«Жизнь прожить — не поле перейти» Люди Нового Двора (Малоритский район)

Паабапал адзінай вуліцы Зялёная, што ў Новым Двары, стаяць замеценыя снегам хаты. Нават не верыцца, што не так даўно тут віравала жыццё, працавалі школа і бібліятэка, малочнатаварная ферма. Цяпер навокал пануе цішыня. Калі б не расчышчаная ад снегу дарога ды пратаптаныя сцяжынкі да некалькіх хат, можна было б падумаць, што тут увогуле ніхто не жыве. Як сказалі ў Чарнянскім сельвыканкаме, у Новым Двары зарэгістравана 14 чалавек, але пастаянна пражывае  яшчэ менш людзей.

Стараста

Галіна Клебановіч на пра­цягу 6 гадоў з’яўляецца ста­растай аджываючай свой ня­просты век вёсачкі Новы Двор. Найперш да яе па розных патрэбах звяртаюцца вяскоўцы. А пытанні з году ў год адны і тыя ж: каб своечасова была прагрэйдзіравана дарога, па графіку хадзіў аўтобус, ка­мусьці дрэва трэба спілаваць ці дапамагчы дроў выпісаць. Га­ліна Анатольеўна з мужам, бадай, самыя маладыя жыхары Новага Двара. Самі, лічы, што мясцовыя. Жылі нейкі час у Брэсце. У складаныя 90-я гады мінулага стагоддзя вырашылі пакінуць горад і пе­рабрацца ў вёску. Купілі дом, дзе калісьці была бібліятэка, завялі сваю гаспадарку. Галіна Анатольеўна ўладкавалася на ферму да­глядчыцай, затым працавала загадчыцай, потым пайшла ў паляводы, а зараз зноўку даглядае бычкоў.

— Цяжка тады жылося ў го­радзе, ды яшчэ з дзвюма малымі дзецьмі на руках, — прыгадвае стараста. – Зусім не шкадуем, што пераехалі з абласнога цэнт­ра ў глыбінку. Вёска шмат ў чым дапамагла і шмат чаму навучыла.

Клебановічы і зараз трымаюць дзвюх кароў. Гаспадар малако возіць у Чарняны, там і здае на Кобрынскі малаказавод. На­­бываюць малако і вяскоўцы. Аў­талаўка хоць і прыходзіць тры разы на тыдзень, прывозіць свежыя прадукты, а малако ад свойскай кароўкі ўсё ж такі намнога смачнейшае. “Жыць у вёсцы можна, але трэба шмат працаваць, — лічыць Галіна Клебановіч. — Прычым без выхадных і святаў”. Таму і пусцеюць хаты, бо старыя па­міраюць, а маладыя ў пошуках лёгкай долі з’язджаюць у гарады. Апусцелыя сядзібы асабліва не купляюць нават у якасці дач.

— Праўда, нядаўна адзін дом на­быў нехта з Брэста. – працягвае гаворку жанчына. – Але пакуль яшчэ нічога там не рабіў. А так у асноўным жывуць адны састарэлыя. Некаторых дзеці забралі да сябе на зімоўку. Напрыклад, нашага старажыла, вязня часоў Вялікай Айчыннай вай­­ны. Аляксандр Ігнатавіч Літвінюк цяпер жыве ў дачкі ў Кобрыне. Дзядуля размяняў соты дзясятак і ўжо з цяжкасцю можа клапаціцца пра сябе. У сына жыве і 93-гадовая Алена Рабчынская.

Дзед і ўнук

— Вось хата яшчэ аднаго на­шага старажыла, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мі­хаіла Рыгоравіча Герасевіча, — падводзячы да зграбненькага дома, кажа стараста. Па пра­таптанай сцяжынцы падыходзім да весніц, абіваем на парозе снег з абутку і трапляем ў не­вялічкі пакойчык, палову якога займае дыхтоўная печ.

Нечаканым гасцям, здаецца, тут рады. Міхаіл Рыгоравіч ін­валід першай групы. Некалькі гадоў таму яму ампутавалі нагу, і ён перамяшчаецца толькі ў калясцы. Дзядулю пастаянна даглядае ўнук Міхаіл Бакацюк.

Цяжкі лёс выпаў на долю  дзя­дулі. Яго юначыя гады апаліла сваім смяротным дыханнем вайна, потым была мабілізацыя ў рады Чырвонай Арміі. Праўда, трапіў у запасныя войскі, па­куль вучылі навабранцаў вай­-сковай справе, надышоў светлы і доўгачаканы Дзень Перамогі. Але служба ў войску для Мі­хаіла працягвалася яшчэ прыкладна  год у далёкай Сярэдняй Азіі, у Самаркандзе. Затым дэ­ма­­білізацыя і доўгая дарога дадому. Сустракалі на радзіме салдата горача, шчас­лівыя баць­кі не хавалі слёз радасці. У халасцяках Міхаіл доўга не хадзіў, узяў шлюб з дзяўчынай Аленай. Разам шчыравалі ў калгасе, будаваліся, гадавалі адзіную дачушку.

