«Не хлебом единым…» Сёстры библиотекари из Малориты

Родныя сёстры Люд­­міла Андраюк і Ірына Андрайчук свой лёс звязалі з кнігамі. Людміла Ана­тольеўна цяпер працуе біблія­тэкарам СШ №1, Іры­на Анатольеўна – біб­ліятэкарам СШ №2 Маларыты.

Фото райгазеты «Голас часу»

– У нашым родзе ніколі бібліятэкараў не было, – кажа Людміла Андраюк. – нашы продкі шчыравалі на зямлі і моцна былі звязаны з ёй. У дзяцінстве я і сястра марылі пра розныя прафесіі і кожная з нас свой шлях выбірала сама. Так склаліся жыццёвыя абставіны, што я бібліятэкарам працую ўжо 41 год, а сястра Ірына – 30.

Дзяўчаты Людміла і Ірына, розніца ва ўзросце якіх некалькі гадоў, раслі непадобнымі адна на адну. Зацікаўленасці таксама былі розныя. Старэйшая,  Людміла пас­ля заканчэння шко­­­­­лы ма­рыла стаць нас­таўніцай, аднак не прай­шла ў ВНУ па конкурсе і пайшла вучыцца ў кааператыўнае вучылішча. Працавала спачатку прадаўцом, затым – бухгалтарам.

Малодшая, Ірына, трыз­ніла медыцынай. Але туды, куды падала дакументы, таксама не паступіла…

Аднак было і тое, што сясцёр аб’ядноўвала. Гэта любоў да кнігі. Чыталі Людміла і Ірына заўсёды многа і з задавальненнем. Павагу да кнігі выхавала маці, якая часта чытала дочкам казкі Ганса Андарсана.

Пасля няўдалай спробы паступлення Ірына Андрайчук уладкавалася на працу ў аддзел камплектавання Маларыцкай ЦБС і паступіла вучыцца ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Тады гэта была адзіная ў рэспубліцы ўстанова, якая рыхтавала біб­ліятэкараў.

– Канец 80-ых – пачатак 90-ых мінулага стагоддзя – нялёгкі час, – успамінае Ірына Анатольеўна. – У пошуках лепшай долі рызыкнула нават памяняць прафесію: уладкавалася на службу ў вайсковую часць, але  яе ў хуткім часе расфарміравалі. Зноў узнікалі думкі: куды пайсці працаваць? Вырашыла вярнуцца ў бібліятэку. У 1993 годзе ўладкавалася на пастаяннае месца работы ў СШ № 2 райцэнтра. З таго часу так і працую  там бібліятэкарам.

Людміла Андраюк таксама заўсёды працавала шчыра і аддана. Аднак унутрана адчувала, што нечага не хапае. І калі ў 1977 годзе ўладкавалася на працу бібліятэкарам ў Маларцкую ЦБС, адчула, што гэта тое, да чаго заўсёды імкнулася душа. Праз некаторы час зразумела, што каб стаць кваліфікаваным спецыялістам, неабходна адпаведная адукацыя. Таму паступіла вучыцца ў Мінскі  інстытут культуры.

За плячыма Людмілы Андраюк і Ірыны Андрайчук багаты прафесійны вопыт. Жанчыны прыз­наліся, што кожны дзень яны з радасцю і задавальненнем ідуць на работу. А калі выпадае вольная хвіліна, яны, як і ў дзяцінстве, чытаюць кнігі, бо ўпэўнены, што людзі перастаюць думаць, калі перастаюць чытаць.

–Люблю, калі ў біб­ліятэку прыходзяць вучні, заўсёды чакаю іх з нецярпеннем, – гаворыць Людміла Андраюк. – Іх усмешкі, жаданне пагартаць кнігі, газеты, ча­сопісы, пазнаёміцца з навінкамі настройваюць на пазітыўны лад.

Каб больш зацікавіць вучняў чы­таннем і заняць іх вольны час, бібліятэкары-сёстры пастаянна прыдумваюць нешта новае, праводзяць розныя мерапрыемствы, ладзяць выставы, прэзентуюць новыя выданні.

–Бываюць моманты, калі здаецца, што нібы мяняю род дзейнасці, – кажа Ірына Андрайчук. – Адчуваю сябе не толькі бібліятэкарам, а яшчэ і выкладчыкам, псіхолагам, перакладчыкам і проста добрым сябрам, дарадцам. А калі па шчырасці,  то на пытанне “Ці памяняла б цяпер прафесію?” з упэўненасцю адказала б, што не. Для мяне бібліятэка – гэта “аптэка” для душы.  Кнігу  неабходна любіць і чытаць “ужывую”, бо яна  як Біблія для чалавека.

Мікалай Навумчык.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!