Творчыя “Лапы” — у маларытчан

У польскім горадзе Мендзыжац-Падляскі, які знаходзіцца ў Люблінскім ваяводст­ве, прайшоў фінал міжнароднага фестыва­лю-конкурсу творчай моладзі “Лапа. Сляды творчасці”. Сярод амаль 300 удзельнікаў з 5 еўрапейскіх краін у спаборніцтве прымалі ўдзел і маларытчане. Аднак фартуна ўсміхнулася толькі 2 чалавекам. Гэта – вучні 10 класа Маларыцкай раённай гімназіі. Марыя Гапонік заваявала І месца ў намінацыі “Фатаграфія”, а Юрый Уласюк – ІІ месца ў намінацыі “Жывапіс”. Творчая проба сіл праходзіла ў тры туры, якія былі вочнымі. У першым з іх на працягу трох дзён праводзіліся практычныя заняткі, у другім (2 дні) – быў прагляд конкурсных работ удзельнікаў, у трэцім (2 дні) – узнагароджванне пераможцаў.
— Фінал мне запомніўся і тым, што перад намі выступалі зоркі польскай эстрады, — расказвае Марыя Гапонік. – А яшчэ мы былі на выставах , якія размяшчаліся ў гарадскім парку і на плошчы. Фестывальныя дні застануцца ў памяці яшчэ і таму, што яны падарылі цікавыя знаёмствы з равеснікамі з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы. Для мяне знаходжанне ў Мендзыжац-Падляскім было яшчэ і добрай моўнай практыкай, бо з многімі ўдзельнікамі фестывалю размаўляла на англійскай мове.
Юра Уласюк на конкурс прадстаўляў 2 свае карціны, выкананыя гуашавымі фарбамі. Згодна з умовамі правядзення спаборніцтва, творчыя работы павінны былі адпавядаць тэме “Месца, якое мяне здзіў­ляе”. На сваіх маляўнічых палотнах Юра адлюстраваў любі­мае месца ў Санкт-Пецяр­бургу і непаўторны маларыцкі пейзаж. Марыя Гапонік на разгляд журы прадставіла фотаздымкі-рэпартажы “Дзеці”, “Маларыцкая прырода” і “Нябёсы”.
Па выніках фестыва­лю-конкурсу, які право­дзіўся ў рамках праграмы “Развіццё рэгіёнаў” і меў дэвіз “Завяжам дружбу паміж малымі гарадамі Еўропы”, Юра Уласюк узнагароджаны дыпломам ІІ ступені, статуэткай “Сярэбраная лапа” і гульнявой прыстаўкай да камп’ютара. Марыя Гапонік з рук журы атрымала дыплом І ступені, “Залатую лапу” і ноўтбук.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Гапонік і Юрый Уласюк з узнагародамі міжнароднага фестыва­лю-конкурсу.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!