КАЛІ ДАРУЧАНА, АБАВЯЗАНЫ ВЫКАНАЦЬ

На мінулым тыдні адбылася “прамая лінія” са старшынёй райвыканкама Казімірам ЛАПІЧАМ. Ніжэй – рэпартаж з яе.
Генадзь Іванавіч Крэстоўскі, жыхар Маларыты:
— Казімір Віктаравіч, у час “прамой лініі” з Вамі ў ліпені г.г. я звяртаўся з такім пытаннем: калі клалі на нашай вуліцы асфальт, а на стаянцы не паклалі яго, то з-за гэтага ў дажджлівае надвор’е вада сцякае да нас у агароды. Пытанне да гэтага часу застаецца адкрытым, ніхто не прарэагаваў…
— Раз дырэктару РВА ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Аляксандру Фёдаравічу Пешту даручана навесці там парадак, ён павінен выканаць даручэнне.
Пелагея Мікалаеўна Сіжук, пенсіянерка, г. Маларыта:
— У нас шмат гаворыцца на самым высокім узроўні пра нара­джальнасць, пра паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Дык чаму ў нас закрыта радзільнае аддзяленне (я клапачуся пра маладое пакаленне, у мяне ўнукам ужо за 20), чаму нашым парадзіхам трэба ехаць у раддом Кобрына ці Брэста, ці будзе адкрыта ў нас радзільнае аддзяленне і калі?
— У свой час я асабіста быў супраць закрыцця нашага радзільнага аддзялення, але гэтае пытанне вырашалі на больш высокім узроўні. У час наведвання ў пачатку гэтага года райбальніцы міністрам аховы здароўя РБ Васілём Жарко вялася размова, каб адкрыць у Маларыце радзільны дом. Былі надзеі, што мы задумку ажыццёвім, тым больш, што праблема выспела і патрабуе вырашэння. Аднак цяперашні крызіс усё перакрэсліў. Ідэю адкрыцця гэтага аддзялення з рахункаў мы не спісваем.
— Дзякуй. Жадаю, каб удалося ідэю ажыццявіць.
Мікалай Іванавіч Дзямянка, пенсіянер з в. Чарняны:
— Казімір Віктаравіч, у нас на трасе у Чарнянах няма асвятлення…
— Асвятленнем, ведаю, траса абсталявана.
— І яшчэ пытанне. Вельмі нязручна зрабілі на аўтобусных прыпынках аўтамабільнай трасы ўздоўж нашай вёскі, калі прыбралі лаўкі.
— Рэканструкцыя дарогі зроблена згодна з праектам.
— Казімір Віктаравіч, у Маларыце ад вакзала да паліклінікі немалая адлегласць, і пенсіянерам падчас нялёгка дабрацца туды. Ці нельга наладзіць транспартныя зносіны паміж гэтымі пунктамі?
— Гарадскі аўтобус ходзіць згодна з устаноўленым раскладам. Паважаны Мікалай Іванавіч, крокавая адлегласць ад вакзала і бліжэйшага аўтобуснага прыпынку, які знаходзіцца на вуліцы Леніна ля гарадской гасцініцы “Юбілейная”, зусім невялікая. Аўтобус, згодна з раскладам, прыбывае сюды ў 7.16 ранкам і ў 12.45 у абед.
Валянціна Мікалаеў­на Бурчак, г. Брэст:
— У Маларыце жывуць мае родныя і я часта да іх прыязджаю. Па вуліцы Петруся Броўкі не гарыць ніводны ліхтар. Гэта эканомія, ці як? Летам так-сяк, а як зімой, калі рана цямнее?
— Так, паважаная Валянціна Мікалаеўна, даводзіцца эканоміць, таму што катастрафічна не хапае фінансавых сродкаў. Да зімы, спа­дзяюся, асвятленне бу­дзе ўключана.
— Дзякуй. Дзякуй, Казімір Віктаравіч, і за тое, што вуліцу адрамантавалі.
Людміла Варановіч, жыхарка вуліцы Леніна:
— За адміністрацыйным будынкам раённага спажывецкага таварыства да нашых дамоў немагчыма пад’ехаць. Ад імя жыхароў яшчэ некалькіх дамоў я прасіла б дапамагчы добраўпарадкаваць пляцоўку, што знаходзіцца за райпа.
— Пытанне гэтае мы трымаем на кантролі і пастараемся тэрыторыю добраўпарадкаваць.
Ніна СВІЦЮК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!