“ЮНЫ СЯБАР ПАГРАНІЧНІКА”

Праверкай падрыхтоўкі юнакоў школ горада і раённай гімназіі да будучай армейскай службы стала традыцыйная гарадская ваенна-патрыятычная гульня “Юны сябар пагранічніка”. Арганізавалі яе аддзел пагранічнай службы “Маларыта”, раённы камітэт ГА “БРСМ”, аддзел па справах моладзі і раённы аддзел адукацыі.
Пачалася гульня са знаёмства са службай у пагранічных войсках. Юнакі паглядзелі відэафільм аб дасягненнях 86-й Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф. Дзяржынскага, пазнаёміліся з новымі ўмовамі, у якіх нясуць службу салдаты тэрміновай службы аддзела пагранічнай службы “Маларыта”. Асабліва ўразілі юнакоў наведванне гадавальніка для сабак і паказальныя выступленні пагранічнікаў з іх вернымі чатырохногімі сябрамі. Адзін з юнакоў выказаў жаданне выступіць у ролі затрыманага і на сабе адчуў, наколькі падрыхтаваны пагранічныя сабакі да пошуку і затрымання парушальніка дзяржаўнай мяжы.
У тэарэтычнай частцы конкурсу юнакі разам з пагранічнікамі трэніраваліся ў разборцы і зборцы аўтамата, вучыліся правільна апранаць агульнавайсковы абаронны камплект, знаёміліся з тэхнічнымі сродкамі, якімі карыстаюцца ў сваёй рабоце пагранічнікі.
Практычная частка конкурсу, што дазволіла ацаніць фізічную падрыхтоўку юна­коў, прахо­дзіла ўжо на тэрыторыі раённай гімназіі. Дзякуючы раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ удзельнікі ваенна-патры­ятычнай гульні змаглі праверыць сваю трапнасць у стральбе. Лепшым тут быў Яўген Ляўчук з другой гарадской школы. Спаборнічалі юнакі таксама ў падцягванні на перакладзіне і комплексным сілавым практыкаванні. Вучні СШ № 2 Павел Смірноў і Міхаіл Касцючык у гэтых конкурсах паказалі сябе мацнейшымі. Уменне калектыўна пераадольваць цяжкасці, падтрымліваючы адзін другога, дэманстравалі юныя сябры пагранічнікаў у эстафеце. Усё, чаму вучыліся юнакі ў час тэарэтычных заняткаў, трэба было прымяніць на практыцы: за лічаныя секунды разабраць і сабраць аўтамат, апрануцца ў ахоўны касцюм, перайсці па купінах імправізаванае балота, перанесці ў небяспечнае месца параненага, хутка і ўмела пераадолець паласу перашкод.
Стараліся, як адзначалі прадстаўнікі журы, усе тры каманды. Але самыя лепшыя вынікі паказалі юнакі з другой гарадской школы. Яны і забралі да сябе пераходны Кубак гульні “Юны сябар пагранічніка”, які ўжо не адзін год знаходзіўся ў раённай гімназіі. А яшчэ атрымалі Грамату раённага камітэта ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі і, безумоўна, галоўны салодкі прыз. За актыўнасць і жаданне перамагчы дыпломамі і салодкімі прызамі былі ўзнагароджаны таксама каманды раённай гімназіі і СШ № 1.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!