«По 20 километров в день, а то и больше» О своей работе — бывший почтальон Вера Левчук (Малоритский район)

 Амаль 37 гадоў адпрацавала паштальёнам у Гвозніцкім аддзяленні паштовай сувязі Вера Максімаўна Ляўчук (на здымку), што жыве ў Бра­дзяціне. Зараз Вера Мак­сімаўна даўно ўжо на за­служаным адпачынку. Сёлета ў верасні жанчыне споўнілася 76 гадоў, але, нягледзячы на ўзрост, яна і сёння помніць усе свае сцежкі-дарожкі, па якіх разносіла карэспандэнцыю, дастаўляла пісьмы ды паш­тоўкі. Дак­ладней, развозіла на вела­сі­педзе, таму што без двух­колага сябра цяжка бы­ло абысціся. За дзень, каб дас­тавіць пошту адрасатам, Ве­ры Максімаўне неабходна было пераадолець каля 20 кі­ламетраў, а можа нават і болей. Пошту, якую забірала ў Гвозніцы, жанчына заўсёды своечасова адвозіла жыхарам вёсак Брадзяцін і Арлянка, а гэта больш за 200 двароў.

— Зараз у вёсках адны старыя засталіся, а раней жыццё на вясковых вуліцах віравала, — кажа Вера Максімаўна. – І амаль кожная сям’я выпісвала па некалькі друкаваных вы­данняў. Шмат пісалі пісьмаў і дасылалі паштовак, асабліва напярэдадні Новага года або 8 Сакавіка. І ўсю гэтую карэспандэнцыю своечасова патрэбна было даставіць ад­расатам.

Вера Максімаўна прызна­лася, што нават калі хварэла, то на бальнічны не ішла, хва­лявалася за сваіх кліентаў, перажывала, што ім тады не будзе каму разнесці пошту. Таму і спяшалася яна штодня ў спёку і сцюжу, дождж і снег, напакаваўшы важкую сумку часопісамі і газетамі,  што яшчэ пахлі друкарскай фарбай, да сваіх падпісчыкаў. У кожнай хаце паштальёну былі заўсёды рады як дарослыя, так і дзеці. Не злічыць, колькі за гэты час ёй пройдзена кіламетраў дарог і пратаптана сцяжынак, колькі дастаўлена  паштовак, газет і часопісаў! Але ў жыцці ўсяго хапала. Аднойчы Веру Максімаўну пакусаў чужы сабака, калі яна разносіла пошту. Доўга рана не зажывала, на назе так і засталіся шрамы ад зубоў.  З тых часоў жанчына нават на асабістым падворку не трымае сабаку.

— Праца была вельмі адказная яшчэ і таму, што даводзілася разносіць вяскоўцам пенсію, — прыгадвае жанчына. – І ніякай аховы ці сродкаў для самаабароны ў паштальёнаў не было. У выпадку экстрэ­мальнай сітуацыі выкручвайся, як можаш.

Непрыемны выпадак адной­чы здарыўся  з Верай Ляўчук. Гэта была сярэдзіна 70-х га­доў мінулага стагоддзя. З паштовага аддзялення, што ў Гвозніцы, паштальён везла ў Брадзяцін і Арлянку перыёдыку і грошы,  каб выплаціць пенсію.

— Пошта з раёна ў Гвозніцу тады прыходзіла позна, пасля абеду, — гаворыць жанчына. – Пакуль я пасартавала газеты, часопісы, пісьмы, ужо настаў вечар. На дварэ – восень. Цям­нее рана. Дарога да Брадзяціна і Арлянкі няблізкая. Але што зробіш, у любым выпадку пош­ту даставіць адрасатам патрэбна.

Вера спрытна ўскочыла на свой веласіпед і хуценька пакруціла педалі. Паштальён старалася, пакуль яшчэ зусім не сцямнела, як мага хутчэй праехаць частку шляху, што праходзіў праз лес. Як на бяду, веласіпед па гравійцы, якая была ўся ў калдобінах,  ледзьве каціўся. Раптам з лесу выйшаў мужчына і, накіроўваючыся ў бок паштальёнкі, спытаў: “Колькі кіламетраў да вёс­кі?” Вера Максімаўна так пе­рапужалася, што не за­думваючыся адказала: “Два з паловай кіламетры”.

— Толькі потым да мяне дай­шло, — працягвае гаворку Вера Ляўчук. – што незнаёмец не сказаў,  якая вёска яму па­трэбна была. Хто ведае, чым бы гэтае неспадзяванае спатканне скончылася,  калі б на дарозе не з’явілася фурманка,  на якой ехалі знаёмыя з Брадзяціна. На наступны дзень я аб зда­рэнні паведаміла старшыні сельвыканкама і ўчастковаму. 

Калі не ўлічваць  гэты ін­цы­­дэнт,  дык у  жыцці Веры Максі­маўны было шмат добрых і спагадлівых людзей, а так­сама прыемных сустрэч. Кож­ны яе працоўны дзень быў непадобны да ўчарашняга, прыносіў нешта новае і ці­кавае. З цягам часу і сама Вера Максімаўна навучылася разбірацца ў лю­дзях,  адчувала, што ў каго на душы. Нездарма ж кажуць, што паштальён на вёсцы – гэта яшчэ і выдатны псіхолаг ды дарадца, які і выслухае ўважліва свайго кліента,  і па магчымасці дасць слушную параду.

Нават зараз,  калі Вера Мак­сімаўна даўно на заслужаным адпачынку, яе помняць, па­ва­жаюць аднавяскоўцы і жыхары суседняй вёскі. А на свой лёс, які зусім не песціў жанчыну, Вера Ляўчук зусім не скардзіцца. Усё сваё жыццё яна пражыла разам з матуляй, якую пахавала 16 гадоў таму назад. Бацькі свайго жанчына не памятае, ён пайшоў на фронт, калі Верачцы споўнілася толькі два гады.

— Бацька Максім Гардзеевіч загінуў падчас вызвалення Польшчы, там ён і пахаваны, — з болем у голасе расказвае бабуля Вера. – Мяне і сястру маці гадавала адна. Цяжка было, асабліва пасля вайны. Я скончыла толькі сямігодку. Далей вучыцца не было як. Працавала разам з маці ў калгасе, затым нейкі час збірала жывіцу. А потым, калі сястра выйшла замуж і нарадзіла немаўлятка, я пай­шла працаваць на яе месца паштальёнам.

Немагчыма не захапляцца моцным характарам гэтай жанчыны, якая разам з маці пабудавала прыгожы і дыхтоўны дом, у якім заў­сёды чыста і ўтульна. І хоць няма гаспадара, але гэта ніяк не адчуваецца: на пад­ворку ў Веры Максімаўны таксама ідэальны парадак. 

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  • 2
  • 13
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!