Спадчынная працавітасць сям’і Грышыных з Арэхава (Маларыцкі раён)

Яшчэ гадоў трыццаць таму ледзь не ў кожнай вясковай хаце можна было адшукаць сямейную калгасную дынастыю. Бацькі працавалі ў мясцовай гаспадарцы і іх дзеці з малых гадоў прывучаліся да нялёгкай працы: з маленства хлопчыкі разам з татамі завіхаліся ля тэхнікі, круцілі гайкі ў трактары, разам выязджалі ў поле, дзяўчынкі беглі да матуль на вячэрнюю дойку, каб дапамагчы з жывёлай. І калі прыходзіў час вызначацца з далейшым шляхам, у многіх і разваг не ўзнікала, бо і праца сельская ім была знаёма, ды і ад бацькоўскіх каранёў моладзь не адрывалася. Час і тэхнічны прагрэс многае змянілі. Цяпер дынастыі ў сельскай гаспадарцы рэдка сустрэнеш. Вось і ў Арэхаве іх няшмат. Сярод гэтых нямногіх – сям’я Грышыных. Тры пакаленні сям’і звязаны з мясцовым сельгаспрадпрыемствам.

Бацькаў прыклад

“Ён з добрай сям’і”, – такое выказванне мы нярэдка чуем і ўспрымаем гэтыя словы як ацэнку працавітасці. Звычайна так гавораць пра тую сям’ю, дзе рабоце аддаюць усе сілы, дзе не церпяць лайдакоў і гаспадарліва ставяцца да любой справы.Так можна сказаць і пра механізатара ААТ “Арэхава” Валянціна Уладзіміравіча Грышына. Маці яго,  Вера Арсенцьеўна,  працавала загадчыцай фермы,  заўжды была ў ліку старанных. Бацька, Уладзімір Ігнатавіч,  усё жыццё шчыраваў трактарыстам. Да тэхнікі з маленства цягнула і сына.  Многаму ён навучыўся ад таты. Гэта былі тыя самыя ўрокі працавітасці, якія перадаваліся на асабістым прыкладзе – па падручніку такое не вывучыш. Дапамагаў хлопец бацьку збіраць свой трактар, вучыўся рамантаваць тэхніку – ад веласіпеда і матацыкла да трактара. І працоўную дзейнасць пачынаў Валянцін у напарніках з бацькам на трактары МТЗ. Было гэта яшчэ да армейскай службы. Адслужыўшы, юнак вярнуўся зноў на радзіму і застаўся тут назаўжды. Вось ужо 30 гадоў працуе ён механізатарам. І як некалі перадаваў яму сваю любоў да тэхнікі бацька, так і ён стаў прыкладам для сваіх сыноў – Уладзіміра і Барыса. Уладзімір цяпер служыць у арміі,  а да службы пэўны час працаваў у мясцовай гаспадарцы. Прыцягнула да сябе тэхніка і Барыса,  ён,  як і бацька, летам працаваў на нарыхтоўцы кармоў, а зімою на пагрузчыку.

Вёску на горад не прамяняла

Галіна нарадзілася ў вёсцы Перавое. Хоць з маленства бачыла,  якая нялёгкая яна – праца калгасніка (маці яе, Марыя Клімаўна,  працавала ў паляводчай брыгадзе),  але закончыўшы школу, у горад падавацца нават не збіралася. Ды і пара ёй на сваёй маленькай радзіме знайшлася – выйшла замуж дзяўчына за хлопца з суседняй вёскі Перавысь – Валянціна. Іх першынцу не было і двух гадоў, калі Галіне прапанавалі паехаць павучыцца на курсы тэхнікаў-асемянатараў. «Чаму не паспрабаваць?» – падумала Галіна і адправілася на вучобу. Тады яна яшчэ і падумаць не магла, што гэтая прафесія стане яе сапраўдным прызваннем і што яна не раз будзе атрымліваць узнагароды як лепшы спецыяліст не толькі гаспадаркі, але і раёна. Вядома, двухтыднёвыя курсы многаму не навучылі, далі толькі азы складанай і адказнай прафесіі. А ўсім тонкасцям справы давялося вучыцца на практыцы. Але галоўнае – у яе была цікаўнасць да справы і жаданне вучыцца. І сёння жанчына добра памятае тыя трапяткія эмоцыі,  якія давялося адчуць, калі ўпершыню пачула словы: “Нарадзілася тваё цялятка!”. Гэта была сапраўдная маральная ўзнагарода за старанне, адказнасць і любоў да сваёй справы. А потым ужо былі іншыя ўзнагароды. Галіна Сцяпанаўна неаднойчы выходзіла ў пераможцы і прызёры раённага конкурсу тэхнікаў па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы. Аб адной такой перамозе напамінае каштоўны падарунак – халадзільнік. Высока ацэньваецца добрая праца асемянатараў не выпадкова. Яна хоць і непрыкметная на першы погляд і дае свой вынік не адразу,  але ад яе залежыць павелічэнне вытворчасці малака,  а значыць,  і  вынікі дзейнасці гаспадаркі.

