Драўляных спраў майстар Іван Карабейка з Замшан (Маларыцкі раён)

У Маларыцкай раённай бібліятэцы адкрылася выстава работ Івана Карабейкі “Драўляных спраў майстар”, якая працягвае арт-праект “Свет хобі”, распачаты ўстановай культуры шэсць гадоў таму. За гэты час у ім змаглі прыняць удзел многія таленавітыя жыхары горада і раёна розных прафесій і ўзростаў, прадэманстраваўшы ўласнае майстэрства. Цяпер чарга за замшанскім майстрам-разьбяром Іванам Міхайлавічам. На працягу некалькіх тыдняў маларытчане змогуць знаёміцца з яго работамі.

Дэкаратыўнай апрацоўкай дрэва Іван Карабейка  сур’ёзна захапіўся пасля таго, як вярнуўся са службы ў арміі. Пачыналася ўсё са звычайнай цікаўнасці і заняткаў у вольны час дзеля ўласнага задавальнення.

– Хацелася паспрабаваць, ці атры­маецца, – гаворыць Іван Міхайлавіч. – Першыя спробы аказаліся ўдалымі. Гэта падахвоціла да далейшай творчасці, стала паступова зацягваць. Усяму вучыўся сам. Неяк непрыкметна захап­ленне само па сабе перайшло ў прафе­сію. Вырабы-сувеніры з дрэва мне падабаліся з дзяцінства. Памятаю, што ў магазінах, дзе яны прадаваліся, я мог падоўгу знаходзіцца ля вітрын. Некаторыя сувеніры з дазволу прадаўцоў браў у рукі і ўважліва разглядаў з усіх бакоў.

Разьбярства на некалькі гадоў для Івана Карабейкі стала асноўнай працай. Ён уладкаваўся майстрам па разьбе ў Кобрынскім вучылішчы мастацтваў,  пазней шчыраваў у калгаснай брыгадзе разьбяроў в. Астрамечава. А ў 1992 годзе  ў Івана Міхайлавіча з’явілася ўласная  сталярная майстэрня. Гэта адкрыла яму прастор для бязмежнай творчасці.

Калі выйшаў на заслужаны адпачынак, з Астрамечава пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў бацькоўскі дом у Замшаны, дзе і захапіўся вырабам сувеніраў з дрэва. Цяпер Іван Карабейка афіцыйна зарэгістраваны як рамеснік і прадае свае вырабы. Іх набылі ўжо жыхары Германіі, Польшчы, Расіі. Работы майстра дэманстраваліся падчас правядзення “Славянскага кірмашу”, фестываляў “Пінскі карагод”, раённых і абласных дажынак.

Некаторы час Іван Міхайлавіч у асноўным выразаў з дрэва лыжкі з мудрагелістымі разнымі ручкамі, пазней з’явіліся міскі, вазы, гаршочкі, хлебніцы, фруктоўніцы, ладдзі…Цяпер майстар большасць сваіх вырабаў аплятае  яшчэ і тонкімі карэньчыкамі з сасны. Гэта ім надае яшчэ большую прыгажосць і прывабнасць.

– Іван Міхайлавіч, якое дрэва найлепш  паддаецца апрацоўцы?

– Для мастацкай работы найлепш падыходзіць ліпа. Яе драўніна мяккая, аднастайная, белага колеру, з лёгкім ружовым адценнем, аднолькава добра рэжацца і ўздоўж, і ўпоперак валокнаў, практычна не рэпаецца і не карабаціцца, добра паліруецца. Выразаю таксама з асіны, дуба, ясеню, яблыні, ліпы, вольхі.

– А з чаго пачынаецца любы ваш выраб?

– Як раскалоў палена, так і пачынаецца працэс творчасці (усміхаецца).  Усё адбываецца непасрэдна падчас работы. Нейкіх эскізаў загадзя не раблю. Выдзёўбваю найперш сярэдзіну, а там прыкідваю, даю ход фантазіі, што можа атрымацца. Спачатку працую толькі сякерай, а пасля  пры дапамозе розных стамесак даводжу да толку выбраную форму, аздабляю выраб узорамі.

– Іван Міхайлавіч, кажуць, што раней вы дапамагалі прадаваць сувеніры ў адным з магазінаў Маларыты?

– Так, але ўскосна, бо за прылаўкам ні разу не стаяў. Справа ў тым, што ў магазіне па пэўных прычынах часам бракаваліся сувеніры: нешта ў іх то адламаецца,  то патрэскаецца, вышчарбіцца, паб’ецца… Прадаўцы прасілі мяне такія рэчы парамантаваць. Я іх прыводзіў, як кажуць, у належны стан, надаваў таварны выгляд. Усе як адзін  адрамантаваныя мною сувеніры на паліцах не залежваліся, а раскупляліся.

Іван Карабейка разьбярствам займа­ецца на працягу года, але найбольш спрыяльны час для творчасці – зіма. З надыходам цёплых дзён ён любіць папрацаваць яшчэ і на агародзе.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 32
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий