«Я вам пішу з сорак пятага…» Лісты з фронту маларытчан

…. У краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раённай гімназіі зноў гучыць песня “Палявая пошта” Марка Бернеса. Вучні ўважліва ўслухоўваюцца ў кожнае яе слова. Затым экскурсавод расказвае, што падчас Вялікай Айчыннай вайны сувязь паміж вайсковымі часцямі, насельніцтвам ажыццяўляла ваенна-палявая пошта. Яна не спыняла сваю працу, нягледзячы на голад,  холад і пастаянныя абстрэлы. У Савецкім Саюзе франтавыя лісты перасылаліся бясплатна. Іх складалі ў форме трохкутніка. Кожны ліст з фронту абавязкова праходзіў працэдуру цэнзуры. Маркі не выкарыстоўваліся, адрас звычайна пісалі зверху ліста.

Фота райгазеты «Голас часу»

Экскурсавод пераходзіць да раздзела “Пісьмы з фронту”. Цяпер у краязнаўчым музеі “Спадчына” Маларыцкай раён­най гімназіі захоўваецца 50 пісем і 7 паштовых картак з фронту. 54 з іх маюць канкрэтных адрасатаў у 12 населеных пунктах раёна. На салдацкіх трохкутніках стаяць паштовыя штампы, датаваныя 1943—1945 гадамі. Амаль палова пісем адрасавана маці, столькі ж — жонкам і толькі чатыры — бацьку. Напісаны лісты на рознай паперы: звычайных ар­кушах са школьных сшыткаў ці блакнотаў, адваротным баку ка­зённых бланкаў, абрыўках плакатаў.

Пісьмы з фронту — сведчанне таго, што чалавек яшчэ жывы, ваюе з ворагам ці ляжыць у шпіталі. Гэтыя лісты чакалі што­дзень, а атрымаўшы, з нецярпеннем чыталі ўсёй сям’ёй. Іх паказвалі родным, суседзям і вельмі радаваліся.

Пажаўцелыя і нават парыжэлыя ад часу пісьмы. Салдаты ў іх ці­кавяцца, як дамашнія спра­вы, перажываюць за тое, ці падрыхтаваліся, напрыклад, да зімы, сяўбы, уборкі.  І ні слова няма пра свае цяжкасці.

Перачытаем некаторыя сал­дацкія трохкутнікі. Вось ка­роценькія пісьмы. Першае ад­ра­савана Марыі Сянчук з в. Хаціслаў:

“9 снежня 1944 года. Прывітанне ад Сенчука Паўла! Дарагія мае бацькі, жонка і дзеці Пецька, Стэфан, Кацярынка, спяшаюся вам паведаміць, што я пакуль жывы. Цяпер знаходжуся ў шпіталі, аднак рана хутка зажывае. Спадзяюся, што неўзабаве зноў буду біць ненавіснага ворага. Перадавайце “Добры дзень!” ад мяне ўсім, каго я ведаў.  Расказвайце больш падрабязна пра жыццё ў вёсцы. Чакаю ад­казу”.

Яшчэ адзін ліст з фронту прыйшоў да Цярэнція Сацюка з г.Маларыта.  Кірыл Смаль піша:

“24.08.1944. Добры дзень, дарагое маё сямейства! Я пакуль жывы, але нездаровы: шматлікія раны вельмі напамінаюць пра сябе. Мне цяжка. Спадзяюся з божай дапамогай хутка ўстаць на ногі. Шкада, што цяпер не магу, як раней, працаваць на зямлі. Успамінаю мірны час і ўяўляю сябе аратым, які ідзе па баразне за канём. Цяпер самы час падрыхтаваць зямельку да будучага ўраджаю… Дарагія мае дзеткі, я звяртаюся да вас! Таня,  Вера, Міша,  Міця і Дуня, слухайцеся заўсёды маму, дапамагайце ёй ва ўсім.Толькі так, дружна, разам, можна вы­жыць. Маё бацькоўскае благаславенне на вас. Цалую. Пішыце”.