22 гады працуе Галіна Грышына тэхнікам-асемянатарам. Пад яе увагай дзве фермы — “Комплекс” і “Арэхава”. У размове Галіна Сцяпанаўна прызнаецца, што яе работа сапраўды адказная. Але той, хто мала знаёмы з гэтай прафесіяй, нават і не уяўляе, наколькі яна няпростая. І працаваць асемянатарам можа далёка не кожны. Рабочы дзень пачынаецца рана, бо трэба паспець агледзець кароў да пачатку даення. Пераязджаць даводзіцца з фермы на ферму,  прычым і ранкам, і ўвечары, а ў летні перыяд яшчэ і на пашу адпраўляцца. Дзень ненармаваны, бо здараюцца розныя сітуацыі. На працы неабходна быць уважлівым ды і выконваць трэба ўсё своечасова. Гэта замену пэўнай дэталі ў тэхніцы можна адкласці на другі дзень,  і то калі не прыспешваюць палявыя работы. А асемяненне каровы на іншы дзень не адкладзеш. Не заўважыў спецыяліст, у якім стане знаходзіцца жывёліна, прамарудзіў з асемяненнем, парушыў тэхналогію, не будзе і цялятка. А няма цяляці, як вядома, не возьмеш ад каровы і малака. Ды і ўменне працаваць у камандзе з іншымі спецыялістамі,  у першую чаргу з ветэрынарным урачом і галоўным заатэхнікам, для асемянатара вельмі важнае.

Але на цяжкасці ў прафесіі Галіна Сцяпанаўна не скардзіцца. Заўважае, што прывыкла ўжо. Ды і стымул працаваць якасна ёсць – за вынік у канцы года ў гаспадарцы прадугледжана заахвочванне. Інакш кажучы,  ёсць цяляты – ёсць зарплата.

Быць гаспадарамі на зямлі

Сваё сямейнае жыццё Галіна і Валянцін Грышыны пачыналі ў доме бацькоў мужа ў вёсцы Перавысь. Потым жылі ў калгаснай кватэры ў Арэхаве. Сапраўднымі вясковымі гаспадарамі адчулі сябе тады, калі гаспадарка выдзеліла ім дом. Больш за ўсё Галіну радаваў участак у 25 сотак. Можна было не толькі агарод пасадзіць, але і кветкамі тэрыторыю ўпрыгожыць, каб утульна было і душа радавалася. Валянцін і Галіна сапраўды дбайныя гаспадары: і на зямлі працуюць, і гаспадарку трымаюць немалую. На арандаваных двух гектарах вырошчваюць бульбу і зерневыя. І хоць вясковыя будні не з лёгкіх, але любяць яны і гэты напоўнены працай уклад жыцця,  і сваю вёску Арэхава. Цяпер, калі да самай вёскі заасфальтавалі дарогу, калі ў вясковым доме ўмовы не горшыя за гарадскія, жыць у вёсцы, як заўважае Галіна Сцяпанаўна,  добра. Былі б сілы і здароўе. А да працы не прывыкаць. Ды і саму працавітасць атрымалі Грышыны ў спадчыну,  як і любоў да свайго куточка зямлі.

Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!