Горад, у якім хочацца жыць

8 ліпеня Маларытчына прымала ўдзельнікаў абласнога семінара-нарады “Аб мерах па далейшым павышэнні дабрабыту і якасці жыцця грамадзян, якія прымаюцца органамі кіравання і самакіравання ў 2011г., аб’яўленым Прэзідэнтам РБ Годам прадпрымальнасці”. У ім прыняло ўдзел кіраўніцтва вобласці на чале з Канстанцінам Сумарам, губернатарам, а таксама старшыні Саветаў дэпутатаў базавых і пярвічных тэрытарыяльных узроўняў, старшыні гаррайвыканкамаў, старасты. Удзельнікі семінара (больш за 300 чалавек) пазнаёміліся з работай органаў мясцовага кіравання і самакіравання, наведалі аб’екты сацыяльнай і вытворчай сферы Кобрынскага, Жабінкаўскага і Маларыцкага раёнаў. Работа ажыццяўлялася ў 6 групах. На тэрыторыі Маларытчыны працавала 2 групы.
Казімір Віктаравіч Лапіч, адкрываючы семінар у Олтушскай СШ для ўдзельнікаў групы № 1, расказаў пра работу, якую праводзяць у раёне органы мясцовага самакіравання для павышэння якасці жыцця насельніцтва. Ён адзначыў, што для людзей ужо зроблена шмат. Штогод паляпшаецца іх дабрабыт, удасканальваецца сацыяльная сфера. Але нягледзячы на гэта, многае яшчэ неабходна зрабіць. Затым удзельнікі семінара наведалі аб’екты сацыяльнай і вытворчай сферы Олтушскага сельсавета (мясцовую школу, дзіцячы сад, участковую бальніцу, магазін, рамонтна-механічныя майстэрні “Савушкіна”), аб’екты Хаціслаўскага сельсавета, сацыяльныя аб’екты г. Маларыты. Другая група, дзе былі прадстаўнікі Жабінкаўскага, Кобрынскага, Бярозаўскага раёнаў, г.Брэста, члены абласнога выканаўчага камітэта, кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама (53 чалавекі), працавала пад кіраўніцтвам Леаніда Цупрыка, намесніка старшыні аблвыканкама, дзе адказным быў Пётр Губей, старшыня райсавета дэпутатаў. Гэтая дэлегацыя наведала некаторыя аб’екты сацыяльнай і вытворчай сферы Лукаўскага сельсавета (школу, сельсавет, Дом культуры, грамадскі апорны пункт аховы правапарадку, бібліятэку, аграсядзібу), Маларыцкі сельсавет (ТАА СП “Бізон”…) і Хаціслаўскі сельскі Савет. Удзельнікі абедзвюх груп семінара на тэрыторыі Хаціслаўскага сельсавета пабывалі ў мясцовым Доме культуры, магазіне, школе, дзіцячым садзе, СЗАТ “Кварц­МелПрам”, усклалі кветкі да помніка тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. У Маларыце госці горада наведалі некалькі аб’ектаў: універсальны спартыўны цэнтр, раённую гімназію, школу мастацтваў, “Дзіону”, кацельню 4 МВт, якая працуе на мясцовых відах паліва, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Эліс-прым”, Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва…
— Гэта чарговы семінар, — сказаў Леанід Цупрык, адкрываючы мерапрыемства ў Лукаўскай СШ для ўдзельнікаў групы №2. — Наведваючы сёння розныя аб’екты, мы павінны пераканацца, што работа ўлады на месцах дае рэальныя вынікі для паляпшэння якасці жыцця людзей. Акрамя таго, будзе звернута ўвага на тое, ці працуюць аб’екты па сваім прамым назначэнні, наколькі яны загружаны, як арганізаваны вольны час людзей.

У другой палове дня дзіцяча-юнацкую спартыўную школу таксама наведаў Канстанцін Сумар, старшыня аблвыканкама. Затым у ГДК пачалося пленарнае пася­джэнне абласнога семінара-нарады, дзе выступілі прадстаўнікі аблвыканкама па пытаннях рэалізацыі мерапрыемстваў, запланаваных у Год прад­прымальнасці.
