Жаночыя пасядзелкі, або Пра што нагадаў стары фотаздымак (Арэхава, Маларыцкі раён)

У   апошнія гады свайго жыцця  пажылая сястра нябожчыка-бацькі,  цётка Тонька, часта скардзілася на тое, што, маўляў, няма зараз з кім у вёсцы і на лавачцы пасядзець-пагаварыць, як раней. Асабліва цёплымі пагодлівымі дзянькамі, калі ў хаце не ўседзець, а нешта рабіць па гаспадарцы ці ў доме здароўе не дазваляе. На гэта, прымошчваючыся побач, калі прыязджала на бацькаўшчыну і заходзіла яе праведаць, з ноткай суму ў голасе  адказвала: “А што тут дзіўнага – вашых аднагодкаў на нашым канцы  ды і ў  вёсцы Арэхава таксама амаль не засталося, палова хат стаяць пустыя. А маладым не да пасядзелак. У іх  работа,  дзеці,  гаспадарка”. Цяпер і цёткі няма – яе не стала летам  2017 г.

Так,  быў час,  калі на лавачках, якія дагэтуль стаяць уздоўж  вуліцы Са­вецкай у Арэхаве,   амаль насупраць кожнай хаты,  асабліва ў ня­дзелю ці ў святочныя дні, жанчыны збіраліся пад вечар на пасядзелкі. Сама іншым разам узгадваю, як на Вялікдзень пасля святочнага сняданка прыгожа апранутыя  аднавяскоўцы сем’ямі выходзілі на вуліцу.  Дзеці, а здаралася, што і дарослыя мужчыны, біліся рознакаляровымі  яйкамі. А жанчыны,  седзячы на лавачках, назіралі за святочнай атмасферай вуліцы і абменьваліся апошнімі навінамі. Бывала, што і застолле імправізаванае ў каго-небудзь пад вішнямі наладжвалі, калі надвор’е дазваляла.  А чаму не?  Свята ўсё ж. Што і гаварыць,  людзі на  нашай Зладзееўцы заўжды  былі дружныя,падтрымлівалі адзін аднаго і ў горы, і ў радасці. Хоць, як і ў любой іншай вёсцы, не абы­ходзілася калі-нікалі без сварак суседзяў. Толькі  добрага ў адносінах арэхаўцаў заўжды было ўсё ж больш і збіраліся яны разам нярэдка.

 Пра адны такія жаночыя пасядзелкі напомніла  мне знойдзенае ў матуліных паперах старое чорна-белае фота, зробленае гадоў 40, калі не болей, таму фатографам-самавучкай. Калі не памыляюся, звалі яго Сідарам  і быў ён родам з вёскі Дворышча. Нашы матулі на фота маладзейшыя за нас сённяшніх. Усе вясковыя працаўніцы,  дбайныя гаспадыні і проста цудоўныя кампанейскія жанчыны.

На жаль, я не прысут­нічала і нават не была назіральніцай тых пасядзелак, таму не магу нават уявіць, хто з жыхароў нашай Зладзееўкі быў ініцыятарам адзначыць свята. Ды толькі прапанова гэтая знайшла водгук у сэрцы кожнай жанчыны, якія ўсе  будні праводзілі ў рабоце, за доглядам дзяцей і хатняй гаспадаркі. Скінуліся, як гавораць, хто чым багаты. Нават квас у некага знайшоўся. А  тут і фатограф падаспеў.

…Пра што гаварылі жанчыны – не ведаю, але настрой,  па ўсім відаць,  у іх быў добры, таму і згадзіліся  сфатаграфавацца на памяць. Большасць з іх сёння ўжо спачываюць на вясковых могілках. Але мне вельмі хочацца распавесці пра кожную, бо ўсе яны – частка гісторыі вёскі Арэхава. Без іх   наша Зладзееўка апусцела  і прыціхла.

Марыя Сямёнаўна Луцык (на здымку злева направа першая). Яна з мужам і дзецьмі жыла праз тры дамы ад нашай хаты. Нарадзіла і выгадавала з мужам сына і дзвюх дачок. Працавала ў мясцовым калгасе паляводам. Цётка Маня запомнілася  мне сваім вясёлым і ветлівым характарам. Ад яе заўжды веяла дабрынёй і нейкай святочнасцю. Апошнія гады свайго жыцця была прыкавана да ложка. Суседкам, якія  яе наведвалі, скардзілася, маўляў, памру ўжо хутка. Ды толькі  лёсам ёй  было наканавана многіх з іх перажыць…

Вера Рыгораўна Амелянчук (у белай хусцінцы на заднім плане злева). Жонка майго роднага дзядзькі і хроснага. Гаспадарлівая,  гасцінная. Яна шчыра падтрымлівала маю матулю,  якая пасля смерці бацькі засталася жыць  на чужбіне адна. Цётка Вера была сяброўкай і дарадчыцай для сваіх дачок. Мне ў зносінах з ёй таксама было лёгка і проста. Помню,  як чакала яна пісьмы ад сына Грышы, які служыў у Афганістане. Ніхто не ведае,  што давялося перанесці мацярынскаму сэрцу  за 2, здавалася,  бясконцыя гады. Ды ўжо і не даведаецца. Цёткі Веры  не стала неяк раптоўна. Яшчэ ў суботу днём я віталася з ёй, калі праходзіла міма яе дома, а ў нядзелю вечарам  прыйшла сумная вестка. Было гэта каля 10 гадоў таму.

Наступныя дзве жанчыны  на здымку – Наталля Трафімаўна Ялова і Вера Лявонцьеўна Луцык – жывуць не на нашым краі вёскі. Але ў той далёкі ўжо час  у нядзелю і ў святы яны часта прыходзілі сюды да родзічаў. Зараз цётка Наталка жыве разам з сынам Мікалаем. Дачка замужам у Азербайджане,  яшчэ адзін сын жыве ў Брэсце.  Цётка Вера, якой сёлета споўніўся 81 год,  цяпер адна. Жыццё з мужам, ды яго ўжо і няма, не заладзілася, а адзіная дачка – у Брэсце. Вядома ж, яна не забывае пра маці і часта з сям’ёй наведвае яе. Кампанейская з маладосці, цётка Вера не любіць заставацца ў хаце адна. Яна рэгулярна наведвае мясцовы храм і спявае ў царкоўным хоры. Зараз гэтых жанчын практычна не ўбачыш на нашай Зладзееўцы, бо і хадзіць праз усю вёску далёка ды і здароўе ўжо не тое.

Макрыну Сямёнаўну Капанька помню мала. Баба Туроха, як называлі яе ў вёсцы (родам яна была з украінскай  вёскі  Тур) жыла з сям’ёй малодшага сына. Зай­малася хатняй гаспадаркай і дапамагала  выхоўваць унукаў, бо нявестка працавала ў мясцовым калгасе даяркай і значную частку дня праводзіла на ферме.

Матрона Дзмітрыеўна Луцык таксама праца­вала ў калгасе. Калі не памыляюся,  у паляводчай брыгадзе. Гадавала сына. Пазней вый­шла замуж за земляка. Дачка, якая нарадзілася ў гэтым шлюбе,разам з братам да апошняга дбала пра маці, калі яна аўдавела. А жанчына, нібы руплівая пчолка, дбала пра  іх: садзіла бульбу і гародніну, хадзіла ў лес па грыбы і ягады –  усё для дзяцей і ўнукаў.

Антаніна Лявонцьеўна Амелянчук. Гэта менавіта з яе я пачынала свой аповяд. Цётка Тонька выгадавала 2 сыноў,  а калі пайшла на пенсію – працавала ў мясцовым калгасе цялятніцай, займалася дзецьмі малодшага сына. Размаўляючы з ёй падчас прыезду ў вёску, я адчувала, як не хапае ёй  чалавечых зносін. І заўсёды тлумачыла, што  аднагодак яе ўжо няма, а сыну з нявесткай, з якімі яна жыла, неабходна працаваць. Што тычыцца ўнукаў, дык не трэба на іх крыўдаваць. Яе яны не забываюць, але быць з ёй пастаянна не могуць. І час ужо прымірыцца з гэтым…

Ганна Севасцьянаўна Бягеза. Яна,  бадай,  больш за ўсіх гэтых жанчын пражыла на свеце. І  ў свае дзевяноста,у адрозненне ад многіх нават маладзейшых жанчын, захавала прамую паходку і 50 грамаў яшчэ магла выпіць за святочным сталом. Зараз з чатырох  яе дзяцей засталася толькі адна дачка.  Старэйшай Афанасіі, якая ў свой час была адной з лепшых даярак калгаса “Зара”  і з якой яна жыла,  не стала яшчэ пры жыцці бабы Ганны.

Суседка Таццяна Ха­рытонаўна Капанька (на заднім плане справа). Маці 9-ці дзяцей, яна на працягу ўсяго жыцця гаспадарыла ў доме і на агародзе. Гатавала ежу, прала бялізну і дзіцячую вопратку. А яшчэ даглядала свякроў, якая практычна нічога не бачыла. Нягледзячы на чараду дзяцей і клопаты пра іх, сама цётка Таня заўжды была акуратнай і чыста апранутай. А яшчэ яна ўмела суперажываць чужому гору,  а вось сваё, калі трагічна загінуў яе малодшы сын,  падкасіла яе. Жанчына адразу неяк здала. У апошнія гады свайго жыцця яна часта выходзіла на вуліцу пасядзець на лавачцы. Відаць,  прадчуваючы хуткі адыход,  гаварыла маёй матулі: “Ты, руская, ўсё працуеш,  а я ўжо не магу нічога рабіць. Магчыма, хутка памру”. Яе прадчуванне было небеспадстаўным і хутка збылося.

Матуля. Марыя Дані­лаўна Яцура. Жыццё  ўраджэнкі Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэ­рацыі на чужбіне было няпростым. Кожны яе крок спачатку на хутары, а пазней у вёсцы, куды яе прывёз муж з Масквы,  дзе яна працавала, а ён служыў у арміі, быў пад пільнай увагай шматлікай бацькавай радні і цікаўных суседак. Мама ў адрозненне ад вясковых жанчын і маладзіц не ўмела прасці і ткаць,  затое  палоць градкі і быць добрай гаспадыняй у доме магла не горш за іх. Яна даказала гэта сваёй працай і жыццём. А яшчэ матуля ўсёй душой палюбіла Беларусь, якая стала для яе сапраўднай радзімай. Няхай і не адразу,  стала яна сваёй і ў вёсцы,  хоць так і засталася для ўсіх рускай.

Баба Васька. Так назы­валі ў нас Васілісу Анань­еўну Жох,  якая з мужам  жыла напрыканцы вёскі, ля самага лесу.  Жвавая не па гадах, невысокая худзенькая жанчына, як і яе дачка цётка Моця,  заўсёды была ў клопатах і ніколі не цуралася жаночых пасядзелак, бо тут заўсёды было пра што пагаварыць. А  яшчэ ў іх быў вялікі сад, яблыкамі з якога дзед Міцько частаваў майго бацьку, з якім сябравалі.

Вось такая гісторыя старога фотаздымка. А гісторыя жанчын, пра якіх распавяла, – гэта неад’емная  частка маёй маленькай радзімы і  майго жыцця таксама.

Надзея ЯЦУРА.

Поделиться:
  •  
  • 25
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий