В Малорите есть возможность постигать цирковое искусство

З гэтага навучальнага года, задавальняючы запыты дзяцей, у школе мастацтваў пачаў дзейнічаць цыркавы гурток “Арлекін”. Цяпер у ім займаецца 8 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Заняткі два разы на тыдзень  праводзіць Ірына Кавалеўская, настаўніца па класе харэаграфіі, кіраўнік харэаграфічнага калектыву “Задзірысты абцасік”.

— Ірына Даніілаўна, выпускніца Кобрынскай цыркавой студыі, Пінскага вучылішча мастацтваў, — асоба творчая і надзвычай працавітая, — гаворыць дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ірына Пятрухіна. — Калі яна ставіць перад сабой нейкую мэту, то абавязкова яе ажыццяўляе. Ірына Кавалеўская не адзін год ужо  ў нас выкладае асновы цыркавога мастацтва. Некаторыя акрабатычныя нумары, падрыхтаваныя дзецьмі, можна было ўбачыць падчас іх выступленняў на розных святочных мерапрыемствах у горадзе.

— Ірына Эдуардаўна, як узнікла ідэя адкрыць цыркавы гурток?

— У нашай дзіцячай школе мастацтваў для яе вучняў у вучэбным плане прадугле­джана для дадатковага навучання некалькі прадметаў на выбар. У пералік уключаны і “Асновы цыркавога мастацтва”. Многія вучні з задавальненнем наведваюць гэтыя заняткі. Аднак некаторыя дзеці, якія ў дзіцячай школе мастацтваў не вучацца, таксама выказалі жаданне  засвоіць асновы цыркавога мастацтва. Ідучы насустрач іх пажаданням, і быў адкрыты гурток на платнай аснове.

Ірына Кавалеўская расказвае, што ў праграму навучання ўключаны элементы гімнастыкі, акрабатыкі, жангліравання… Кожнае дзіця можа выбраць накірунак дзейнасці ў адпаведнасці са сваімі фізічнымі дадзенымі. Навучанне  мае індывідуальна-групавы характар.

— У Маларыце ёсць здольныя дзеці, якія з радасцю і задавальненнем займаюцца цыркавым мастацтвам, —  адзначае Ірына  Кавалеўская. — На жаль, у нас няма пакуль памяшкання для цыркавой студыі, якое б адпавядала патрабаванням бяспекі і было абсталявана ўсім неабходным.

Ірына Даніілаўна верыць, што калі-небудзь яе мара пра студыю здзейсніцца.   А пакуль яна запрашае на заняткі ў цыркавы гурток “Арлекін”.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!