«Кухня: в Малорите» Кто же лучший из поваров в детских садах?

Памятаеце, як вясёлы і добры дзядзька Антось з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа вырашыў пачаставаць сваіх пляменнікаў незвычайнымі прысмакамі ‒ клёцкамі з бярозавым сокам? Так ён стараўся, так шчыраваў, радуючыся ўласнай прыдумцы, і нарэшце абняславіўся перад дзецьмі сваім кулінарным “шэдэўрам”. Зусім па-іншаму было 12 студзеня на кухні СШ №2 г.Маларыта. Тут упершыню сабраліся разам повары, якія штодзень клапоцяцца, каб на стале ў дзяцей былі смачныя, карысныя, збалансаваныя стравы. Чараўніцы кухні прымалі ўдзел у спаборніцтве прафесійнага майстэрства, што праводзіўся ў рамках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі Маларытчыны. Адна з яго мэт ‒ з простых інгрэдыентаў, рэкамендаваных для харчавання дзяцей і падлеткаў, прыгатаваць арыгінальныя стравы, забяспечыць збалансаваны рацыён харчавання, згодна з распрацаваным меню.

“Кулінарнае” спаборніцтва складалася з 3 этапаў. Першы з іх прадугледжваў пісьмовы адказ на пытанне па тэхналогіі прыгатавання (15 хвілін), другі (дамашняе заданне) – прыгатаванне страў з яблык (з яблыкамі), трэці (практычны) – прыгатаванне страў з бульбы (з бульбай), на якое адводзілася 60 хвілін. Кампетэнтнае журы ўзначаліла начальнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Таццяна Лаўрэенка. У яго склад увайшлі начальнік групы матэрыяльна-гаспадарчага забеспячэння  ўстаноў адукацыі Сяргей Хатынюк, інжынер-тэхнолаг Лідзія Назарук, а таксама таваравед Галіна Соц, дырэктар Гвозніцкага д/с-СШ Марыя Афанасенка і  памочнік урача-гігіеніста Любоў Струнец. Пры падвядзенні вынікаў журы ўлічвала і ацэньвала многае.

–Гэта, напрыклад, знешні выгляд удзельніка, арганізацыя працоўнага месца, захаванне  тэхнікі бяспекі, санітарыі і тэхналогіі прыгатавання страў, – гаворыць Лідзія Назарук, інжынер-тэхнолаг, – а таксама – узровень “цяжкасці” стравы і яе прэзентацыю, аргалептычныя паказчыкі і смакавыя якасці. Усе канкурсанты выдатна справіліся з прапанаванымі выпрабаваннямі, прадэманстраваўшы свае прафесійныя ўменні, навыкі і фантазію, а прадстаўленыя імі работы атрымаліся апетытнымі, смачнымі і карыснымі арганізму.

Конкурс повараў яшчэ раз пацвердзіў думку, што сапраўдныя прафесіяналы з бульбы і яблыкаў могуць прыгатаваць мноства блюд: прыгожых на выгляд і незвычайных на смак. Гледзячы на кулінарныя “шэдэўры” нельга было не пагадзіцца са словамі Андрэ Маруа, які некалі сказаў: “Як жывапіс і музыка, так і кухня ‒ мастацтва. Жывапіс зачароўвае вока, музыка ‒ слых, а кулінарыя ‒ смак.”

…Журы доўга раілася, перш чым вызначыць сапраўдных чараўнікоў кухні. Лепшым поварам сярод дашкольных установоў адукацыі Маларытчыны стала Лідзія Кашэпа з Олтушскага  яслі-сада. Другое месца ў “кулінарным” спаборніцтве заняла Наталля Алесік з яслі-сада №2 райцэнтра, якая ад лідара адстала на адзін бал. Трэцяе месца падзялілі два повары: Надзея Пішчык з яслі-сада №4 г.Маларыты і Раіса Міцюк з Лукаўскага  дзіцячага сада.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 5
  • 75
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!