Сакрэтам выпякання грачанікаў валодаюць у Брадзяціне (Маларыцкі раён)
Грачанікі, або хлеб з грэцкай мукі, пякуць толькі на Маларытчыне, ды і тое не ў кожнай вёсцы валодаюць гаспадыні майстэрствам выпякання духмяных боханаў. Старадаўні рэцэпт перадаваўся з пакалення ў пакаленне, ад маці да дачкі, ад бабулі да ўнучкі. Без грачанікаў не абыходзілася ні адна значная падзея ў жыцці той ці іншай сям’і. Хлеб з грэцкай мукі абавязкова ўпрыгожваў вясельныя сталы, ім частавалі гасцей на радзінах і калі праводзілі нябожчыка ў апошні шлях.
Грачанікі – сапраўдны брэнд маларыцкага краю, сімвал яго самабытнасці і гасціннасці маларытчан. І зараз рыхтуюцца дакументы аб наданні гісторыка-культурнай каштоўнасці тэхналогіі вырабу хлеба з грэцкай мукі.
Еўдакія Васільеўна Пракапук ведае ўсе сакрэты прыгатавання грачанікаў. Мяккія боханы духмянага хлеба выпякае жанчына не адзін год.
– Кожны дзень хлеб не пяку, а вось на святы дык стараюся парадаваць сваіх родных смачным боханам,- расказвае Еўдакія Васільеўна. – Раз на раз не даводзіцца. Не заўсёды нават у самай вопытнай гаспадыні могуць атрымацца грачанікі. Залежыць гэта ад якасці самой мукі, дражджэй, а можа, нават і ад настрою жанчыны.
Таму заўсёды перад тым як пачаць замешваць цеста ці ставіць яго ў гарачую печку, Еўдакія Васільеўна чытае малітвы. Жанчына лічыць, што ніякага асаблівага сакрэту ў прыгатаванні грэцкага хлеба няма. Галоўнае – прытрымлівацца пэўнай тэхналогіі.
– Упершыню паспрабавала я грачанікі ў Збуражы, на вяселлі ў родзічаў, – працягвае свой аповяд гаспадыня. – Хлеб быў настолькі смачны, што я не ўстрымалася і адшукала жанчыну, якая яго пякла. Яна мне і расказала пра ўсе нюансы выпякання грачанікаў. Дома паспрабавала прыгатаваць, першы раз вельмі хвалявалася, але дарма, хлеб атрымаўся.
Як расказала бабуля Еўдакія, для грачанікаў патрэбна два гатункі мукі: пшанічная і грэцкая. На пытанне, дзе бяруць грэцкую муку, Еўдакія Васільеўна адказала, што грэчку вырошчваюць самі. Каб атрымаць сапраўдную грэцкую муку, малолі грэчку спачатку на старых жорнах, а потым гаспадар Мікалай Васільевіч змайстраваў млын, які працуе ад электраэнергіі.
– На 4 кілаграмы пшанічнай мукі дабаўляю невялікую місачку грэцкай, – дзеліцца сакрэтам брэндавага хлеба Еўдакія Васільеўна. – Замешваю цеста, у якое дадаю крышачку масла, смятаны, солі, разваранага проса, натаркаваную бульбіну і абавязкова сыплю насенне чарнушкі, што надае хлебу асаблівы водар. Цеста некалькі гадзін стаіць, падыходзіць. Калі бачу, што яно ўжо гатовае, раскладваю на бляхі і саджаю ў печ. Праз гадзіну грачанікі будуць гатовыя.
Затым духмяныя боханы хлеба Еўдакія Васільеўна спраўна дастане з печы, змажа алеем і накрые льняным ручніком, каб астывалі. Асаблівасць хлеба яшчэ і ў тым, што выпякаецца ён з натуральных прадуктаў, без усялякіх дабавак.
Ля дыхтоўнай печкі ва ўтульнай кухні стаіць маслабойка. Не дзеля прыгажосці або як рарытэт. Бабуля Еўдакія сама робіць сметанковае масла, варыць сыр з казінага малака. На падворку гаспадароў ходзяць дзве козачкі і козлік.
– Раней карову трымалі, – далучаецца да размовы гаспадар Мікалай Васільевіч. – Потым прадалі, гады ўжо не тыя, няма здароўя. А за козамі даглядаць прасцей. Ды і сена не трэба столькі нарыхтоўваць, як на карову. Малака нам дастаткова. Улетку кожная з дзвюх козачак дае па тры літры малака.
Мікалай і Еўдакія Пракапукі лёгкай долі не шукалі, працавалі ад світання да цямна ў калгасе. Еўдакія Васільеўна аддала мясцовай гаспадарцы ні многа, ні мала, а 38 гадоў свайго жыцця. Мікалай Васільевіч таксама не адзін год адпрацаваў трактарыстам, затым слесарам. Падчас жніва шчыраваў на зернесушыльным комплексе. Паднялі на ногі дваіх сыноў, якія жывуць непадалёку і заўсёды дапамагаюць бацькам. Але самае галоўнае багацце для Мікалая Васільевіча і Еўдакіі Васільеўны – 5 унукаў і 4 праўнучкаў.
Размяняўшы восьмы дзясятак, Пракапукі яшчэ арандуюць два з паловай гектары зямлі, на якой вырошчваюць зерневыя, бульбу, грэчку для грачанікаў, а таксама агародніну.
На святы і ў нядзелю Еўдакія Васільеўна ходзіць на службу ў царкву, што ў суседняй вёсцы Гвозніца. Такім чынам жанчына адпачывае ад паўсядзённых клопатаў і ў малітвах просіць Усявышняга і Маці Боскую ахінуць усіх родных і блізкіх сваім нябесным заступніцтвам, дараваць міласэрнасць, любоў і паразуменне.
– Гэта вельмі важна – навучыцца слухаць, любіць і дараваць адзін аднаму, – прызнаецца жанчына.
Еўдакія Васільеўна са сваім мужам пражылі разам 56 гадоў і за гэты час не толькі не надакучылі адзін аднаму, а, наадварот, захавалі пачуццё замілавання ў сваіх адносінах. Гэта адчувалася і падчас размовы ў кожным іх слове і нават паглядах, што кідалі яны адзін на аднаго, прыгадваючы сваю далёкую маладосць. Няхай і надалей абярэгам гэтай працавітай і дружнай сям’і будзе духмяны бохан залацістага грэцкага хлеба.
Кацярына Яцушкевіч.

