«Нам з гітарай па дарозе» Канцэрт прыхільнікаў гітарнай песні ў Маларыце (Фотарэпартаж)

 Алая зала ГДК амаль дзве гадзіны была на­­поўнена акордамі гітарных струн. Тут у чарговы раз прайшоў вечар гітарнай песні, які сабраў яе аматараў і прыхільнікаў. Сваё выканаўчае майстэрства паказвалі дзеці ад 6 да 16 гадоў, якія наведваюць аматарскае аб’яднанне “Клуб гітарнай песні “Акорд” (кіраўнік Наталля За­беліна). Канцэрт пра­ходзіў як конкурс на лепшага выканаўцу песні пад гітару ў адной з 17 намінацый. А вызначалі пераможцаў Марына Пракапеня і Ігар Літвіненка.

Вечар быў задуманы такім чынам, што слухачы мелі магчымасць не толькі атрымаць асалоду ад гучання гітары,   але і пашырыць свае веды ў галіне гітарнага мастацтва. Гэтаму паспрыяла і віктарына сярод слухачоў, усе пытанні якой тэматычна былі звязаны з гітарай.

Для Наталлі За­бе­лі­най гэты канцэрт быў своеасаблівай справаздачай аб яе выкладчыцкай дзейнасці ў “Клубе гітарнай песні “Акорд”, а для юных музыкантаў – адказным выступленнем на сцэне. Кожны з аматарскага аб’яднання пад гітару шчыра і ад душы выконваў адну са сваіх любімых песень для бацькоў, родных, знаёмых, сяброў. Юныя музыканты хва­­­ляваліся, але калі пачыналі іграць, то засяроджваліся толькі на выкананні песні.  Яны прадэманстравалі, што любяць струнную музыку і сваю гітару. Таму кожны з удзельнікаў конкурсу стаў пераможцам: у намінацыі “У нагу з часам” – Ілья Ківачук, “Наша на­дзея” – Таццяна Дземядзюк, “Упэўненасць” Уладзіслаў Цалуйка, “Артыстычнасць” – Данііл Лапцеў, “Крэатыўнасць”  – Славяна Увароўская, “Глядацкія сімпатыі” – Данііл Дзямінскі і Ілья Велюшоў,  “Стараннасць” – Вераніка Чуль, “Арыгінальнасць”  – Марыя Заляшчук,  “Самы завадны” – Данііл Астапук, “Віртуозная ігра” – Данііл Луцык, “Лепшае выкананне песні” – Вераніка  Алесік, “Чароўны голас” – Паліна Мішчанка, “За творчы пошук” – Варвара Турэйка, “Артыст малых і вялікіх сцэн” – Надзея Дземядзюк,  “Душа кампаніі” – Уладзімір Галавей,  “Вышэйшы пілатаж” – Дар’я Крэнь, “Галантнасць” – Ксенія Паўловіч. Усе выступленні атрымаліся яркімі, эмацыянальнымі, незабыўнымі, таму гле­дачамі былі сустрэты апладысментамі.

Падчас вечара сваё майстэрства таксама паказалі маларытчане Дзмітрый Хільчук і Віктар Ярмалюк.

– Перад канцэртам ставіліся мэты: пераадо­лець страх перад публікай, добра сыграць, парадаваць гледачоў прыгожай музыкай, паказаць бацькам, чаму іх дзеці ўжо навучыліся, – гаворыць Наталля Забеліна. – Выступленні юных гітарыстаў паказалі, што песні, якія вы­конваліся на сцэне, запалі ў сэрцы прысутных. Атрымалася нават лепш, чым чакалася. Хацелася б яшчэ дадаць, што вера ва ўласныя сілы ў падлеткавым узросце выхоўвае сілу волі і загартоўвае характар. Няважна, хто які выбера шлях у далейшым. Галоўнае, што музыка стане для іх захапленнем на ўсё жыццё.

Мікалай НАВУМЧЫК. Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!