Наступны ліст адрасаваны Домне Корань з вёскі Арэхава:

“10 мая 1945 года. Добры дзень, дарагія бацькі! Прывітанне, любімая жонка і дзеткі Кацюша, Коля, усе родныя і знаёмыя! Я зараз знаходжуся ў самым цэнтры Германіі, непадалёк ад Берліна. Добра тут у іх. Навошта немцы рабавалі просты народ, калі былі на нашай тэрыторыі? Чаго ім не хапала? Усё ж ёсць. На няшчасці іншых нельга стаць шчаслівымі. Бог такога здзеку не даруе праклятаму немцу. Гітлеру і Гебельсу прыйшоў капут, а вайне — канец. Хутка зусім даб’ём фашысцкую гадзіну. Да вас прыеду з перамогай! Няхай жыве дзень 9 Мая, Дзень Перамогі над ворагам. Гэта свята ўсенароднае. Вораг разбіты, а перамога за намі! Вітаю вас, дарагія бацькі. Вайна скончылася. Да сустрэчы! Васіль Корань”.

А вось такі ліст з фронту  ат­рымала Сафія Лук’янчук з вёскі Гвозніца:

“10 снежня 1944 года. Дарагая жонка Сафія і ненаглядныя дзеткі Міша і Хэлца! Дарагое маё сямейства, паведамляю вам, што я жывы і здаровы. Вам жадаю добрага здароўя і поспеху ў дамашнім жыцці. Дасылаю табе, дарагая жонка Сафія, чыстасардэчнае чырвонаармейскае прывітанне. А дзеткам, Мішу і Хэлцы, жадаю добрага здароўя і шчасця. Дарагі сынок Міша, калі ёсць у нашай вёсцы школа, прашу цябе, ідзі вучыся. Калі няма абутку, то няхай маці папросіць у каго-небудзь, каб сплялі лапці. Але ў школе неабходна вучыцца, бо вучэнне — гэта свет, а невучэнне — цемра. Дарагая жонка Сафія, як атрымаеш маё пісьмо, то адразу напішы адказ. Як ты жывеш сама? Мне перадалі, што ў цябе дрэннае здароўе. Прашу, не вельмі знясільвайся працай. Як будзем жывыя, то ўсё разам будзем нажываць пасля вайны. Па мне вельмі не сумуй. Ужо блізка перамога над ненавісным ворагам. Вярнуся — і зажывём шчасліва на сваёй роднай зямлі.

Таксама дасылаю прывітанне маці і бацьку, сястры Парасцы. Дашлі мне адрас швагра Івана. Ці жывы ён? Дзе ваюе? Яшчэ перадай прывітанне Ільі з яго сямействам, хрышчонаму бацьку, сястрыцы Каці, Ульяне, суседу Паўлу Янкевічу і Уладзіку, брату Рыгору і яго жонцы Паліне.

І яшчэ. Ці закончыла будаваць сястра Параска сваю хату? Ці, можа, усе жывяце разам? Глядзіце, каб было цёпла. Напішыце, ці ёсць у вас дровы на зіму. У нас тут цёпла, як вясной, ідуць дажджы. Думаю, што і ў вас няма маразоў, бо нас аддзяляе недзе 600 км.

Нам далі добрае адзенне і чыстую пасцельную бялізну. Пастаянна бываем у лазні. З навукай я спраўляюся не горш за іншых. Мне ўсё зразумела. Толькі вось сумую па сваёй сям’і. Хто пасля мяне пайшоў служыць на фронт? З таварышаў побач нікога няма. Часта бачу Івана Зялько.

Да сустрэчы! Лука Іванавіч Лук’янчук”.

Пісьмы з фронту — гэта па­мяць, най­каштоўнейшыя дакументы,  праў­дзівы летапіс вайны, за­павет нам, якія жывуць сёння, і тым, хто пры-йдзе ў гэты свет заўтра.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!