«Палёт, які не стрымаць» Адзін з лепшых педагогаў — Лідзія Некрашэвіч (Маларыцкі раён)

Даўно хацелася пабываць на ўроку абслуговай працы ў настаўніцы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ланской СШ Лідзіі Некрашэвіч. Аднак ніяк не выпадала ажыццявіць задуманае па розных прычынах. І вось нядаўна мне пашанцавала. На ўроку ў 9 класе я і дзве вучаніцы — Кацярына Пекарук і Юлія Ягоранка. Сяджу затаіўшы дыханне. Імкнуся нічога не ўпусціць і пераняць хоць нязначную частачку з багатага вопыту работы аднаго з лепшых педагогаў Маларытчыны. Адразу здзівіла нязмушанасць, створаны за некалькі хвілін псіхалагічны камфорт, які спрыяў прадуктыўнай працы на ўроку. Сама Лідзія Барысаўна — той чалавек, з якім прыемна знаходзіцца побач заўсёды: прываблівае яе сціпласць, тактоўнасць, спакойны і ласкавы голас, нейкая асаблівая дабрыня, інтэлігентнасць, душэўнасць.


За плячыма Лідзіі Некрашэвіч – чвэрць стагоддзя, аддадзенага педагагічнай ніве. Яна адзначана не адной граматай і падзякай рознага ўзроўню за добрасумленную і самаадданую працу. Не ў кожнага педагога ў скарбонцы дасягненняў яго вучняў ёсць 8 дыпломаў рознай вартасці і 2 пахвальныя водзывы на абласных этапах Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Больш таго, у 2011 годзе яе вучаніца Марыя Штандэр стала ўладальніцай дыплома І ступені і спецыяльнага прыза Міністра адукацыі па выніках заключнага этапу прадметнай алімпіяды. У 2012 годзе яна ж атрымала на заключным этапе алімпіяды дыплом ІІІ ступені.
?У мяне кожны вучань заўжды навідавоку і кожны ўрок – гэта індывідуальная праца, – расказвае Лідзія Барысаўна. – Чаму? Адна з прычын хаваецца ў малой напаўняльнасці вучняў: у 5 класе цяпер навучаецца чатыры дзяўчынкі, у 6 – дзве, у 7 – тры, у 8 – толькі адна, у дзявятым – дзве. Каб на кожным уроку было цікава маім дзяўчаткам, спрабую рознымі метадамі, прыёмамі і сродкамі стварыць сітуацыю поспеху. Гэта ў сваю чаргу нараджае матывацыю для ўсвядомленага і грунтоўнага засваення новых ведаў, уменняў і навыкаў. Кожны ўрок хочацца пабудаваць так, каб ён быў практыка арыентаваным, спрыяў выхаванню працавітасці, культуры працы, эстэтычнага густу, акуратнасці і беражлівасці. Добрым памочнікам у пошуку эфектыўных шляхоў работы з’яўляецца змена форм і метадаў навучання. Мая задача ? зацікавіць і здзівіць на кожным уроку, захапіць і далучыць да прыгожага і таямнічага свету творчасці. Я імкнуся матываваць дзяўчат да працоўнага навучання, да таго, каб яны маглі пры неабходнасці выкарыстоўваць набытыя веды ў жыцці.
Педагог лічыць, што ўрокам абслуговай працы належыць асаблівая роля ў станаўленні маладога чалавека, раскрыцці яго магчымасцей, стварэнні спрыяльных умоў для развіцця, знаходжанні свайго месца ў дарослым самастойным жыцці. Лідзія Некрашэвіч вучыць сваіх дзяўчат працаваць, многае ўмець рабіць уласнымі рукамі, перадае сакрэты жаноцкасці і падштурхоўвае выглядаць модна, сучасна, стыльна.
Лідзія Некрашэвіч нарадзілася і вырасла ў Брэсце. Калі прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, яна, здаецца, зусім не вагалася. Цвёрда вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў яшчэ ў 7 класе. Дакументы падала ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна. Аднак мара дзяцінства не збылася, бо не прайшла ў ВНУ па конкурсе.
— Не, разачаравання ў мяне тады ніякага не было, — успамінае Лідзія Барысаўна. ? Бацькі суцешылі, падтрымалі. Разам прынялі рашэнне, каб я паступала вучыцца ў Брэсцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 26 імя Д.Карбышава. Напэўна, гэтая навучальная ўстанова і прадвызначыла мой далейшы жыццёвы шлях. Пасля яе заканчэння, набыўшы спецыяльнасць краўца мужчынскага і дзіцячага верхняга адзення, некаторы час працавала на Брэсцкай фабрыцы “Індпашыўадзенне”.