У сям’ю Герасевічаў бяда прыйшла нечакана: заўчасна памерла іх дачка Марыйка, па­кінуўшы дваіх дзетак – Міхаіла і Алену. Паплакалі, пабедавалі бацькі над няўдалым лёсам сваёй Марыйкі, але слязамі гору не дапаможаш, узялі на выхаванне ўнукаў. Хоць і цяжка было, але выгадавалі, вывелі ў свет. Радаваліся іх поспехам, перажывалі разам няўдачы. Да­рослымі сталі ўнукі, нямоглымі і старэнькімі – дзядуля з бабуляй.

— 22 гады я жыву ў Новым Двары і даглядаю дзядулю, — кажа ўнук Міхаіл. – Дзесяць гадоў таму памерла бабуля, дзед зусім аслаб. Зараз я яго не пакідаю ні на хвілінку, імкнуся заўсёды быць побач. Дзед мала таго, што не ходзіць, дык у апошні час зрок пачаў губляць. Амаль нічога не бачыць, добра, што яшчэ чуе. Летам лягчэй, вывезу яго на вуліцу, каб падыхаў свежым паветрам, птушак паслухаў. Узімку ў ас­ноўным дома. Тэлевізар ук­лю­чаю, дзед вельмі любіць слу­хаць перадачы пра розныя судовыя справы.

Усё ў свеце ўзаемазвязана. Дзядуля ў свой час не адмовіўся ад унука, выгадаваў яго, цяпер настала чарга Міхаіла клапаціцца пра дзядулю. Пагадзіцеся, не кожны мужчына змог бы так даглядаць блізкага ча­лавека.

— Нічога, дзядуля, мы  яшчэ па­жывём, — падбадзёрваючы Міхаіла Рыгоравіча, кажа ўнук і дадае: — На лета запланавалі ў дзедавым пакоі рамонт зрабіць. Вось і фарбу са шпалерамі ку­пілі. А вечарамі плануем, дзе і што будзем сёлетняй вясной садзіць у агародчыку. Нам удвух з дзедам нямнога трэба, але ў нас яшчэ ёсць невялічкі статак авечак. Акрамя сена, яны не грэбуюць паласавацца морквай ці рэпай.

Вось у такіх штодзённых клопатах і працякаюць дні за днямі. Незаўважна пройдзе зіма і паціху ажыве Новы Двор.

Як жывеш, ветэран працы?

— Адкуль у вёскі такая назва – Новы Двор? – пытаюся яшчэ ў аднаго мясцовага жыхара, старажыла Пятра Пятровіча Раб­чынскага.

З хвілінку памаўчаўшы, дзя­дуля кажа, што калісьці жылі  тут два паны. Маёнтак старэйшага пана меў назву Стары Двор, а маладзейшага – Новы Двор. Ці то прайгралі ў карты паны сваю маёмасць, ці справы ішлі не вельмі, але абодва фальваркі былі распрададзены. Зямлю Новага Двара выкупілі 4 сям’і, выхадцы з Пружанскага раёна. Таму і пайшлі сяліцца тут людзі з прозвішчамі Рабчынскія, Улезла, Гарастовіч і Літвінюк.

Пётр Пятровіч Рабчынскі – ці­кавы суразмоўца. Праз год дзя­дуля адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Але, на першы погляд, мужчына выглядае маладзей. Нават не верыцца, што жыве ён адзін. У хаце чысцютка, на дварэ – парадак.

— 11 гадоў таму пахаваў сваю жонку Марыю Іосіфаўну, — з сумам у голасе кажа мужчына. – Вось так і жыву адзін. Добра, што дзеці побач. Сын пасяліўся ў Дарапеевічах, у СВК працуе механізатарам. Дачка выйшла замуж у Чарняны.

Пётр Пятровіч – ветэран пра­цы. Амаль 44 гады аддаў ён мясцовай гаспадарцы. На якіх трактарах яму толькі не даводзілася працаваць! Пачынаў на гусенічным, трыццаць гадоў шчыраваў на МТЗ-52. Кожны лапічак поля ён ведае як свае пяць пальцаў.

— Што ні кажы, а цяпер намнога лягчэй працаваць, нават тым жа механізатарам, — разважае ветэран. – Тэхніка магутная, энергаэфектыўная, кіраваць якой адно задавальненне. А раней выходзіш у поле на тым жа гусенічным трактары і працуеш да цёмнай ночы. Усё трасецца, бразгоча. У кабіне духата, пыл стаіць. І так больш за сорак з гакам гадоў.

Пётр Пятровіч крыху крыўдзіцца на сельгаспрадпрыемства: столь­кі гадоў адпрацаваў, а хоць бы паштоўку якую-небудзь пры­слалі на прафесійнае свята ці дзень нараджэння, пацікавіліся, як жывецца ветэрану працы. Ды і не трэба яму асаблівых падарункаў, галоўнае – увага, адчуванне, што яго памятаюць і ша­нуюць.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!