Кастрычнік: прыкметы па днях месяца (Маларыцкі раён)

Кастрычнік – дзясяты месяц Грыгарыянскага календара, які складаецца з 31-го дня. Назва яго паходзіць ад слова “кастрыца” (кастра) — адходы ад перацірання сцяблоў валакністых раслін. У гэты час сяляне часалі, трапалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастры. Народнае найменне месяца падаецца ў выданнях Ф. Скарыны як листопад, а ў “Храналогіі” А. Рымшы (1581) згадваецца як паздерник. Назва, якая ўжываецца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты “Наша ніва” і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары “Нашай нівы” былі змешчаны прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі.

Кастрычнік характарызуецца зменлівым надвор’ем: то бываюць густыя туманы, слата, частыя замаразкі, а то часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птушкі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх уцяпленне. Селянін трапна заўважаў: калі ў кастрычніку ліст з бярозы і дуба ападзе нячыста (не ўвесь), то будзе суровая зіма; калі ў кастрычніку гром, то зіма будзе без снегу; вярба рана інеем пакрылася – да доўгай зімы; калі шмат арэхаў, а грыбоў няма, то зіма будзе снежная і суровая; калі краты ў свае норы носяць шмат саломы – зіма будзе халоднай. Ад першага снегу да саннага шляху — шэсць тыдняў.

Народны каляндар месяца небагаты. Яго асноўнае свята – Пакровы. У скарбніцы сялянскай мудрасці ёсць прыкметы, па якіх вызначаецца надвор’е як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін – зіму і вясну. Народныя метэаралагічныя веды грунтаваліся на шматгадовых назіраннях за з’явамі прыроды.

Прыкметы па днях месяца

  1. Калі да гэтага дня жураўлі адляцяць, то на Пакрову (14 кастрычніка) трэба чакаць першага марозу, а калі не, то і да 2 лістападу не будзе замаразкаў.
  2. Калі ў гэты дзень вецер паўночны – на холад, паўднёвы – на цяпло, заходні – на дождж, усходні – на сухое надвор’е. Калі ж раніца туманная, цёплая, ляціць павуцінне — да спрыяльнай восені і няхуткага снегу. Калі вецер дуе з поўдня, то будзе добры ўраджай азімых.
  3. Якое надвор’е ў гэты дзень, такім яно будзе яшчэ чатыры тыдні.
  4. Калі з бярозы лісце не апала, снег ляжа позна.
  5. Калі ў гэты дзень выпаў першы снег, то зіма ўсталюецца на Міхайлаў дзень (21 лістапада). Калі ідзе сухі снег, то лета будзе добрым (ураджайным).
  6. Дзень памяці апостала і евангеліста Іаана Багаслова. Гэты дзень – мяжа ўсім шанаванням дбайнага земляроба, бо зямля атрымлівае за свае дары нябеснае благаславенне на спакой да самае вясны. Няўпраўнасць гаспадара дакаралася ў народзе: “Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты добрага слова”. Галоўнай жа прыкметай дня быў пачатак восеньскіх вяселляў – свацці і жаніхі дамаўляліся пра дзяўчат на выданні.
  7. Пакровы (Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Трэцяя Прачыстая). Хрысціянскае свята ўстаноўлена ў памяць славутай падзеі, якая адбылася ва Улахернскім храме ў Канстанцінопалі ў 910 годзе. У час малення вернікаў у храме аб выратаванні горада ад нашэсця сарацынаў святы Андрэй убачыў Божую Маці, якая пакрывала сваім амафорам хрысціян, якія маліліся, абараняючы іх ад бачных і нябачных ворагаў. На наступны дзень горад быў выратаваны. Таму ў народным уяўленні свята атаясамліваецца з дзеясловам “пакрываць”.

Прыкмячалі: якія Пакровы, такая і зіма: вецер з поўначы — да халоднай зімы, з поўдня — да цёплай, з захаду — да снежнай, пры пераменным ветры і зімы быць нясталай. Калі на Пакровы зямля не схаваецца пад снегам, то і Каляды пройдуць без снегу. Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні. Калі ад Пакроваў да свята Усіх Святых краты зямлю точаць, то зіма будзе снежная і марозная. Калі вавёрка да Пакроў  чыста вылінялая, то зіма будзе добрая. Калі дажджлівы дзень — на наступны год пчолы збяруць багата мёду. Калі ж з раніцы задзьме ўсходні вецер — зіма будзе маласнежная, заходні — наадварот, вельмі снежная.

Пакровы заўсёды чакалі, бо ў гэты час было менш работы. Пакровы – гэта свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Сяляне да гэтага дня стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. У гэты дзень уся хатняя жывёла пераводзілася на стойлавае ўтрыманне. Яе на пашу больш не выганялі. Гаспадары расплочваліся з пастухамі. Звычайна яны наймаліся пасвіць жывёлу ад Юр’я да Пакроў. У народзе казалі:  “На Пакровы дай сена карове”, “Прыйшла Пакроўка – не дала малака кароўка” (гэта значыць запускаецца); не пакрые зямлю лістом, а пакрые снегам”.

Ад Пакровы жанчыны пачыналі апрацоўваць лён. Трэба было аддзяліць валакно ад  кастрыцы.

На Пакровы ў многіх мястэчках і вёсках праводзіліся так званыя гадавыя кірмашы, куды з’язджаліся з усяго наваколля. Каля храмаў або на плошчах ладзіліся вялікія ўрачыстасці. Падчас іх можна было набыць садавіну, гародніну, а таксама неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Таксама праводзіліся танцы, гульні, дзякуючы якім хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць знаёміцца паміж сабой. Такім чынам адбывалася складанне пар для будучых шлюбаў.

Наступала пара асенніх вяселляў. Дзяўчаты збіралі ў фартух лісце і пасля вытрасалі з прыполу: куды вецер панясе – туды і замуж ісці. Звычайна да Пакровы сваталі дзяўчат. Ад Пакроў да Піліпаўскага  посту (пачынаецца 28 лістапада)  у кожным родзе спраўлялі дзецям вяселлі. Таму невыпадкова ў народзе казалі: “Свята Пакровы, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”, “Пакрова – дзеўка гатова”, “Пакрова прыйшла – дзеўка замуж пайшла”. Калі на Пакровы ветрана — будзе вялікі попыт на нявест.

Пасля Пакроў моладзь пачынала збірацца у тую ці іншую хату на вячоркі.

  1. Калі рогі месяца паказваюць на поўдзень – будзе позняя зіма, на поўнач – суровая.
  2. Дзень памяці апостала Лукі. Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі.

 

Сказана як звязана

 У кастрычніку снег — толькі на грэх.

 У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.

 Кастрычнік зямлю балоціць, а лес — залоціць.

 У кастрычніку ні на колах, ні на санях.

 

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.