Праваслаўны дзень закаханых

У праваслаўным календары ёсць свой Дзень закаханых. Ён адзначаецца 8 ліпеня і лічыцца яшчэ днём сям’і, любові і вернасці.
-Узнікненне гэтага свята, — расказвае Ірына Андрайчук, настаўніца Нядзельнай школы пры Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты, — звязана з гісторыяй святых мужа і жонкі Пятра і Феўроніі Мурамскіх. У праваслаўных вернікаў яны з’яўляюцца ахоўнікамі шлюбу.
Князь Пётр быў другім сынам Мурамскага князя Юрыя Уладзіміравіча. Ён стаў кіраваць княствам у 1203г. Некалькі гадоў да гэтага Пётр захварэў на праказу, ад якой ніхто не мог вылечыць. Аднойчы князю прыснілася, што яго можа пазбавіць ад пакут дачка пчаляра Феўронія. Яна была мудрай, прыгожай, добрай. Дзяўчыну слухаліся нават дзікія жывёлы. Яна добра ведала асаблівасці траў і ўмела лячыць розныя немачы. Князь паабяцаў ажаніцца з ёю пасля выздараўлення. Феўронія вылечыла Пятра, аднак той свайго слова не стрымаў. Хвароба ўзнавілася. Пасля дзяўчына другі раз вылечыла князя. Маладыя ўзялі шлюб. Ганарлівыя баяры не захацелі, каб іх князёўна паходзіла з сялян. Таму запатрабавалі, каб Пётр адпусціў яе. Князь катэгарычна адмовіўся гэта зрабіць. Пятра і Феўронію выгналі з горада. Неўзабаве ў Мураме настаў цяжкі час. Змагаючыся за вольны прастол, пачалося братазабойства. Адумаўшыся, баяры склікалі раду і вырашылі пасадзіць на яго Пятра. Князь вярнуўся разам са сваёй жонкай. Хутка Феўронія змагла ў гараджан заслужыць павагу і любоў.
Пад канец свайго жыцця Пётр і Феўронія прынялі манаскі пострыг у розных манастырах пад імёнамі Давід і Еўфрасіння. Дзеля свайго вялікага кахання, яны прасілі ў Бога літасці памерці ў адзін дзень і час. Князь і князёўна таксама завяшчалі, каб іх пахавалі ў адной труне, якая была падрыхтавана загадзя з аднаго каменя, раздзеленага тонкай перагародкай. Па малітвах святых адбылося так, як яны прасілі.
Святыя Пётр і Феўронія з’яўляюцца ўзорам хрысціянскага шлюбу. Сваімі малітвамі яны спасылаюць нябеснае благаславенне на тых, хто шукае шчасця ў сумесным жыцці. Хто з вераю звяртаецца да Пятра і Феўроніі, той і атрымлівае тое, што шчыра прасіў. А просяць – жаніхоў і нявест добрых і прыгожых, умацавання сямейных адносін і дабрабыту, шчаслівага, доўгага і трывалага шлюбу, аб дараванні дзяцей.
На здымку: абраз святых Пятра і Феўроніі Мурамскіх.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Праваслаўны дзень закаханых: 1 комментарий

  • 14.09.2011 в 10:49 пп
    Permalink

    Святые Пётр и Феврония — покровители семейного очага, а не влюблённых. Сегодня влюблюсь в одну, завтра — в другую, а где же ЛЮБОВЬ и ЖЕРТВЕННОСТЬ? Такие ошибки в просвещении допускать нельзя. Читайте внимательнее жития святых.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!