыкавая карта светла-зялёнага колеру для медыцынскага абслугоўвання. Яна аблягчае абслугоўванне пацыентаў і працу дак­тароў. На САІ “Электронны рэцэпт” змешчаны штрых-код,  у якім зашыфраваны прозвішча, імя, імя па бацьку пацыента, яго пашпартныя дадзеныя, а таксама інфармацыя аб усіх выпісаных яму леках. Для атрымання ідэнтыфікацыйных пластыкавых карт пацыентам можна звяртацца ў рэгістратуру паліклінікі штодня ў рабочыя дні з 08:00 да 17:00. Выдаецца такая карта хутка. Для яе атрымання неабходна пры сабе мець пашпарт, а таксама падпісаць форму інфармацыйнай згоды пацыента аб выкарыстанні пластыкавай карткі для медыцынскага абслугоўвання і перадачы абмежаванай персанальнай інфармацыі пра яго па каналах сувязі. Картка з’яўляецца ўласнасцю паліклінікі і перадаецца пацыенту на бязвыплатнай аснове. Пры выкарыстанні ідэнтыфікацыйных пластыкавых карт пацыента ў аптэках прадастаўляецца льгота: на айчынныя прэпараты – 5%, на прэпараты замежнай вытворчасці – 2%.

– Таццяна Уладзіміраўна, які алгарытм дзеяння з электронным рэцэптам?

– Праводзячы агляд пацыента, урач назначае патрэбныя лякарствы  і адразу ўводзіць дадзеныя ў камп’ютарную праграму. У сістэме “Электронны рэцэпт” запісваецца назва прэпарата і тэрмін дзеяння рэцэпта. Для атрымання лекавых сродкаў, выпісаных у выглядзе рэцэпта ў электроннай форме на льготных умовах і бясплатна, грамадзянін у аптэцы павінен прад’явіць пластыкавую картку разам з папяровым рэцэптам, а для набыцця за поўны кошт — папяровы рэцэпт не патрэбен. Рэцэптар у аптэцы сканіруе пластыкавую карту,  ідэнтыфікуе грамадзяніна,  звяртаецца ў рэестр электронных рэцэптаў і адпускае неабходныя лекавыя сродкі. Людзям, якія непакояцца, што карта будзе даваць доступ да іх дыягназу, трэба сказаць: правізар у аптэцы можа бачыць толькі сам рэцэпт, назву лякарства,  дазіроўку, колькасць. Акрамя таго, дзякуючы электроннай сістэме доктар можа праверыць: купіў пацыент выпісаныя лекі ці не, гэта значыць, выканаў або не рэкамендацыі па лячэнні. Укараненне гэтай сістэмы забяспечыць аптымізацыю аб­слугоўвання на­сельніцт­ва ў паліклініках і аптэках.

– А  якія  перавагі ў параў­нанні з выпіскай папяровага рэцэпта мае электронны рэ­цэпт?

–Спынімся толькі на некаторых з іх. САІ “Электронны рэцэпт”, па–першае, стварае перадумовы для больш эфектыўнага і бяспечнага медыкаментознага лячэння, бо выключае “нечытабельнасць” або няправільную інтэрпрэтацыю рэцэптаў, дазваляе бачыць усе лекавыя сродкі, прызначаныя пацыенту. Па-другое,  электронны рэцэпт забяспечвае зніжэнне кошту лячэння за кошт памяншэння ўскладненняў медыкаментознага лячэння (няправільны выбар лекавых сродкаў, ускладненні ад іх сумеснага выкарыстання, пабочных эфектаў), выключае дубліраванне водпуску лекавых сродкаў для аднаго пацыента і падробку льготных рэцэптаў. Па-трэцяе, эканоміць час доктара на выпіску рэцэптаў, асабліва з улікам магчымасці падаўжэння дзеяння электроннага рэцэпта, дазваляе пазбегнуць лішніх наведванняў паліклінікі толькі з мэтай па­даўжэння дзеяння рэцэпта, а таксама забяспечвае правядзенне рознага роду аналізу.

*  *  *

– За ліпень 2018 года выпі­сана 800 электронных рэцэптаў, — адзначае намеснік загадчыка Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 14 Галіна Маліч. – У нас абслужана толькі 183 такія рэцэпты. За 9 дзён жніўня выпісана 195 электронных рэцэптаў, з іх 5 – ільготных, абслужана 88 электронных рэцэптаў, з іх 4 – ільготныя.

Трымальнікі медыцынскіх плас­тыкавых картак маюць права атрымаць скідку не толькі на лекавыя сродкі, якія выпісаны па электронным рэцэпце, але і на тыя лекавыя сродкі, якія адпускаюцца без рэцэпта ўрача.

Дарэчы, скарыстацца электронным рэцэптам, які выпісаны Маларыцкай ЦРБ за поўны кошт, можна на тэрыторыі ўсёй рэспублікі.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 18
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!