«Вот это были времена!» За сбыт самогона — до 5 лет лишения свободы! (Малоритский район)

Падарожжа ў мінулае: аб чым калісьці пісалі ў раённай газеце Маларытчыны, якая выходзіла ў свой час пад рознымі назвамі.

“Знамя Победы”, верасень 1952 года. “Раёнка” ўздымае пытанне добраўпарадкавання Маларыты. Газета піша: “Трэці год “добраўпарадкоўваецца” парк. Аднак няма ў ім пакуль чысціні і парадку. Парк існуе, можна сказаць, толькі на паперы… Непадалёк ад пасялковага Савета пачынаецца вуліца Свабоды. Але на ёй шмат смецця. У непрыглядным выглядзе таксама знаходзяцца вуліцы Беластоцкая і Камсамольская. Шмат выбоін ёсць ля вакзала. Антысанітарыя і на калгасным рынку…”

“Сцяг Перамогі”, верасень 1959 года. Газета на працягу месяца знаёміць чытачоў з важнейшымі палітычнымі падзеямі, якія адбываліся ў СССР. “Раёнка” паведамляе, напрыклад, пра заяву Савецкага ўрада аб аднабаковым спыненні СССР выпрабаванняў ядзернай зброі, аб запуску Савецкім Саюзам 12 верасня касмічнай ракеты да Месяца, аб сустрэчы М.С.Хрушчова з прэзідэнтам ЗША Д.Эйзенхауэрам. На сваіх старонках газета друкуе пастанову ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР і ВЦСПС “Аб тэрмінах завяршэння пераводу на скарочаны рабочы дзень і ўпарадкавання зарабатнай платы рабочых і служачых”, Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР “Аб умацаванні барацьбы з п’янствам і самагонаварэннем”. Ва Указе, напрыклад, гаворыцца, што з’яўленне у п’яным выглядзе, а таксама распіццё спіртных напояў у грамадскіх месцах, на вуліцах, у парках, стадыёнах караецца штрафам у памеры да 100 рублёў. Парушальнікі парадку таксама могуць падвяргацца мерам грамадскага ўздзеяння арганізацыямі, прадпрыемствамі, установамі або таварыскімі судамі. За выраб самагону парушальнікі падвяргаюцца штрафу ў памеры да 500 рублёў з наступным абмеркаваннем дзеянняў парушальніка па месцы працы. Збыт самагону, а таксама апаратаў для самагонаварэння караюцца па прыгавору суда пазбаўленнем волі на тэрмін ад 1 да 5 гадоў.

“Сельскае жыццё”, верасень 1965 года. “У гарадскім пасёлку па вуліцы Савецкай пачаліся работы па ўзвядзенні тыпавой сярэдняй школы на 964 месцы. Яна будзе здадзена ў эксплуатацыю да наступнага навучальнага года”.
“Маларыцкі кульмаг за першае паўгоддзе 1965 года прадаў насельніцтву 65 тэлевізараў, 53 радыёлы і радыёпрыёмнікі, 26 матацыклаў і матаролераў, 98 веласіпедаў і матапедаў”.
Газета таксама друкуе зварот вучняў Вялікарыцкай СШ да ўсіх школьнікаў раёна: “Імкнучыся аказаць дапамогу калгасу па нарыхтоўцы грубых кармоў, вучні нашай школы вырашылі ў верасні нарыхтаваць 40 тон галінкавага корму для грамадскага пагалоўя сельгасарцелі “ХХІІ з’езд КПСС”. Выкарыстоўваючы галінкавы корм, выдача сена зніжаецца з двух кілаграмаў да 0,5 кілаграма. Такім чынам, у калгасе будзе створаны рэзерв сена, які спатрэбіцца для павелічэння сутачнай нормы грубага корму для маладняку буйной рагатай жывёлы. Звяртаемся да ўсіх школьнікаў раёна з заклікам уключыцца ў спаборніцтва па нарыхтоўцы галінкавага корму. Заклікаем кожнага вучня нарыхтаваць яго не менш за два цэнтнеры”.
“У Забалацце перастаў хадзіць аўтобус. Справа ў тым, што паміж вёскамі Лукава і Забалацце паламаліся масты. Аўтобус жа не мае спецыяльнага прыстасавання, каб пералятаць іх. Выхад адзін: рамантаваць неабходна масты. Але аб гэтым чамусьці не думае праўленне калгаса “Чырвоны партызан”.
“26 верасня на пасялковым стадыёне адбылася фінальная гульня па футболе на прызы раённай газеты. У ёй сыгралі мацнейшыя каманды Маларытчыны: “Бальшавік” і “Новы шлях”. З лікам 3:0 выйгралі футбалісты з “Новага шляху”.

“Сельскае жыццё”, верасень 1971 года.
Значнае месца на старонках газеты па-ранейшаму займаюць матэрыялы на сельскагаспадарчую тэматыку. Напрыклад, “раёнка” паведамляе, што “1 верасня ў гаспадарках раёна пачалася сяўба азімых культур. Аптымальны тэрмін завяршэння сяўбы – 20 верасня. Да гэтага часу неабходна калгасам і саўгасам пасеяць 9420 гектараў”.
Значную ўвагу “Сельскае жыццё” надае пытанням партыйнага і камсамольскага жыцця, весткам з калгасаў, а таксама матэрыялам пад рубрыкай “Насустрач 54-й гадавіне Вялікага Кастрычніка”.
Газета пастаянна інфармуе чытачоў і аб рашэннях, якія прымае мясцовая ўлада. Напрыклад, “З мэтай паляпшэння работы па ўкараненні ў быт савецкіх людзей новых грамадзянскіх абрадаў, выканкам Савета дэпутатаў працоўных стварыў новую камісію. Старшынёй яе зацверджаны намеснік дырэктара СПТВ №11 Г.Ф. Струнец”.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 2
  • 29
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!