«Толькі боль у сэрцы не сціхне ніколі» Еўдакія Коцелева з Грушкі (Маларыцкі раён)

Мінаюць гады, але цяжкія раны Вялікай Айчыннай вайны час не можа загоіць. Яны баляць і кроваточаць, не даюць спакою тым,  хто прайшоў праз страшнае пекла вайны. Самымі безабароннымі ў тым вогнішчы смерці аказаліся дзеці, з якіх як толькі маглі здзекаваліся нацысты. Хлоп­чыкі і дзяўчынкі былі бяс­платнай рабочай сілай, над імі праводзілі медыцынскія эксперыменты, з іх кволых цельцаў забіралі кроў і жыццё для салдатаў вермахта. Яны маўкліва паміралі ў канцэнтрацыйных лагерах смерці. І нібыта маленькія анельчыкі, просячы паратунку, прасціралі з мальбой рукі да нябесаў. Лёс быў бязлітасным і жорст­кім. Дзіцячы крык, напоўнены болем і страхам, патанаў у бязлітасным пекле вайны і смерці.

Сотні нашых суайчыннікаў аказаліся у больш чым 14 ты­сячах канцэнтрацыйных ла­гераў, турмаў,  гета, якія ства­рылі нацысты па ўсёй Еўропе. Міжнародны трыбунал у Нюрнбергу прызнаў у 1946 годзе, што заключэнне ў няволю мірных грамадзян, тым больш дзяцей і падлеткаў, як і выкарыстанне іх працы пад прымусам у інтарэсах Германіі, з’яўляецца не толькі ваенным злачынствам. Гэта — злачынства супраць усяго чалавецтва.

Каля 600 чалавек з Маларытчыны гітлераўцы вывезлі на прымусовыя, катаржныя работы ў Германію. На жаль, некаторыя так больш ніколі  і не вярнуліся на Радзіму, загінулі на чужыне ад непасільнай працы і здзекаў. Як расказала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, за­нятасці і сацыяльнай абароне Маларыцкага райвыканкама, начальнік аддзела сацыяльнай падтрымкі на­сельніцтва Наталля Іолап, у раёне пражывае ўсяго толькі 15 вязняў. Сярод іх і 90-гадовая Еўдакія Пятроўна Коцелева (на здымку) з не­вялічкай вёсачкі Грушка. Маладой шаснаццацігадовай дзяўчынай яна пад прымусам была вывезена ў Нямеччыну. Пра гады, калі яна працавала ў рабстве на немцаў, Еўдакія Пятроўна прыгадваць не хоча. Зразумела, неверагодна цяжка нават у думках перажыць яшчэ раз той жах ваенных гадоў, калі ты не ведаеш, што з табой будзе заўтра. Там, у варожай Германіі, здавалася, што і неба было іншым, і нават сонца бязлітасна халодным. Таму такой неймаверна радаснай і надзвычай доўгачаканай стала вясна 1945 года, калі савецкія войскі разам з саюзнікамі вызвалілі Еўдакію Коцелеву і тысячы іншых вязняў з нямецкага палону. Дарога дадому была доўгай, але такой жаданай. І хоць ва ўсёй краіне панавала страшная разруха, дзяўчына адчувала сябе шчаслівай.

Усё сваё жыццё Еўдакія Пят­роўна пражыла ў Грушцы,  шчыравала паляводам у мясцовым калгасе. Выгадавала сына і дзвюх дачок.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!