Своё дело Александра и Натальи Пипко из Збуража (Малоритский район)

— Калі будзеце ў Збуражы, не прамініце, зазірніце ў гандлёвы павільён “Аляксандрыя” і напішыце пра яго гаспадароў, шчырых і адкрытых людзей, Аляксандра і Наталлю Піпко, — падказвае тэму для публікацыі старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч. – Яны ніколі не застаюцца абыякавымі да чужой бяды. Напрацягу апошніх некалькі гадоў займаюцца дабрачыннасцю. На Каляды дзецям-інвалідам, што пражываюць на тэрыторыі Олтушскага сельскага Савета, абавязкова дораць салодкія падарункі, не адмаўляюць у дапамозе.

Наталля і Аляксандр Піпко. Фота райгазеты «Голас часу»

Магазін з прыгожай назвай “Александрыя” ў Збуражы ведаюць і дарослыя, і дзеці. Тут заўсёды ёсць пакупнікі. Зрэшты, не дзіўна. Мясцовыя жыхары ды і не толькі яны з задавальненнем наведваюць краму, дзе іх заўсёды ветліва сустракаюць і добра абслугоўваюць уладальнікі “Александрыі” Аляксандр Пятровіч і Наталля Валер’еўна Піпко. Напачатку 2000-х гадоў муж з жонкай разам распачыналі свой сямейны бізнес. Рызыкавалі, але крэдытаў не бралі, разлічвалі толькі на ўласныя сілы. Да таго як аформіць прадпрымальніцтва Аляксандр Пятровіч працаваў у сельгастэхніцы, а Наталля Валер’еўна шчыравала прадаўцом у мясцовым райпажыўтаварыстве.
— Заробкі невялікія, таму і вырашылі будзь што будзе, а сваёй справай зоймемся, — гаворыць індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Піпко. — Добра, што і жонка падтрымала, удваіх усё ж такі намнога лягчэй. Тым больш, што па адукацыі яна эканаміст, ды і ў гандлі нейкі час працавала, таму ведае што гэта такое.
Спачатку аб уласным магазіне муж з жонкай толькі марылі. Пад краму арандавалі памяшканне ў мясцовым сельскім Доме культуры. Потым, з цягам часу, выкупілі ларок і на яго месцы пабудавалі сучасны павільён.
— Чаму далі такую назву “Александрыя”? – прыгожа ўсміхаючыся перапытвае Наталля і адразу адказвае. — Гэта ў гонар мужа і нашага татачкі — Аляксандра Пятровіча.
Прыемна назіраць, як яны ўдваіх завіхаюцца ў сваім магазіне. Наталля Валер’еўна робіць прыгожую раскладку рэалізуемай прадукцыі на вітрыне. Гаспадар выгружае машыну з таварам. Здаецца, што яны з паўслова разумеюць адзін аднаго. Пастаянна ў краму заходзяць новыя пакупнікі.
— Купляюць збуражцы ў асноўным прадукты першай неабходнасці, — расказвае прадавец Наталля Валер’еўна. – Попытам карыстаецца хлебабулачная прадукцыя, малочная, каўбасныя вырабы, набываюць цукеркі.
Дарэчы, асартымент прадстаўленай прадукцыі ў гандлёвым павільёне даволі багаты. Акрамя прадуктаў ту можна набыць і тавары для розных гаспадарчых патрэб. Людзям, асабліва пенсіянерам, няма патрэбы ехаць у горад, каб купіць тую ці іншыю рэч. Зручна і тое, што павільён працуе без выхадных, штодзень.
Адчуваецца, што сваю работу прадавец Наталля Піпко вельмі любіць, хоць і даводзіцца працаваць не пакладаючы рук. За дзень “Александрыю” наведвае больш за сотню пакупнікоў і для кожнага патрэбна знайсці добрае слова, падказаць, што лепш купіць ды і проста пагаварыць пра жыццё-быццё.
Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!