Як дзяўчына была шчасліва, калі пашыты ёю касцюм для бацькі атрымаў станоўчыя водзывы родных! Гэта надало сілы і жаданне для творчасці і пошукаў свайго месца.
Далей на жыццёвай дарозе Лідзіі Некрашэвіч была вучоба ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме. Пасля яго заканчэння яе, выдатніцу вучобы, тагачасны дырэктар Брэсцкага ПТВ №26 запрасіў на працу ва ўстанову адукацыі, якую ўзначальваў. Ён памятаў яе як старасту групы, як старанную навучэнку, якая добрасумленна адносілася да любой даручанай справы. Так Лідзія Барысаўна на некалькі гадоў стала майстрам вытворчага навучання.
?Безумоўна, нялёгка было спачатку. Я пастаянна думала пра тое, што я перадам сваім навучэнцам, чаму і як іх здолею навучыць? Што ёсць адметнага ў маёй педагагічнай скарбонцы? Неўзабаве пачала “збіраць” свой педагагічны вопыт, каб стаць сапраўдным майстрам сваёй справы. Гэта быў час станаўлення і пошукаў сябе.
…Так атрымалася, што бацькі мужа Лідзіі Некрашэвіч на пастаяннае месца жыхарства з Чарнобыльскай зоны трапілі ў в.Ланская Маларыцкага раёна. Неўзабаве маці мужа захварэла, ёй неабходны быў штодзённы догляд. Пасля доўгіх роздумаў на сямейным савеце Лідзія Барысаўна прымае для сябе няпростае рашэнне. Дзеля свекрыві яна звальняецца з любімай работы і разам з мужам і дзецьмі пераязджае ў вёску.
— Для мяне гэта быў час не з самых лёгкіх, — гаворыць Лідзія Некрашэвіч. — Ехала ў невядомасць, але верыла і спадзявалася, што ўсё атрымаецца і наладзіцца. Спачатку ў Ланской школе месца, каб працаўладкавацца, не было. Мне прапанавалі толькі 4 гадзіны ў тыдзень ад Дома піянераў. Так я стала весці гурток “Мадэліраванне адзення”, які наведвала амаль 20 чалавек. А пазней мяне выклікала ў кабінет тагачасны дырэктар школы Ганна Шпетная і напаўжартам, напаўсур’ёзна сказала: “Лідзія Барысаўна, вы ж умееце шыць, вязаць, вышываць. У школе з’явілася вакансія, таму я нам прапаноўваю гадзіны абслуговай працы. Ці згодны?” Я была шчасліва ад пачутага. Старанна і падоўгу стала рыхтавалацца да ўрокаў. На кожны з іх ішла, ды і да гэтага часу іду як на своеасаблівае свята. Мне прыносіць задавальненне радасць сустрэчы з маімі дзяўчаткамі, з іх дапытлівымі вачыма.
Цяпер з упэўненасцю магу сказаць, што ўрокі абслуговай працы – маё жыццё, цікавае і непаўторнае, напоўненае пошукам і гармоніяй. Ад іх атрымліваю задавальненне і чэрпаю сілы для творчасці. А творчасць – гэта палёт, які не спыніць.
Лідзія Барысаўна больш за дзесяць гадоў вяла гурток “Мяккая цацка”. Дзеці былі ў захапленні ад таго, што сваімі рукамі са старых шуб яны шылі розных сімпатычных звяркоў і птушак.
Лідзія Некрашэвіч – майстар на ўсе рукі. Тэхналогію пашыву любога адзення яна ведае як свае пяць пальцаў. Спачатку ўсё неабходнае жанчына шыла толькі для сябе і мужа, дочак Ганны і Таццяны, а пасля і для ўнукаў Іларыі і Мацвея. Не магла адмовіць і аднавяскоўцам, якія заказвалі для сябе розныя “абноўкі”: пальто, касцюмы, штаны. Ды і на кухні яна ? сапраўдная чараўніца, да таго ж ? добрая жонка, цудоўная маці, клапатлівая бабуля. Сярод калег карыстаецца аўтарытэтам, сярод вучняў і іх бацькоў — павагай.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  • 4
  • 36
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!