Народны каляндар: лістапад — прыкметы па днях месяца (Маларыцкі раён)

У выданнях Францыска Скарыны падаецца народная назва лістапада – “груден” (ад слова “груды” ў значэнні “замёрзлая зямля”).Яна таксама згадваецца ў “Храналогіі” Андрэя Рымшы (1581). Назва,  якая ўжываецца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове,  узнікла ў асяроддзі газеты “Наша ніва”. Яна набыла канчатковую фор­му ў 1912 г. Сучаснае беларускае най­менне «лістапад» тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў.

За ўстойлівае непа­год­­лівае надвор’е месяц лістапад называлі яш­чэ “мачарэц” (ад стара­жыт­нарускага слова “ма­ча”, якое азначала “даж­джлівае надвор’е”). У царкоўнаславянскай гэтае слова мела яшчэ і значэнне “балота”, а ў славенскай –“непагадзь”. У лістапада ёсць і іншыя старажытныя назвы, якія адносяцца да зімовай пары, якая надыходзіла: ледзень, лёдавы каваль, лёдастаў, паўзімнік, пя­рэдаднік зімы, снегавей, вароты зімы.

Надвор’е ў лістападзе звычайна няўстойліва-сцюдзёнае. Цяжкія свін­цовыя хмары закрываюць сабой гарызонт, дзьме пранізлівы вецер, зрываецца дождж. Дзень і без таго нядоўгі, а ад непагадзі здаецца яшчэ карацейшым. Акрамя гэтага, ночы, пазбаўленыя з-за хмар зорнага ззяння, да з’яўлення снежнага покрыва самыя цёмныя. “Прыцемкам года” называлі нашы продкі лістапад. Частыя працяглыя дажджы ператваралі дарогі ў непраходныя балоты. За гэта адзінаццаты месяц года нашымі прод­камі быў празваны “без­дарожнікам”.

Як звычайна, назіранні селяніна ў лістападзе накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх ён вызначае будучае надвор’е. Напрыклад: неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з’явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж  кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчымы нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх,  няхай сабе і ў непагадзь, хутка надвор’е наладзіцца. Куры рана сядаюць на седала – маразы наступаюць, і чым вышэй узбіраюцца хахлаткі, тым мацнейшы мароз ударыць. Месяц у бляклую дымку захутваецца – на працяглую непагадзь. Калі снег выпадзе на зям­лю, якая замерзла, то можна чакаць добры ўраджай збожжавых.

Прыкметы па днях месяца

  1. Ушанаванне Казанскай іконы Божай Маці. За гэтым днём замацаваліся такія народныя назіранні. Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег. На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. Што Казанская пакажа, тое і зіма скажа.
  2. Дзень памяці вяліка­мучаніка Дзмітрыя Салунскага. Змітраў дзень, у які нашы продкі не пралі, не ткалі і ў полі не працавалі, параўноўваюць у прыродных прыкметах з Вялікаднем і іншымі святамі. Змітрок па снегу – і Вялікдзень па снегу, а Змітрок “голы” – і Вялікдзень таксама. Калі дзень  халодны і снежны, то вясна будзе позняй і халоднай, а калі адліга, то зіма і вясна будуць цёплымі.
  3. Калі ідзе дождж, то на Каляды будзе трымацца лёд, а пазней – наступіць мокрае лета. Гаварылі, што калі ў гэты дзень мядзведзь кла­дзецца ў бярлогу і пачынае смактаць лапу, то на Стрэчанне – пераварочваецца і смокча другую лапу, а на Благавешчанне – выходзіць з бярлогі. У гэты дзень вяскоўцы пачыналі стрыгчы авечак.
  1. Першае масавае з’яўленне сiнiц, снегіроў, соек каля дамоў. Гэта прыкмета таго, што надыходзяць вялiкiя халады.
  2. Калі ў гэты дзень выпадае снег, то зіма бу­дзе снежная.
  3. Калі на дарозе снег пагоркам лажыцца, то пагоркам ляжа і хлеб. Калі лёд на рэчцы грудамі мерзне, будуць груды хлеба, а калі гладкі лёд утвараецца, то хлеба не будзе.
  4. Дзень памяці ар­хістраціга Міхаіла. Калі на Міхайлаў дзень сцісне мароз, то ў Міколаў дзень адпусціць. Калі Міхайла ў снягу, то і Вялікдзень у снягу, а як не – дык і не.
  5. Дзень нараджэння блажэннай Матроны Маскоўскай. З гэтага дня зiма ўстае на ногi, настаюць маразы. Калі на Матрону шэрань на дрэвах, то будуць маразы, калі туман – чакай адлігі. Снежнае надвор’е – да непагоды ў маі, іней – да ўраджаю аўса, дождж – да ўраджаю пшаніцы.
  6. Калі ў гэты дзень холадна, чакай сцюдзёную зіму, а калі адліга – будзе позняе лета.
  7. Калі ідзе дождж або снег, то ажно да Грамніц зацягнуцца адлігі.
  8. Піліпаўка (Каляд­ны, Піліпаўскі пост). Шас­цітыднёвы перадкалядны пост, які пачынаецца 28 лістапада і заканчваецца 6 студзеня. У гэтую пару не елі скаромнага, не рабілі вяселляў. Дзяўчаты хадзілі на вячоркі. Гаварылі: “У Піліпаўку дзень да палудня”. Заўважалі, калі на Піліпаўку надвор’е хмарнае або снежнае, то май будзе мокры. Гэтая зімовая пара пе­раклікаецца з адпаведнай вясноваю: “Калі добрае надвор’е будзе ў Піліпаўку, то добрым будзе і ў Пятроўку”. Як у Піліпаўку навісь на дрэвах, то будзе ураджай на хлеб. Лічылася, што ў Піліпаўку збіралася “воўчае вяселле”, хадзілі ваўкі зграямі.

Сказана як звязана

 У лістападзе гола ў садзе.

 Лістапад зіме сцежку пракладае.

 Лістапад-паўзімнік: му­жык з калёсамі раз­вітваецца, у сані пера­біраецца.

 Калі ў лістападзе гры­міць,  араты вясну сніць.

 Лістапад снегу навее – хлеба прыбудзе, а вада разальецца – сена набярэцца.

Падрыхтаваў Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!