Па цыбулю едзьце ў Дарапеевічы

Вырошчваннем такой нетрадыцыйнай культуры, як цыбуля, у нашым раёне займаюцца ўсяго 2 гаспадаркі: СВК “Чырвоны партызан” і “Дарапеевічы”. І трэба сказаць, што з кожным годам павялічваюцца не толькі плошчы, адведзеныя пад цыбулю, удасканальваецца тэхналогія вырошчвання яе, але і сам працэс пасадка-уборка становіцца больш механізаваным. Скажам, з 2005 года, ці з таго часу, як у СВК “Дарапеевічы” пачалі цыбулю вырошчваць, тут было набыта прыкладна каля 10 адзінак тэхнікі. Гэта і мабільная дажджавая ўстаноўка для паліву, капальнік-валкаўкладчык цыбулі, касілка для скошвання бацвіння, падборшчык-пагрузчык, машына для абрэзкі і ачысткі цыбулі, загрузчык цыбулі ў сховішча і інш. Калі ручная работа і выкарыстоўваецца, дык толькі для таго, каб цыбуля, у рэшце рэшт, якаснай, чыстай, адборнай паступала ў гароднінасховішча. Што яна сюды паступае менавіта такая, гаварыла і Нэлі Паляціла, кладаўшчык, пераканаліся і мы самі.
Калі гаварыць пра рэнтабельнасць нетрадыцыйнай культуры і тое, што яна дае гаспадарцы ў фінансавым плане, дастаткова прывесці адзін факт. На працягу ўсіх гадоў, за выключэннем аднаго, 2008-га, цыбуля аказвалася даволі рэнтабельнай (ад 14,8 да 67%) і давала СВК хоць не надта вялікі, але ўсё ж прыбытак.
Да прыкладу, у 2006 г. ён склаў 32 мільёны рублёў, у 2007 і 2009 – больш чым па 15 мільёнаў, а ў 2010 – 94,3 мільёна.
Хаця кожны год было не без праблем з рэалізацыяй гэтага віду гародніны. Масавага пакупніка не толькі ў вобласці, але і ў цэлым у Беларусі не аказвалася. Сховішча тады ў гаспадарцы не было, ды і вопыту абыходжання з гэтай далікатнай вітаміннай гароднінай таксама. Таму кіраўніку гаспадаркі не раз даводзілася трымаць справаздачу перад рознымі правяраючымі, у тым ліку і дзяржкантролем. Цяжка было даказаць: цыбуля засталася нерэалізаванай толькі таму, што аказалася незапатрабаванай на нашым беларускім рынку.
Сёлета гэтая праблема стаіць востра зноў. Бо канкрэтных заявак на закуп цыбулі пакуль не паступіла, хаця ў гаспадарцы ахвотна прымаюць іх, як ахвотна прадаюць гародніну (між іншым, яна сёлета добра ўрадзіла, і, дзякуючы сонечнаму вераснёўскаму надвор’ю, дайшла да патрэбнай кандыцыі). Таму ў Дарапеевічах цыбулю могуць купіць усе, хто жадае. Калі ласка!
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: машына для абрэзкі і ачысткі цыбулі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!