Канстанцін Андрэевіч, адкрываючы семінар, звярнуў увагу прысутных на тое, што асноўная задача ўлады – вызначыць задачы па далейшаму росту павышэння якасці жыцця насельніцтва і яго дабрабыту. У гэтым вялікую ролю адыгрываюць мясцовыя органы ўлады. Сёння дзяржава бярэ на сябе вырашэнне практычна ўсіх праблем, якія ўзнікаюць. Улада павінна пастаянна трымаць у полі зроку актуальныя, надзённыя пытанні і па магчымасці іх хутка вырашаць. Тут не павінна быць пасіўнасці. А для гэтага неабходна задзейнічаць усе магчымыя рэсурсы, трэба ў кароткія тэрміны імкнуцца стабілізаваць сітуацыю. Бо ўлада існуе для народа.
У час правядзення нарады ўздымаліся многія надзённыя пытанні. Губернатар вобласці звярнуў увагу таксама на парадак на дарогах, на неабходнасць іх утрымання ў належным стане. Размова ішла і пра эфектыўнасць работы па заяўнаму прынцыпу “адно акно”, развіццё агратурызму, забеспячэнне маладых спецыялістаў на вёсцы сваім жыллём, запаўняльнасць спартыўных аб’ектаў, смяротнасць дзяцей, абуладкаванне зон для масавага адпачынку людзей… Па вырашэнню некаторых пытанняў Маларытчына на семінары адзначалася са станоўчага боку. Гэта, напрыклад, падтрыманне могілак у належным стане, недапушчэнне росту спажывання алкаголю на душу насельніцтва, прадуманая арганізацыя работы кактэйль-бара ў спартыўным універсальным комплексе…
Падводзячы вынікі 4-га традыцыйнага семінара-нарады, Канстанцін Сумар, губернатар вобласці, адзначыў, што работы зроблена многа ў плане павышэння якасці жыцця людзей. Такія мерапрыемствы даюць магчымасць параўнаць, што ёсць у адным раёне і чаго няма ў другім.
— Толькі той старшыня сельсавета мае павагу і аўтарытэт у аднавяскоўцаў, які неабыякава адносіцца да ўсіх патрэб людзей, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч. – Галоўная задача для прадстаўніка ўлады – быць правадніком, адчуваць мікраклімат, які цяжка ўлавіць у раёне, а тым больш – у вобласці. Не ведаючы сітуацыі знутры, вельмі складана прымаць правільныя рашэнні і даваць ацэнку дзейнасці таму ці іншаму кіраўніку. Старшыня сельсавета – звяно, з дапамогаю якога трымаецца сувязь з насельніцтвам. А ўвага да людзей і моцная сацыяльная палітыка – апора дзяржавы.
***
На працягу ўсяго часу знаходжання на Маларытчыне ўдзельнікі абласнога семінара-нарады абменьваліся думкамі ад убачанага і пачутага. Калі гаварыць у цэлым, то гэта толькі добрыя ўражанні. Не раз гучала думка, што Маларыта – гарадок еўрапейскага ўзроўню, стыльны, акуратны, дагледжаны, мае сваю непаўторную адметнасць. Маларыта – населены пункт, у якім хочацца застацца і жыць. Многае ў ім радуе вока. Давялося пачуць меркаванне, што людзі едуць жыць туды, дзе лепш вырашаюцца сацыяльныя пытанні і пытанні жыццядзейнасці. Аднак асабліва прадстаўнікі мясцовай улады з рэгіёнаў Брэстчыны былі ўражаны маларыцкімі хмельнікамі, СЗАТ “КварцМелПрам” і ўніверсальным спартыўным цэнтрам.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: у час правядзення абласнога семінара-нарады па пытаннях павышэння дабрабыту і якасці жыцця людзей на Маларытчыне.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!