“Настя” В свои неполные 6 годков девочке многое уже пришлось пережить (Малоритский район)

У яе вельмі прыгожыя вейкі, доўгія і пушыстыя, якія абрамляюць вочы колеру нябёсаў. Падрасце яшчэ крыху і сапраўднай красуняй стане на радасць бацьку ды маці. А пакуль маленькая Насцечка гуляе ў цацкі, малюе ды ў пясочніцы лепіць кулічыкі. Дзяўчынка пакуль яшчэ не ўсведамляе, колькі ёй давялося перажыць за яе няпоўныя шэсць гадоў.

Насця – пятае дзіця ў сям’і Жанны і Мікалая Тарасюкоў, якія нядаўна з Арэхава пераехалі жыць у горад, атрымаўшы ключы ад прасторнай трохпакаёвай кватэры.

– Насцечка – наш маленькі цуд,  наша іскрыстае сонейка і неймавернае шчасце, – гаворыць мама дзяўчынкі Жанна Аляксандраўна. – Хаця і спазналі мы з ёй гора. Не хачу нават самаму лютаму ворагу такое перажыць.

Дзяўчынка з’явілася на свет у адзін са снежаньскіх дзён вельмі кволенькай, вагой 2 кілаграмы 620 грамаў. Калі маці ўпершыню прынеслі немаўлятка, тая міжволі пра сябе падумала: “Якое непрыгожае дзіця, тварык зморшчаны, быццам бы ў старога карліка”. Раптам гэтыя спантанныя думкі спыніла пяшчота і бездань замілавання да сваёй дачушкі. Адзінае, аб чым маліла маці Усявышняга, дараваць Насцечцы здароўе.

– Дзяўчынцы было толькі тры дні, як яшчэ ў радзільным доме я заўважыла, што ў яе нешта не так з вачыма, – узгадвае Жанна Аляксандраўна. – Левае павека адкрывалася,  а правае – не. Урачы спачатку супакойвалі. Маўляў, не хвалюйцеся,  перарасце і ўсё будзе добра.

Шчырым запэўніванням спецыялістаў хацелася верыць і Жанне Тарасюк. Таму з вялікай радасцю,  беражліва трымаючы на руках найкаштоўнейшы пакуначак, у якім ціха спала немаўлятка, Жанна вярталася дамоў у Арэхава. Не паспела матуля пераступіць парог хаты, як яе тут жа акружылі старэйшыя дзеці, якія з цікаўнасцю разглядвалі маленькую сястрычку. Аднак нядоўга пабыла дома з немаўляткам мама Жанна. Чарговы візіт да ўрачоў прагучаў як прысуд: у Насцечкі аказаўся прыроджаны птоз верхніх павек. У дзяўчынкі пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

– Амаль два гады мы літаральна не выходзілі з бальніцы, – узгадвае Жанна Аляксандраўна. – Нават страшна падумаць,  што магло здарыцца з Насцечкай, каб не неўролаг Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы Міхаіл Бусько. Гэта сапраўдны ўрач,  як гаворыцца,  ад Бога, які паставіў нашу Насцечку на ногі.

Зараз урачы робяць спрыяльныя прагнозы наконт здароўя дзяўчынкі, якая з’яўляецца інвалідам па зроку. Насцечка будзе бачыць. Дзіця перанесла аперацыю на адно вока і праз нейкі час зноўку паедзе ў Мінск, каб прааперыраваць другое вока.

– Мажліва,  давядзецца насіць акуляры, але гэта дробязь,  – гаворыць  шматдзетная мама.

Насцечка вельмі жвавая дзяўчынка, якой цяжка ўсядзець на адным месцы. Яна наведвае дзіцячы садок і любіць гуляць на дзіцячай пляцоўцы, што ў двары шматкватэрнага дома. За сваю маленькую сястрычку,  акрамя бацькоў, вельмі хвалююцца і старэйшыя дзеці.

– Шчыра скажу, аб вялікай сям’і з мужам не марылі, – працягвае размову Жанна Тарасюк. – У маіх бацькоў былі толькі я ды мая сястра і ў мужавых толькі двое дзяцей. А нам Бог паслаў пяцярых.

Самай старэйшай, Алене, – 23 гады і яна сама ўжо маці, гадуе дачушку Дашу. Маладая сям’я жыве ў Мінску і да бацькоў наведваецца нячаста. Асаблівы гонар таты Мікалая Мікалаевіча – гэта Аляксандр і Віталь, якіх таксама рэдка можна застаць дома. Аляксандр набывае прафесію ў брэсцкім каледжы сферы абслугоўвання,  а Віталь – сёлетні выпускнік Арэхаўскай сярэдняй школы.

– Ключы ад кватэры атрымалі ў 2017 годзе,  –  гаворыць Жанна Аляксандраўна. – Сярод года не рызыкнулі перасяляцца, дачакаліся жніўня 2018 і тады пераехалі. Палінка тут,  у горадзе,  пайшла ў першы клас,  аформілі Насцю ў дзіцячы садок. А  Віталь застаўся давучвацца ў Арэхаўскай школе. Выпускны клас,   таму і не сталі пераводзіць хлопца ў горад. Тым больш ён сам не хацеў. Жыве ў бабулі, захапляецца спортам, прыязджае трэніравацца ў спартыўны комплекс “Жамчужына”. Летам хлопцы самі на сябе зарабляюць, наймаюцца на працу да мясцовых арандатараў, збіраюць буякі,  памідоры.

У Тарасюкоў невысокія заробкі. Жанна Аляксандраўна працуе санітаркай у адной з бальніц Брэста. Раней шчыравала даяркай у сельгаспрадпрыемстве “Арэхава”, але і там вялікіх грошай не заробіш. Жанчына звольнілася і ўжо на працягу некалькіх гадоў дабіраецца на працу ў Брэст. Жанна Аляксандраўна кажа,  што графік і ўмовы працы яе задавальняюць. Суткі працуе,  а трое – дома. Муж   уладкаваўся ў ПМК-20 бетоншчыкам. На прадпрыемстве зараз таксама з работай не вельмі добрая сітуацыя, няма заказаў. Але Тарасюкі ні на што не скардзяцца,  наадварот,  радуюцца новай кватэры, атрыманай дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы,  дзе зусім нядаўна пачалі абжывацца, і перажываюць  за  Насцечку,  якая хутка паедзе на чарговую аперацыю.

Кацярына Яцушкевіч.

Поделиться:
  •  
  • 31
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий