Храму вёскі Арэхава – 20 гадоў (Маларыцкі раён)

У царкве ў гонар святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы в.Арэхава адбылося ўрачыстае богаслужэнне з нагоды 20-годдзя з моманту яе асвячэння. У гэты дзень тут шчырыя малітвы Усявышняму саборна ўзносілі архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Віктар Паляціла, настаяцель мясцовага храма протаіерэй Анатоль Дударчук, іншыя святары. У мясцовай царкве сабралася многа вернікаў не толькі з Арэхава, але і паломнікаў з іншых населеных пунктаў Маларытчыны. 

Упершыню Арэхаўская царква згадваецца ў дакументах за 1668 год. У 1792 годзе ў вёсцы быў пабудаваны драўляны, на каменным падмурку храм, плошчай 252 метры квадратныя. Царкве належала 217 дзесяцін зямлі. У 1873 годзе да храма прыбудавана званіца, а ў 1882 годзе будынак звонку быў абшыты дошкамі і афарбаваны алейнымі фарбамі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны настаяцель Свята-Параскева-Пятніцкай царквы айцец Андрэй Флячынскі таемна аказваў дапамогу партызанам. У верасні 1943 годзе фашысты спалілі Арэхава і царкву. Пасля гэтага айцец Андрэй знаходзіўся ў партызанскім атрадзе.

У 1990 годзе па ініцыятыве прыхаджан вёсак Арэхава, Дрочава, Перавое, Зеляніца ў Маларыцкі райвыканкам было накіравана хадайніцтва аб дазволе пачаць будаўніцтва царквы ў вёсцы Арэхава.

18 студзеня 1991 года створана раённая камісія для вывучэння грамадскай думкі насельніцтва, што пражывала на тэрыторыі сельсавета. У той жа час выканкам Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў выдаў пасведчанне аб рэгістрацыі Статута (палажэння) Праваслаўнай Свята-Параскева-Пятніцкай царквы ў в.Арэхава.

28 студзеня 1992 года пад будаўніцтва адве­дзены зямельны ўчастак. 10 ліпеня 1993 года адбылося асвячэнне месца для будаўніцтва царквы і каменя, закладзенага ў падмурак. 14 кастрычніка 1994 года настаяцелем Арэхаўскага прыходу быў прызначаны святар Анатоль Дударчук, які 25 кастрычніка гэтага года пачаў праводзіць богаслужэнні ў будынку былой школы, абсталяванай часова пад царкву.

У 1995 годзе ўзвядзенне царквы было завершана, і ў дзень храмавага свята адбылося саборнае богаслужэнне. У 1996 годзе, напярэдадні Раства Хрыстова, у храме ўсталявалі 4-ярусны іканастас. Летам 1998 года ў храме быў распісаны купал. 12 лістапада 1998 года храм асвяціў Філарэт, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі.

 Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!