Приходите в Центр народного творчества, там многому научат! (Малорита)

— Ого, тут нават хлопчык ёсць! – здзівілася, калі прыйшла ў клуб бісерапляцення, які дзейнічае ў раённым Цэнтры народнай творчасці.

Данілу Піліпчуку 9 гадоў, і ён у гэтай справе “навічок”. Убачыў вырабы сваіх аднакласніц і вырашыў паспрабаваць.

— А што? Гэта нескладана, але патрабуе ўседлівасці. Атрымліваецца вельмі прыгожа, — заўважае ён.

Дзяўчынкі паказваюць свае вырабы і расказваюць, што на адну кампазіцыю затрачваецца каля месяца. У асноўным усё, што яны робяць, дораць родным на розныя святы. Займаюцца адзін раз у тыдзень дзве гадзіны.

У цэнтры творчасці 5 работнікаў, і ўсе яны майстры народных рамёстваў. Тут мноства напрамкаў дзейнасці: саломапляценне, вышыўка, ткацтва і бісерапляценне. Працуе ўсяго 7 клубаў (2 дарослых, 5 дзіцячых), у якіх займаюцца 48 чалавек. Для навучання абсталяваны тры класы.

— У нас дзейнічае клуб па рабоце з прыродным матэрыялам. З падручных сродкаў атрымліваецца сувенірная прадукцыя. Дадаюць туды і нацыянальны арнамент, — праводзячы экскурсію, распавядае дырэктар Цэнтра  Валянціна Мікалаеўна Струнец.

Заходзячы ў раённы Цэнтр народнай творчасці нібы трапляеш у старажытную краіну з прыгожымі нацыянальнымі касцюмамі, ткацкімі станкамі, вырабамі з саломкі…

— Маларытчына адрозніваецца ад усіх народным касцюмам, брэнд раёна – затканая знізу да верху арнаментам спадніца. Адметная рыса маларыцкай спадніцы – трайны бардзюр (дзве палоскі арнаменту сатканы больш вузка, пасярэдзіне ідуць палоскі больш шырокія, а далей арнамент можа быць і зусім іншы), — адзначае Валянціна Мікалаеўна.

У 2011 годзе тут была адноўлена старажытная тэхналогія ткацтва, якую страцілі яшчэ ў 19 стагоддзі!

Вопратку у Цэнтры народнай творчасці шыюць такую, каб хацелася насіць сучаснай моладзі.

— Нашы продкі не проста ткалі, вышывалі, але тканым узорам яшчэ і абаранялі сябе, сваіх родных ад уз­дзеяння знешніх сіл. Асноўны бардовы колер – колер упэўненасці, энергіі… У касцюмах арнамент быў ля грудной часткі, на рукавах, на поясе, — працягвае свой расказ дырэктар Цэнтра. Вось так па адзежы, розных вырабах можна даведацца шмат цікавага пра свой народ і нацыянальную культуру. Таму трэба рабіць усё магчымае, каб захаваць спадчыну для будучых пакаленняў!

Ірына ШЛОЙДА, студэнтка БрДУ імя А. С. Пушкіна.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!