Директорский хлеб Ивана Наврося из Збуража (Малоритский район)

На Збураж  паволі  апускаецца змрок. На школьным двары змаўкаюць дзіцячыя галасы і становіцца ціха.  Цішыня пануе ў калідорах, настаўніцкай і кабінетах. І толькі асенні вецер ледзь чутна стукае ў акно апалым лісцем і час ад часу адцягвае ўвагу ад справы. Іван Наўрось, дырэктар Збуражскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, любіць такі вечаровы час, калі пусцее школа. Вось і зараз Іван Васільевіч  схіліўся над сталом. Цяпер можна  падумаць, грунтоўна ўзважыць, скарэкціраваць планы. Аднак чарговы парыў ветру адарваў дырэктара ад папер. Іван Наўрось адлажыў убок работу і падышоў да акна. Ён заўважыў, як жоўты ліст прыклеіўся да мокрай шыбы. Іван Васільевіч усміхнуўся і чамусьці ўспомніў пару  дзяцінства. 

Шмат гадоў таму ён, дзесяцікласнік, вечарам таксама сядзеў ля акна і вучыў урокі. Тады, як і зараз, за акном быў вецер. Ён перашкаджаў выконваць дамашняе заданне. У такі момант юнак абавязкова марыў пра тое, як будзе стаяць ля дошкі з крэйдаю ў руках, як будзе тлумачыць сваім вучням законы фізікі. Часта ў гэтыя мары ўпляталася і другая думка, што яму, можа, лепш стаць,  як бацька,  будаўніком… Аднак пасля доўгіх роздумаў, скончыўшы Збуражскую дзесяцігодку, ён адвёз дакументы на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Іван Наўрось усё ж такі вырашыў стаць настаўнікам фізікі. Напэўна, перамагло неадольнае жаданне пастаянных адкрыццяў, пазнання навакольнага свету, а таксама цяга да тэхнікі.

Ад арганізатара – да дырэктара

З першага дня вучобы ў інстытуце Іван Наўрось узяў за правіла не прапускаць заняткі і грунтоўна рыхтавацца да кожнага з іх.  Упартасць студэнта, яго ўседлівасць, мэтанакіраванасць хутка былі заўважаны выкладчыкамі. На трэцім курсе Іван Васільевіч ужо стаў Ленінскім стыпендыятам за выдатную вучобу. А на апошнім  курсе яму прапанавалі паступаць у аспірантуру.  Але душа ў юнака да гэтага зусім не ляжала. Яму хацелася штодзень бачыць цікаўныя вочы дзяцей і адказваць на іх шматлікія пытанні. На размеркаванні Іван Наўрось быў першым, таму мог выбраць любое месца для працы. Аднак ён аддаў перавагу Маларыцкаму раёну, плануючы трапіць на працу ў сваю ж  школу.

З дыпломам настаўніка фізікі Іван Васільевіч у 1978 годзе, акрылены рамантыкай самастойнай працы, пераступіў парог кабінета загадчыка аддзела народнай адукацыі.

“Абставіны склаліся так,  што ў роднай школе настаўнік фізікі не патрабаваўся, але я ўсё ж такі ўладкаваўся на працу ў родную школу, — гаворыць Іван Васільевіч. — Мяне “нагрузілі” гадзінамі нямецкай мовы,  а яшчэ ў адным класе далі выкладаць матэматыку.  І гэта было сапраўдным шчасцем. На работу заўсёды ішоў з радасцю і задавальненнем. Старанна рыхтаваўся да кожнага ўрока”.

Гэта цяпер у яго ўсё атрымліваецца. А напачатку была і горыч расчаравання, і нават няўдачы. Але гэта давала штуршок працаваць яшчэ лепш.

Праз год Іван Наўрось прызначаны арганізатарам пазакласнай работы, затым стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. На гэтых дзвюх пасадах ён адпрацаваў 19 гадоў. А затым па ўласным жаданні перайшоў “на гадзіны”. Выкладаў фізіку, матэматыку, інфарматыку. На працягу некалькіх гадоў кіраўніцтва аддзела адукацыі прапаноўвала Івану Васільевічу пасаду дырэктара, але ён усё не згаджаўся, знаходзіў розныя прычыны, каб адмовіцца. І толькі ў 2012 годзе нарэшце даў згоду.

