«Марк і музыка» Юны маларытчанін марыць стаць вядомым музыкантам і ў яго ёсць поспехі (Маларыцкі раён)

Марк Пішчык атрымаў дыплом лаўрэата першай ступені ў намінацыі “Інструментальнае выкананне (фартэпіяна)” ва ўзроставай катэгорыі да 5 гадоў на міжнародным конкурсе-фестывалі дзіцячай і юнацкай творчасці “Славяначка”. Заснавальнікамі гэтага творчага спаборніцтва сталі грамадскі фестывальны рух “Дзеці Расіі” і творчая маладзёжная асацыяцыя “Ліра”.

Гэта ўжо другая ўзнагарода пяцігадовага маларытчаніна на спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню за апошні месяц. Нядаўна Марк атрымаў дып­лом лаўрэата трэцяй сту­пені за выступленне на міжна­родным шматжанравым фес­ты­валі-конкурсе творчасці “Millennium” за выкананне “Менуэта” Людвіга Моцарта. На апошнім спаборніцтве Марк Пішчык выканаў два творы: “Менуэт” Моцарта і п’есу “Кот і варабей” з сюіты “Бабулін двор” беларускага аўтара Алі­ны Безенсон.

Да конкурсу  юны музыкант сур’ёзна рыхтаваўся некалькі тыдняў. У дзіцячай школе мастацтваў разам са сваім вы­кладчыкам Маргарытай Рэян­товіч, а дома – разам з ма­май  Дзінай Пішчык.

— Дома ў нас ёсць фартэ­пія­на, –  гаворыць Дзіна Іва­наўна. — Таму Марк  музыкай зай­маецца кожны дзень на працягу 30 хвілін. А перад канцэртамі затрачваем на падрыхтоўку  трохі больш часу.

— Мне ўжо пяць з пало­вай гадоў, я люблю іг­раць на фартэпіяна, — кажа Марк. — Захапляюся музыкай Баха, Моцарта, Бетховена. Як вы­расту, хачу стаць музы­кан­там, ездзіць з гастролямі па свеце і збіраць поўныя залы гледачоў і слухачоў.

Марк Пішчык наведвае другі год падрыхтоўчае аддзяленне Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Да чароўнага свету музыкі яго далучае Мар­гарыта Рэянтовіч.

— На кожным занятку Марк  надзвы­чай уважлівы, уседлівы і старанны вучань,-  гаворыць настаўніца Маргарыта Сяр­гееўна. – Любіць, каб любая музыка, якую ён іграе, гучала “чыста”. І калі нешта не атрым­лі­ваецца, просіць  яшчэ раз патлумачыць і паўтарыць. Хлоп­чык ужо выдатна засвоіў музычную грамату. Цяпер ён можа сыграць любыя жанры класічнай музыкі. А на сцэне паводзіць сябе як сапраўдны артыст.

Мама Марка закончыла  адну з музычных школ Брэста, бацька – Юрый Уладзіміравіч –  самастойна навучыўся іграць на акустычнай гітары.  Дзіна Іванаўна яшчэ да нараджэння сына хацела, каб ён свой лёс звязаў з музыкай. Пакуль гэта атрымліваецца. Марк з задавальненнем наведвае кож­ны занятак, без прымусу  таксама іграе  хлопчык і дома. Марк ужо дасягнуў пэўных поспехаў. Цяпер ён засвоіў праграму музычнай школы пер­шага класа, а да канца гэтага навучальнага года зас­воіць яшчэ і праграму дру­гога класа.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  • 25
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!