«Пясняр чарнянскага краю» Новая кніга Уладзіміра Данілюка (Маларыцкі раён)

У культурным жыцці  Чарнян адбылася адметная падзея. У сельскай бібліятэцы прайшла прэзентацыя зборніка вершаў “Не пакідай мяне…” мясцовага паэта Уладзіміра Данілюка. Кніга Уладзіміра Мікітавіча выдадзена напрыканцы мінулага года ў Брэсцкай друкарні ў серыі “Маларытчына паэтычная”.

Фота райгазеты «Голас часу»

Імя Уладзіміра Мікітавіча добра вядома аматарам паэтычнага радка Маларытчыны. З 1969 года яго вершы пачалі з’яўляцца на старонках раёнкі. Уладзімір Мікітавіч да­сылаў у “Сельскае жыццё” не толькі іх. Ён стаў актыўным пазаштатным аўтарам. Талент Уладзіміра Данілюка заў­важылі і старэйшыя калегі па пяру і ў 1971 годзе прынялі ў склад раённага літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”.

Першы зборнік вершаў “Ся­­­род людзей” Уладзіміра Данілюка ў 1996 годзе выйшаў у свет яшчэ ў машынапісным варыянце. У 2013 годзе да юбілею пісьменніка зборнік быў перавыдадзены. Цяпер вершы Уладзіміра Данілюка па-ранейшаму пастаянна змяшчаюцца ў выпусках літаратурнага аб’яднання “Над рэчанькай Рытай”, якое існуе пры раённай газеце “Голас часу”.

* * *

У Чарнянскім СДК сабралася каля 70 прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Данілюка, каб паслухаць паэта і яго вершы, дакрануцца да прыгожага паэтычнага беларускага слова. Між  іншым,  крытыкі ўжо станоўча выказаліся пра новы зборнік Уладзіміра Мікітавіча.

Сустрэчу-прэзентацыю новага зборніка падрыхтавала і правяла бібліятэкар Алена Анішчук сумесна з кіраўніком “Чарняначкі” Вольгай Дзягель. Сустрэча праходзіла  ў форме зацікаўленай размовы, падчас якой гучалі не толькі ўспаміны, вершы, але і песні на словы У.М.Данілюка, музыку да якіх напісалі Наталля Дзягель  (“Бывай, маё лета, бывай…”) і Раіса Астапук (“Маёй Беларусі”). Песні прагучалі ў выкананні “Чарняначкі”. Напрыканцы прэзентацыі Ула­дзімір Данілюк раздаваў аўтографы сваім чытачам-аднавяскоўцам.

 

* * *

— Уладзімір Мікітавіч,  практычна ўсе Вашы вершы напісаны на беларускай мо­ве. На іншай мове пісаць не спрабавалі?

— На гэтае пытанне ў мяне ёсць дакладны адказ, – гаворыць Уладзімір Данілюк. – У 1998 годзе я пазнаёміўся з Алесем Каско, тагачасным старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Паколькі імя Алеся Канстанцінавіча на паэтычным Парнасе ўжо тады зай­мала пачэснае месца, то мне, пачаткоўцу ў літаратурным цэ­ху, хацелася, каб мае творы ён пачытаў, выказаў свае крытычныя заўвагі, падказаў, над чым працаваць, якія тэмы лепш распрацоўваць. Алесь Каско згадзіўся ў гэтым дапамагчы. “Прынясі вершы, толькі на беларускай мове”,  – сказаў ён. Пачутае і абрадавала,  і засмуціла. Засмуціла таму,  што вершаў на роднай мове практычна не было напісана. Вось так пасля гэ­тага і перайшоў на беларускую мову.

— А як нараджаюцца ў вас вершы? Магчыма, паэтычныя радкі хутка кладуцца на паперу?

— Вершы ўзнікаюць па-рознаму. Адны пішуцца хутка, другія – больш павольна, бо патрабуюць  пэўнага часу, неабходнага для “выспявання”. Але ўсе яны для мяне як родныя дзеці: аднолькава выпеставаныя, любімыя. У кожным з вершаў – часцінка мяне самога, імгненні майго жыцця, перажытае, перадуманае, пераасэнсаванае, а часам і выпакутаванае.

Галоўным для сябе ў жыцці Уладзімір Данілюк цяпер лі­чыць не толькі добра і “ладна” весці сваю хатнюю гаспадарку, але і ўдала ды цвёрда трымаць пяро ў руцэ, пісаць вершы, атрымліваць натхненне ад навакольнага жыцця, ад людзей, з якімі сустракаешся кожны дзень, радасць ад таго, што жывеш.

Пажадаем Уладзіміру Мікі­та­вічу творчага натхнення, плёну на літаратурнай ніве і новых вер­шаў!

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!