“Якасць” прысядзібнай тэрыторыі

У Велікарыце пра Ларысу Сцяпанаўну (начальніка аддзялення сувязі) і Руслана Сцяпанавіча Васільевых (ІП, займаецца народнымі рамёствамі) гавораць толькі добрае па многіх прычынах. Але часцей аднавяскоўцы ўпамінаюць іх імёны, калі размова заходзіць пра прысядзібную тэрыторыю, якая без перабольшвання нагадвае своеасаблівую казку, зробленую сваімі рукамі. Яна пакарае ўсіх, хто гэтую прыгажосць бачыць. Пацвярджэнне таму — наступны факт. Васільевы ў жніўні 2008 г. прынялі ўдзел у абласным конкурсе на лепшае сельскае падвор’е сярод маладых сямей (узрост – да 31 года). Па яго выніках занялі прызавое месца і былі ўзнагароджаны граматай і каштоўным падарункам. Згодна з умовамі спаборніцтва, журы ўлічвала не толькі арыгінальнасць афармлення тэрыторыі, але і яе санітарна-гігіенічны стан, выкарыстанне ў афармленні нацыянальных традыцый, удзел у грамадскім, культурным жыцці вёскі, здаровы лад жыцця, стварэнне ўмоў для паўнацэннага развіцця дзяцей. Васільевы многіх абышлі і заслужана ўзняліся на п’едэстал пашаны.
Ларыса Сцяпанаўна, нягледзячы на спецыфіку працы, кожны дзень імкнецца бываць ў сваіх уладаннях. Таксама робіць і муж. Нават зараз, зімою. Для клапатлівага і дбайнага гаспадара ёсць чым заняцца і ў такі час, калі ўсё навокал заснежана. Ва ўсіх пачынаннях яе падтрымлівае муж, бо ён, Руслан, таксама тонка рэагуе на прыгажосць. Ларыса Васільева прызналася, што пра свой дом, з вялікай колькасцю кветак, кустоўя, зялёнымі газонамі, дарожкамі, выкладзенымі тратуарнай пліткай, яна не раз марыла ў дзяцінстве. Але ў Збуражы, дзе вырасла, пра гэта нікому не расказвала, нават лепшым сяброўкам. А да працы з малых гадоў прывучалі бацькі, якія на асабістых прыкладах паказвалі, што любую справу неабходна даводзіць да канца. Няхай яна і не любімая, і цяжкая…
-Мне вельмі хацелася стаць настаўнікам матэматыкі, — успамінае Ларыса. – Але ў 8 класе гэтую ахвоту нібы нажом адрэзала пасля таго, як у дзень самакіравання правяла некалькі ўрокаў. Я зразумела, што быць сапраўдным настаўнікам – катаржная, штодзённая праца ў першую чаргу над сабою і дар, які, напэўна, закладзены прыродай. А мая прырода, верагодна, патрабавала іншага. Таму і вырашыла пайсці працаваць у сферу аказання паслуг.
Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла вучыцца ў вышэйшы каледж сувязі (г.Мінск), які паспяхова закончыла ў 1996 г., і была накіравана на працу ў Велікарыту. Пасля пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Русланам і ў 2000г. узяла з ім шлюб. Неўзабаве маладая сям’я перабралася жыць у дом, падораны бацькамі мужа.  Ларыса з Русланам сталі ўвасабляць даўнюю мару ў жыццё. Тое, што атрымалася, дастойна ацэнена на абласным узроўні. І гэта варта пераймання. Дарэчы, Васільевы не супраць  паўдзельнічаць у аналагічным конкурсе і сёлета. У Год якасці “якасць” прысядзібнай тэрыторыі, перакананы яны, павінна быць на вышыні ва ўсіх.
На здымку:  начальнік аддзялення сувязі Ларыса Васільева.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!