Жыццё, аддадзенае ЮІР

Іван Наўрось – вядомы настаўнік не толькі на Маларытчыне, але і Брэстчыне. Акрамя шматлікіх грамат рознага ўзроўню, у скарбонцы яго дасягненняў  – нагрудныя знакі “Выдатнік народнай адукацыі БССР” (1991), “Выдатнік адукацыі” Рэспублікі Беларусь (2007).

– Іван Васільевіч,  вы таксама ўзнагароджаны і нагрудным знакам “Выдатнік ДАІ” (2001). За што яго атрымалі?

– У 1980 годзе  прыйшоў загад, у якім гаварылася, што наша школа павінна прыняць удзел у раённым злёце юных інспектараў руху. А паколькі арганізатарам пазашкольнай работы быў я, то заняцца падрыхтоўкай вучняў да спаборніцтва было даручана мне і старшай піянерважатай  Г.А.Алесік. Адсюль усё і пачалося.

ЮІРаўскі рух стаў для Івана Наўрося і сэнсам, і ладам жыцця. Гэтай справе ён аддаў 35 гадоў.

Атрад ЮІРаўцаў Збуражскай СШ пад кіраўніцтвам Івана Наўрося на першых раённых спаборніцтвах стаў лепшым. Таму збуражцам давялося абараняць гонар Маларытчыны на абласных спаборніцтвах. Аднак на іх  занялі толькі пятнаццатае месца. Дзеці не апусцілі рукі ад няўдачы. Яны вырашылі працягваць трэніравацца, каб у наступным годзе стаць першымі. Збуражскія інспектары дарожнага руху сваё слова стрымалі.

— Мы нават “перавыканалі” план на перамогі,  — усміхаецца Іван Васільевіч. — За 35 гадоў свайго існавання атрад ЮІР нашай школы столькі ж   разоў быў першым на раённых злётах, 30 – на абласных, 15 – на рэспубліканскіх. Акрамя таго, 8 разоў на рэспубліканскіх спаборніцтвах мы былі другімі. Збуражскі атрад юных інспектараў дарожнага руху ў 1999 годзе стаў лаўрэатам прэміі дзяржаўнага камітэта па справах моладзі Рэспублікі Беларусь. Атрад тройчы прымаў ўдзел ва ўсесаюзным злёце “Бяспечнае кола”. У спаборніцтвах юных веласіпедыстаў у Балгарыі збуражскія юіраўцы двойчы занялі 5-е месца. Удзельнічалі яны і ва ўсерасійскіх спаборніцтвах “Бяспечнае кола”, якія праходзілі ў Туапсэ, Тальяці і Омску. У 2006 годзе выступалі на першым злёце юных інспектараў дарожнага руху краін СНД у Маскве. А з 2006 па 2011 гады пяць разоў удзельнічалі ва ўсеўкраінскім злёце юных інспектараў дарожнага руху ў Артэку.

— Пры гэтым неабходна ўлічыць той факт, што наша навучальная ўстанова — самая звычайная, вясковая, з невялікай колькасцю вучняў.  Асаблівага адбору ў атрад не было. Працавалі з усімі, хто выказваў жаданне. Апошнюю перамогу  (другое месца) атрад ЮІР атрымаў у 2014 годзе на абласных спаборніцтвах.

Пасля гэтага па пэўных прычынах удзел у спаборніцтвах вучні Збуражскай СШ ужо не сталі прымаць.

— Трэба было даць дарогу да перамог атрадам ЮІР іншых устаноў адукацыі, — жартуе Іван Наўрось. — Усе ўзнагароды юных інспектараў дарожнага руху нашай школы, якія атрыманы за перамогі ў спаборніцтвах рознага ўзроўню, цяпер захоўваюцца ў школьным музеі.

35-гадовы ЮІРаўскі вопыт работы не стаў набыткам аднаго настаўніка, а знайшоў сваё ўвасабленне ў кнігах Івана Наўрося “Атрады ЮІР: вопыт, рэкамендацыі, карысныя парады”, “Запрашае “Святлафор”. А вопыт выхаваўчай работы адлюстраваны ў кнізе “Няхай будзе свята”. Усе яны ўбачылі свет у выдавецтве С.Б.Лаўрова (г.Брэст) і ў Брэсцкай абласной друкарні.

“Імпульс”

У творчай біяграфіі Івана Наўрося быў яшчэ і дзіцячы ўзорны агіттэатр “Імпульс”, арганізаваны ў 1982 го­дзе. Ён адразу стаў дыпламантам абласнога конкурсу агітбрыгад. Званне “ўзорны” калектыву было нададзена ў 1992 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Адзін раз у 3 гады гэтае званне “Імпульс” пацвярджаў шляхам прадстаўлення вялікай канцэртнай праграмы. Канцэрты на сцэне сельскага Дома культуры, на сцэне гарадскога Дома культуры, у гарадскім парку, на абласных “Дажынках-2010”, для працаўнікоў СУП “Савушкіна” праходзілі з вялікім поспехам і атрымлівалі станоўчыя водгукі.  Апошні раз калектыў выступаў на свяце, прымеркаваным 100-годдзю беларускай міліцыі ў сакавіку 2017 года.

Былое і думы

Тэрыторыя Збуражскай школы складае амаль 4 гектары, але на кожным кроку адчуваецца рука сапраўднага і руплівага гаспадара. З ранняй вясны да позняй восені тут вока радуюць кветкі.

Цяпер Іван Наўрось, як і раней, жыве клопатамі аб роднай школе.

–Асноўная мая задача, – гаворыць Іван Васільевіч, – стварыць камфортныя ўмовы для вучобы вучняў і працы настаўнікаў. А гэта складана.  А яшчэ я жыву надзеяй, што ў Збуражы ўсё ж такі застанецца сярэдняя школа. Пры сённяшняй сітуацыі захаваць яе статус складана, бо колькасць вучняў хоць і стабілізавалася, але застаецца на нізкім узроўні. Цяпер у 1-11 класах навучаецца 47 вучняў, а яшчэ ў нас выхоўваецца 11 дашкольнікаў. Педагагічны калектыў хоць і невялікі, але дружны і згуртаваны. Мы вучымся самі зарабляць грошы. Напрыклад, добры прыбытак дае продаж насельніцтву клубніц, бульбы ранніх гатункаў. Атрыманыя грошы ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Іван Наўрось перакананы, што ўсё ж такі збылася і яго другая дзіцячая мара,

– На канікулах па ўласным жаданні мяняю прафесію і станаўлюся будаўніком. Многія малярскія і мулярскія работы ва ўстанове адукацыі зроблены маімі рукамі і рукамі калег. Скажаце, што дырэктар не павінен гэтым займацца? Не згодзен з такой думкай. Каб дом быў утульным, неабходны пастаянны яго догляд. Трэба ўмець і падклеіць, і падмазаць, і падфарбаваць. Дырэктар у гэтым павінен паказваць уласны прыклад. Аднак адміністрацыйнымі метадамі працаваць сваіх настаўнікаў не прымушаю.

*  *  *

Іван Наўрось адышоў ад акна і нахіліўся над паперамі.  Яго зноў апанавалі думкі, цяпер яны датычыліся надзённых школьных клопатаў. Вокны вяскоўцаў пачыналі свяціцца жоўтымі агеньчыкамі. Аднак Іван Васільевіч дадому пакуль ісці не збіраўся.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Директорский хлеб Ивана Наврося из Збуража (Малоритский район): 1 комментарий

  • 23.11.2018 в 1:38 пп
    Permalink

    Я горжусь, что знакома с этим человеком! Он не только мой родственник,но и преподаватель от Бога! Это ЧЕЛОВЕК с большой буквы!

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!