Дзіцячая мара – будучая прафесія

Які хлопчык не марыць быць ваенным? Насіць прыгожую ваенную форму, аддаваць чэсць – быць сапраўдным мужчынам. Так мараць многія, але вось даходзяць да здзяйснення сваёй мары адзінкі. Прафесія ваеннага, званне афіцэра ва ўсе часы лічыліся прэстыжнымі, таму і на сённяшні дзень навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць будучых абаронцаў, не пустуюць. Але адна справа навучацца ў сваёй роднай краіне, а другая – за некалькі тысяч кіламетраў ад дому. Далёка ад сваёй радзімы аказаўся і Мікола Сымонік з вёскі Радзеж. Хлопец пасля заканчэння школы ў 2010 годзе паступіў у Разанскае вышэйшае паветрана-дэсантнае двойчы Чырванасцяжнае каманднае вучылішча (інстытут) імя генерала арміі В. Ф. Маргелава. З ім сустрэлася і гутарыла карэспандэнт райгазеты.
– Мікола, чаму менавіта прафесія ваеннага цябе прывабіла ды яшчэ і паехаў так далёка ад дому?
– Многія лічаць, што армія гэта нейкая рамантыка, дзе ўсё так проста і лёгка. Вось і я так думаў. Мне хацелася стаць менавіта дэсантнікам, насіць блакітны берэт. Заўжды з захапленнем глядзеў на салдат, якія так зладжана ішлі разам. Я марыў, што вырасту і таксама абавязкова буду насіць берэты колеру неба, а гэта значыць колеру міру.
– Раскажы, калі ласка, аб умовах паступлення: што прыйшлося здаваць, як рыхтаваўся?
– Увогуле рыхтавацца патрэбна як мага раней, таму што паступіць складана. Акрамя добрых ведаў, яшчэ патрэбна мець і добрую фізічную падрыхтоўку. Са сваім выбарам я канчаткова вызначыўся толькі ў 11 класе, таму ў мяне не шмат было часу для падрыхтоўкі. Цэлы год я шмат займаўся фізкультурай, трэніраваўся амаль кожны дзень. Пры паступленні патрэбна здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах: фізіцы, матэматыцы і мове. Калі даведаўся, што паступіў, маёй радасці не было канца. Дарэчы, з усёй Беларусі набіралася толькі 12 чалавек, у тым ліку толькі два чалавекі з вёскі.
– Мікола, раскажы пра спецыфіку навучання і пра сваю спецыяльнасць?
– Пасля заканчэння, а навучацца патрэбна пяць гадоў, я атрымаю дзве спецыяльнасці: ваенная “Баявое паўсядзённае кіраванне ў паветрана-дэсантных войсках” і грамадзянская “Менеджар па кіраванню персаналам”. Спачатку кожны, хто звязвае сваё жыццё з арміяй, павінен прайсці курс маладога байца. Мы гэты курс прайшлі ў жніўні ў Мінску, а пасля ўжо нас адправілі ў Разань. Распарадак дня, напэўна, асабліва не адрозніваецца ад іншых ваенных: устаем у 6 альбо 6. 30 ранку, потым зарадка, кожны ранак бегаем 3 кіламетры. Спачатку было, вядома, цяжка, але чалавек да ўсяго прывыкае. Вельмі падабаецца, калі праходзяць палявыя стрэльбы. На жаль, дадому можна прыехаць толькі два разы на год: зімою на два тыдні і летам на 30 сутак. Безумоўна, сумую па маме з татам, але ведаю, дзеля чаго гэта ўсё. Пасля заканчэння працаваць нас размяркоўваюць усё роўна ў Беларусь, таму працаваць буду ў роднай краіне.
– А якое самае яркае ўражанне ад вучобы?
– Гэта, бясспрэчна, скачкі з парашутам. Усяго ў маёй скарбонцы іх ужо 8. Страшна было першы раз і трэці. Першы, таму што не ведаеш, што гэта, а трэці – ведаеш і разумееш, што гэта вялікая рызыка. Але тыя эмоцыі, якія перапаўняюць цябе ў момант скачка, нельга параўнаць ні з чым.
– Мікола, ты ўжо адвучыўся цэлы год, не расчараваўся за гэты час у абранай прафесіі?
– Не! Нават калі часам вельмі хацелася дамоў, я ўсё роўна не думаў, навошта я пайшоў сюды. Сёння цяжка – заўтра будзе лягчэй, гэта ж жыццё. Вучыцца мне вельмі цікава, і я рады, што буду афіцэрам.
Вось так і становяцца сапраўднымі мужчынамі. Спачатку проста мары, пасля штодзённая праца па дасягненню гэтай дзіцячай мары, а потым…. Гордасць бацькоў.
Анастасія Максімук.
НА ЗДЫМКУ: Мікалай Сымонік.
Фота з сямейнага альбома.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий