Змяншаецца пагалоўе рагуль у прыватным сектары ці Калі карова будзе ў трэндзе? (Маларыцкі раён)
Гадоў дваццаць ці трыццаць таму цяжка было ўявіць у вёсцы падворак без каровы. Цяпер сітуацыя іншая. Пагалоўе прыватнага статка рэзка скарачаецца. Магчыма, пройдзе яшчэ нейкі час, і карова на сельскім падворку будзе выглядаць як экзатычная жывёла. Чаму так адбываецца? Зразумела, што на тэрыторыі тых сельсаветаў, дзе не вядзецца закуп малака ў насельніцтва, трымаць карову нявыгадна. Але, напрыклад, у Олтушскім сельсавеце са здачай малака пытанняў не ўзнікае. Працэс яго закупу добра адладжаны. Ды толькі чамусьці пагалоўе пяструх з кожным годам змяншаецца.
Без каровы падворак пусты
Як сведчыць статыстыка, летась вяскоўцы, якія пражываюць на тэрыторыі Олтушскага сельсавета, трымалі 136 рагуль, а сёлета ўжо 130. Напрыклад, у Радзежы толькі 25 кароў, на 10 галоў больш у Ланской, а ў аграгарадку Олтуш усяго толькі 12 пяструх. Няўжо ў наш час карова перастала быць карміцелькай і ўтрымліваць жывёлу стала нявыгаднай і затратнай справай?
Адной з галоўных прычын скарачэння прыватнага статка, як лічыць старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч, з’яўляецца тое, што насельніцтва вёскі старэе, а маладое пакаленне не заўсёды жадае абцяжарваць сябе клопатам пра жывёлу.

Старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч цікавіцца як прайшоў збор малака ў малаказборшчыка Івана Холада і яго напарніка трактарыста Сяргея Хатынюка. Фота райгазеты «Голас часу»
— Карова на падворку – гэта прывязанасць і адказнасць, — гаворыць Вітольд Мечыслававіч. – За жывёлай патрэбен догляд. Яе трэба пакарміць, напаіць і падаіць. Выгнаць на пашу, нарыхтаваць ёй кармоў. Словам, працаваць неабходна кожны дзень, без выхадных і святаў, без адпачынку. Але і з другога боку, карова сама сябе заўсёды акупіць. За здадзенае малако можна мець неблагія грошы. Тым больш, што закуп малака ў нас вядзецца пастаянна. Ды і мясцовае сельгаспрадпрыемства “Радзежскае” падтрымлівае сяльчан, забяспечвае саломай, зернем. Для выпасу прыватнага статка адразу за вёскай адведзена паша. Адным словам, створаны ўсе ўмовы для развіцця падсобнай гаспадаркі. Усе жадаючыя могуць узяць у арэнду да трох гектараў зямлі, было б толькі жаданне працаваць. Праўда, зараз назіраецца іншая тэндэнцыя, вяскоўцы на падворках пачалі гадаваць цялят і бычкоў. Напрыклад, у Радзежы налічваецца 43 цяляці ўзростам да аднаго года ва ўласных гаспадарках вяскоўцаў.
На кім трымаецца вёска?
Як ні цяжка пра гэта гаварыць, але вёскі паступова старэюць. Пусцеюць дамы і ў некалі густанаселеным Радзежы. Старыя паціху адыходзяць у іншы свет, маладыя ў пошуках вялікіх грошай і камфортнага жыцця з’язджаюць у гарады. На шчасце, не ўсе. Сапраўдныя гаспадары, прывязаныя да сваёй зямлі нябачнымі нітачкамі, застаюцца ў вёсцы. Яны з ранку і да позняга вечара шчыруюць да сёмага поту, да шурпатых мазалёў на стомленых руках, але ні за якія абяцанкі-цацанкі не прамяняюць вечаровую цішыню вёскі на бязладны гарадскі тлум. Усё ж такі, што б ні казалі некаторыя празорліўцы, якія б прагнозы ні рабілі, а будучыня вёсак за сапраўднымі гаспадарамі-рупліўцамі. Магчыма, іх будзе нямнога, але яны моцна будуць стаяць на зямлі.
Не прамяняў на гарадскія выгоды жыццё ў роднай Галёўцы Сцяпан Касьянік. На сваім падворку малады чалавек трымае статак з 6 кароў, гадуе бычка і цялушку. На асабістым трактары Сцяпан нарыхтоўвае для жывёлы корм і з’яўляецца самым актыўным малаказдатчыкам. Некалькі рагуль ходзяць на падворку і ў маці Сцяпана. Дарэчы, пра сям’ю Касьянікаў “Голас часу” пісала ў мінулым годзе. Тады ў Сцяпана былі велізарныя планы наконт развіцця ўласнай падсобнай гаспадаркі.
— Зусім нядаўна Сцяпан Касьянік разам з жонкай узялі ў арэнду па тры гектары зямлі для вядзення ўласнай гаспадаркі, — гаворыць старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч. – Такія людзі не здрадзяць сваёй зямлі, не прамяняюць вёску на горад. Яны хоць і маладыя, але не шукаюць лёгкага хлеба.
Не прамяняе сваё Навалессе на іншы населены пункт і Іван Фёдаравіч Касьянік, у якога на падворку тры каровы, пяструха-цялушка і наравісты бычок. Мужчына працуе ў сельгасарганізацыі “Радзежскае” электрыкам, а жонка даглядае цялят. Управіўшыся на асноўнай рабоце, муж з жонкай спяшаюцца на сваю немалую гаспадарку. Сядзець склаўшы рукі ім няма калі. У арэндзе амаль два гектары зямлі, якую трэба апрацоўваць, нарыхтоўваць сянаж і іншыя кармы для жывёлы. Добра, што некалькі гадоў таму ўвішны гаспадар Іван Фёдаравіч набыў трактар і прэс для нарыхтоўкі кармоў. Сваю гаспадарку поўнасцю забяспечвае і сяльчанам дапамагае.
— Ці не складана столькі кароў мець на падворку, за жывёлай патрэбен догляд? – пытаюся ў мужчыны.
— Цяжка толькі для тых, хто баіцца ці не хоча працаваць, — усміхаючыся, адказвае Іван Фёдаравіч. – Карова прыносіць добры прыбытак у сямейны бюджэт. Лічы, што яшчэ адзін заробак маеш. А кароў мы трымаем даўно, з таго часу, як толькі пажаніліся.
На вяселлі маладым рагулю падарыла цешча, з той пары каровы і вядуцца на падворку Касьянікаў. Сельвыканкам выдзеліў гаспадарам ля дома пашу, таму што далекавата ганяць кароў у агульны статак. З вясны і да першага снегу каровы пасуцца на сакавітым лузе.
— Іван Фёдаравіч, як дбайны гаспадар, набыў электрапастуха, — працягвае размову Вітольд Пяткевіч. – Летам сам падвозіць каровам у цыстэрне ваду. Паболей бы такіх людзей у вёсцы. У яго – залатыя рукі. За што ні возьмецца, усё добра зробіць. У тэхніцы разбіраецца, можа адрамантаваць як трактар, так і рухавік даільнай устаноўкі.
— Хто займаецца даеннем кароў? – даймаю пытаннямі Івана Касьяніка.
— Звычайна жонка, але калі ў яе па нейкіх прычынах не атрымліваецца, то і я магу, — адказвае гаспадар. – Гэта зусім не складана. З дзяцінства ўмею даіць кароў. Нядаўна набылі даільны апарат. Дык сам працэс даення ў разы скараціўся. Лішкі малака здаём. Зараз адна карова ў запуску. Таму атрымліваецца прадаць на малаказавод у дзень адну флягу, а гэта 40 літраў.
Дарэчы, Касьянікі – шматдзетныя бацькі. У іх трое дзяцей. Старэйшы сын пайшоў па слядах бацькі, працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве галоўным энергетыкам, дачка жыве ў Мінску, а самы меншанькі,Ілья, якому споўнілася толькі тры з паловай гады, ходзіць у дзіцячы садок. Адным словам, падрастае дастойная змена. Хто ведае, пройдзе час, і можа, Ілья працягне і раскруціць справу свайго бацькі, стаўшы слынным фермерам.
— Так атрымалася, што ў свае 51 год я і малады тата, і ў той жа момант дзядуля, — жартуючы, кажа Іван Фёдаравіч. – Старэйшы сын Іван жанаты, паўтара года таму яго жонка нарадзіла дачушку. Зараз яны жывуць разам з намі і будуюць дом у Збуражы.
Малочныя шляхі-дарогі Івана Холада
Як ужо казаў старшыня Олтушскага сельскага Савета Вітольд Пяткевіч, ва ўсіх вёсках сельсавета, дзе на падворках ёсць каровы, вядзецца закуп малака ў насельніцтва. На працягу апошніх некалькіх гадоў у Навалессі, Хмялёўцы і Радзежы збірае малако Іван Холад.
Працоўны дзень Івана Іванавіча пачынаецца рана. Узімку а палове сёмай гадзіны раніцы ён на трактары адпраўляецца збіраць малако. Зразумела, што летам малаказборшчык выязджае на паўтары гадзіны раней. Да дзевяці гадзін ён аб’язджае тры населеныя пункты, правярае ў лабараторыі малако на якасць. Прыкладна ў гэты час пад’язджае малакавоз ад ААТ “Савушкін прадукт”, у цыстэрны якога і пераліваецца малочная сыравіна.
— Зараз забіраю малако толькі з 18 падворкаў, — кажа Іван Іванавіч. – У многіх каровы стаяць на ацёле. Канечне, летам малака намнога больш. Напрыклад, сёння заліў у цыстэрну толькі 538 літраў малака.
Дарэчы, Іван Іванавіч не толькі малаказборшчык, але і актыўны малаказдатчык. Яго пярэстыя рагулі Малышка і Зорка даюць кожная па 20 літраў малака ў дзень.
— Малаказавод разлічваецца праз кожныя дзесяць дзён, — гаворыць Іван Іванавіч. – На малацэ можна добра падзарабіць. Але і тут не ўсё так проста: малако павінна быць якасным, без усялякіх дабавак, тым больш антыбіётыкаў. Інакш усю партыю яго вернуць назад.
— За апошнія чатыры месяцы толькі аднойчы вярталі малако, — тлумачыць Вітольд Мечыслававіч. – На жаль, не ўсе малаказдатчыкі сур’ёзна ставяцца да патрабаванняў якасці малака. Бываюць выпадкі, што здаюць малако ад кароў, якія поўнасцю не прайшлі курс лячэння. А потым уся партыя вяртаецца назад, таму што ў малацэ выяўлены антыбіётыкі. Працуем з насельніцтвам, тлумачым, што так рабіць нельга, таму што страты нясуць і іншыя малаказдатчыкі. Вызначыць, хто так робіць, даволі складана. Справа ў тым, што толькі адзін малакавоз збірае малако. Застаецца толькі спадзявацца на добрасумленнасць сяльчан.
Дарэчы, малако ад насельніцтва рэалізуецца першым гатункам, коштам 49 капеек за літр. Збірае яго Іван Холад праз дзень, улетку малаказборшчык будзе працаваць штодзень, без выхадных. Пакуль жывуць у вёсках такія працаўнікі, як Сцяпан Касьянік, Іван Касьянік, Іван Навумчык, Раіса Піпко і іншыя, не апусцеюць сельскія падворкі, не зарастуць быльнягом сцежкі, а на росных лугах гэтак, як і трыццаць гадоў таму, павольна будзе пасвіцца статак паважных рагуль.
Кацярына Яцушкевіч