Сярэбраны звон цымбалаў ансамбля “ВдохNOWение” (Маларыцкі раён)

Настаўнікі Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў не толькі даюць урокі, праводзяць пазакласныя мерапрыемствы, рыхтуюць сваіх вучняў да ўдзелу ў розных творчых конкурсах і фестывалях. Яны на ўласным прыкладзе яшчэ паказваюць, як неабходна спалучаць тэорыю і практыку навучання. Пацвярджэнне таму – лаўрэат міжнародных конкурсаў ансамбль “ВдохNOWение”, які нядаўна даў свой першы сольны канцэрт для жыхароў Маларыты.

Фото из архива ансамбля “ВдохNOWение”

– Можна сказаць, што “ВдохNOWение” створана выпадкова тры з паловай гады таму настаўнікамі ўстановы, улюбёнымі ў цымбалы, – гаворыць кіраўнік  ансамбля Вікторыя Багданава. – Я і Мадзіна Боцвіч на працу ў Маларыцкую дзіцячую школу мастацтваў уладкаваліся адначасова. На адзін з  канцэртаў, які праводзіўся ў нашай установе, нам неабходна было прадставіць нейкі музычны нумар. Параіўшыся, мы вырашылі выступіць дуэтам. Трохі пазней да нас далучылася Маргарыта Рэянтовіч, а год назад – Мі­калай Боцвіч. Цяпер і выступаем у такім складзе.

Разам са звыклым, агульнапрынятым гучаннем цымбалаў ансамбль “Вдох­NOWение” імкнецца зрабіць кожнае сваё выступленне зразумелым і даступным  любому слухачу. Таму цяпер калектыў працуе над пошукам новых выразных магчымасцей цымбалаў, каб задаволіць густы тых, хто прыходзіць на канцэрт.

Удзельнікі ансамбля збіраюцца ў вольны час на рэпетыцыі, каб потым са сцэны зачароўваць гледачоў хараством гучання цымбалаў. Так было і на апошнім канцэрце. Калектыў выступіў ярка і запамінальна, парадаваўшы прысутных у зале сваім высокім выканальніцкім майстэрствам – віртуознай ігрой. Святочная атмасфера канцэрта суправаджалася ўсмешкамі і апладысментамі ўдзячных слухачоў, многія нумары былі сустрэты “на біс”. Такі поспех – гэта спалучэнне вопыту, таленту, працалюбства і стараннасці.

– Асноўным музычным інструмен­там нашага калектыву з’яўляюцца цымбалы, – гаворыць Вікторыя Багданава. – Гэта інструмент, які валодае багатай музычнай выяўленчасцю, здольны здзівіць сваім каларытам. Для яго характэрна светлая і пяшчотная тэмбральная афарбоўка, яркі, але ў той жа час пяшчотны і доўга не згасальны гук. Цымбалы ў цяперашні час з’яўляюцца дастаткова запатрабаваным інструментам. Яны з вялікім поспехам выкарыстоўваюцца як у сольным выступленні, так і ансам­блевым, аркестравым. Цымбалы вельмі ўніверсальныя, на іх выдатна гучыць не толькі народная музыка, але і творы кампазітараў розных эпох, жанраў, і музыка сучасных накірункаў. У гэтым мы і хацелі пераканаць нашых гледачоў і слухачоў падчас канцэрта.

Між іншым, у Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў цяпер на цымбалах вучацца іграць 17 чалавек. Заняткі з імі праводзяць Вікторыя Багданава і Мадзіна Боцвіч. Навучыцца іграць на цымбалах – справа няпростая, а каб стаць сапраўдным музыкантам-прафесіяналам, неабходна карпатлівая праца не адзін дзень. Аднак  настаўнікам па класе цымбалаў такое пад сілу. Што гэта так, пераконваюць  перамогі вучняў, якія атрымліваюць узнагароды на розных творчых конкурсах.

Прыхільнікі творчасці з нецярпеннем чакаюць наступнага выступлення ансамбля “ВдохNOWение”.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 9
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий