«Сябар і памочнік» ці Чаму механізатар з Ланской прамяняў трактар на каня (Маларыцкі раён)

Сцяпан Андрэевіч Сверба з Ланской размяняў дзявяты дзясятак. Але, нягледзячы на даволі шаноўны ўзрост, на падворку дзядуля яшчэ трымае каня – грацыёзнага прыгажуна па мянушцы Сівы.  Больш за трыццаць гадоў Сцяпан Андрэевіч адпрацаваў у мясцовым калгасе, прычым чвэрць веку араў ды сеяў на трактары. З тэхнікай дзядуля на “ты”. Ведае што да чаго, перабраў сваімі рукамі не адзін агрэгат, памяняў не адну запчастку на сваім жалезным памочніку. А  вось калі выйшаў на пенсію, вырашыў набыць сабе не мотаблок ці трактар, а сапраўднага каня.

— На працягу 17 гадоў на маім падворку жыве Сівы, — гаворыць дзядуля і выводзіць з хлява свайго памагатага і сябра —  сівой масці цяжкавоза.

Конь сапраўды захапляе: высокі, з калматымі шчоткамі на дужых нагах, ён уяўляе сабой сімвал працавітасці і заможнасці. Гаспадар, які трымае жывёлу за аброць, здаецца зусім маленькім і кволым. Сівы паслухмяна выконвае загады дзядулі Сцяпана, сцішана стаіць, калі мы робім фотаздымкі. Неверагодна, але жывёліна літаральна з паўслова разумее свайго гаспадара.

— Ідзі назад у хлеў, — загадвае каню Сцяпан Андрэевіч, і той нехаця, апусціўшы галаву, рушыць у стойла.

— Напэўна, вельмі накладна трымаць на падворку такую жывёлу? І корм патрэбна назапасіць на зіму, і даглядаць штодзень, і выгульваць. Як спраўляецеся, ці не думалі прадаць свайго Сівога?

Хвіліну-другую дзядуля маўчыць і з нейкім дакорам у вачах паглядае на мяне. Мажліва, сама таго не ўсведамляючы, нечым пакрыўдзіла старога.

— Для гультая любая праца цяжкая, — адказвае Сцяпан Андрэевіч. – Ся­дзець без справы, склаўшы рукі не магу. Ды і неяк нязвыкла бачыць сялянскі падворак без жыўнасці. Безумоўна, кожная жывёліна патрабуе догляду. Нават куры прападуць, калі за імі не глядзець. А пакуль ёсць сілы і магчымасць, буду гадаваць парсюкоў, трымаць птушку і даглядаць свайго каня.

Сівы – добры памагаты для дзядулі. І ў краму ён на ім з’ездзіць, і дроў прывязе, не кажучы, пра тое, каб поле ўзараць. Рахманы і паслухмяны конь спакойна зрушыць воз нават вагой у 3 тоны. Праўда, дзядуля шкадуе свайго цягавітага памочніка і не прымушае яго вазіць такія грузы. Корм для каня Сцяпан Андрэевіч нарыхтоўвае сам.

— Дзякуй Богу, касу ў руках яшчэ трымаю, — кажа гаспадар. – Кашу дзе давядзецца,  па канавах ды іншых месцах,  дзе расце атава. Каню сена ў два разы больш патрэбна, чым карове. Дапамагае ў нарыхтоўцы кармоў сын. Вырошчваем бульбу, моркву, буракі, якімі таксама асабліва ўзімку любіць ласавацца наш Сівы.

Дарэчы, конскую збрую, хамуты, аброці, вазы дзядуля робіць уласнымі рукамі. Да нядаўняга часу займаўся яшчэ Сцяпан Адрэевіч і пчалярскай справай. У садку каля хаты стаяць вуллі і самаробныя дубовыя калоды – борці.

— Усцягну адну такую калоду вунь на той высачэзны дуб, — гаворыць дзядуля, паказваючы на разгалістае дрэва. – Праз некалькі гадзін гляджу, а там ужо новы рой абжыўся. Зараз здароўе не дазваляе цягаць борці, сіл ужо тых ранейшых няма. А тут, як на зло, унадзілася нейкая хвароба, усе пчолы  прапалі. Калі прадам каня, дык увесь падворак апусцее. І сабаку стане сумна, не будзе каго ахоўваць.

Зразумела, што конь для Сцяпана Андрэевіча, які частку свайго жыцця адпрацаваў на трактары, больш, чым памочнік. Ён сябар, з якім і пагаварыць можна,  і памаркоціцца.

— Конь мотаблоку не канкурэнт,- разважае гаспадар. – Машына ёсць машына. Хоць і клопатаў з ёй менш: піць ды есці яна не просіць. Адпрацаваў на ёй, паставіў агрэгат у гараж і забыў да наступнай нагоды. Аднак яна не жывая, гэта куча жалязяк. А мой Сівы адчувае нават мой настрой, конь мяне разумее. Ён па-свойму радуецца, калі ў мяне ўсё добра, і маркоціцца, калі я захварэю, ці ў мяне нешта не ладзіцца. Мы з ім па сутнасці адно цэлае.

 

На жаль, многія ўспрымаюць коней выключна як цяглавую сілу. На самой справе, гэта разумная і грацыёзная  істота вучыць чалавека высакароднасці, робіць яго дабрэйшым. Таму,  што б ні казалі некаторыя празорліўцы, ніякія “жалезныя” коні не змогуць замяніць трапяткую пяшчоту і адданасць хутканогіх скакуноў.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!