Арэхаўскі супермаркет

Не паверыце, але для таго, каб разлічыцца за куплены тавар, нам з калегамі давялося стаяць у чарзе хвілін 15-20, калі не больш. Прадавец Валянціна Бягеза і загадчыца магазіна Людміла Заруцкая абслугоўвалі пакупнікоў на дзве касы і ледзьве паспявалі. Зрэшты, у арэхаўскім магазіне заўсёды было шмат пакупнікоў, а цяпер — тым больш. Пасля рэканструкцыі, якая завяршылася ў снежні мінулага года, магазін працуе па прынцыпу самаабслугоўвання, што вельмі падабаецца пакупнікам. Адна з жанчын жартам заўважыла: “Цяпер можна самому ўзяць тавар і, як кажуць, памацаць яго сваімі рукамі, пераканацца, свежы ён ці не”.
Між іншым, у арэхаўскім магазіне тавар заўсёды свежы, бо на прылаўках нішто не залежваецца. А раскупленае рэгулярна замяняецца новым, свежым.
Як пераканаліся, цяжка знайсці тавар, якога б у магазіне не было. Асартымент – вельмі багаты. А якая выкладка тавараў! Яна эстэтычна цешыць вока пакупніка, і ў той жа час рэкламуе тавар. Уся неабходная інфармацыя – на бачным месцы. Да паслуг пакупнікоў і камера захоўвання. Але найбольш вабіць арэхаўцаў так званы чалавечы фактар: у магазіне працуе дружны, зладжаны калектыў на чале з загадчыцай Людмілай Заруцкай. Многія з пакупнікоў, з якімі мы гутарылі, шчыра хвалілі Людмілу Андрэеўну, тлумачачы, што забяспечанасць магазіна таварамі, прычым своечасова і ў багатым асартыменце – гэта, вядома ж, заслуга загадчыцы магазіна.
— Як доктар бывае ад Бога, — гаварыла сярэдніх гадоў жанчына, — так і наша загадчыца — работнік прылаўка ад Бога.
Чым найбольш падабаецца вяскоўцам магазін – у гэтым яны прызнаваліся самі:
Любоў Вітаноўская, пенсіянерка:
— Галоўнае тое, што не трэба ехаць куды-небудзь за пакупкамі, бо ў нашым магазіне можна купіць усё неабходнае. На 120 тысяч я сёння атаварылася, купіла ўсё, што трэба было.
Ніна Жох, работніца дзіцячага садка:
— Я думаю, што не ўсе з тавараў, якія ёсць у нашым магазіне, знойдзеш у гарадскіх. Прычым, многія з тавараў у багатым асартыменце: гэта і хлеб, і каўбасныя вырабы, і “кандытарка”, і сокі, напоі, і інш.
Вольга Луцык, работ­ніца мясцовага ФАПа:
— У нашым магазіне мне падабаецца ўсё: і работнікі яго, і тое, як яны абслугоўваюць, і багаты асартымент, і што тавар заўсёды можна купіць свежы. Вось толькі б цэны на гэтыя тавары не былі такімі высокімі.
Аркадзь Бягеза, 6-класнік мясцовай школы:
— У магазін заўсёды іду з вялікай ахвотай. Тут можна купіць усё: ласункаў багаты выбар, якія мы вельмі любім. Да прыкладу, марожанае, цукеркі, напоі, сокі, вада мінеральная.
…Прыехаўшы ў рэдакцыю, патэлефанавала ў райспажыўтаварыства. І тут пацвердзілі, што арэхаўскі магазін сапраўды адзін з лепшых у раёне. Работнікі яго пастаянна выконваюць план тавараабароту, не баяцца, так сказаць, тавараў, не баяцца браць навінку, бо ведаюць, што любы тавар заўсёды знойдзе свайго пакупніка. І менавіта таму, што яны самі ўмеюць яго прапанаваць. А старшыня райспажыўтаварыства Алена Цімашэнка дала такую ацэнку: у Арэхаве вельмі моцны калектыў, які стараецца працаваць для пакупніка. Відаць, і гэтым ён яго «бярэ».
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дружны калектыў арэхаўскага магазіна ў складзе Валян­ціны Бягеза, Людмілы Заруцкай і Таццяны Карабейка.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!