На Маларытчыне прайшоў раённы конкурс юных даследчыкаў (фота)

На базе Маларыцкай СШ №2 днямі прайшла штогадовая раённая канферэнцыя (конкурс) даследчых работ вучняў пачатковых класаў “Я – даследчык”.  На суд журы  было прадстаўлена 19  работ. Іх выканалі 32 вучні з 17 устаноў адукацыі Маларытчыны. На заключным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва былі прадстаўлены работы, якія прайшлі папярэдні адбор.

Хлопчыкі і дзяўчынкі на гэты раз даследавалі  многае. Іх, напрыклад,  цікавілі асаблівасці паводзін леварукіх дзяцей,  лічба «сем» у праваслаўі,  адзін з ві­даў народнага рукадзелля – вышыўка. Будучыя даследчыкі імкнуліся даць адказы на такія пытанні, як, напрыклад, для чаго кату вусы,  як уплываюць мыйныя сродкі на вадаплаўных птушак, «Lego»  – гэта  забава ці навучанне.

З веданнем справы юныя на­вукоўцы пераконвалі, што садавіна і гародніна – гэта крыніца энергіі для чалавека, а соль – незвычайнае ў звычайным, што  з дзьмухаўца  можна зварыць смачнае варэнне, а старыя цацкі могуць набыць другое жыццё. Маларыцкія даследчыкі прыйшлі да вываду, што  нетрадыцыйныя тэхнікі малявання  развіваюць творчае  і лагічнае мысленне,  фарміруюць цікавасць да мастацтва. Яны таксама даведаліся, што мандала – малюнак,  які выкананы ў крузе, і стварылі мандала  Друж­бы свайго класа.

У секцыі “Матэматыка, фізіка, тэхніка” першае месца заняў Мацвей Галянчук, вучань 2 “В” класа раённай гімназіі  (нас­таўнік Наталля Заляшчук) з работай “Чароўны кубік”,  другое месца – Аляўціна Дзмітрыева, вучаніца 3 класа Ляхавецкага д/с-СШ (настаўнік Вольга Луцык) з работай “Як з’явіўся фотаапарат”. У секцыі “Прыродазнаўства” лепшым стаў Сяргей Бярчук, вучань 3 класа Олтушскай СШ  (настаўнік Таццяна Тыцык) з работай “Смец­це і мы”.  Другое месца ў гэтай секцыі прысуджана Ула­дзіславу Хатынюку, вучню 4 класа СШ №1 (настаўнік Анастасія  Хатынюк) за работу “Ляўша ці праўша?” У секцыі  “Гуманітарныя ве­ды” пераможцам стала Яў­генія Яшчук, вучаніца 3 класа Дарапеевіцкага д/с-СШ (настаўнік Ірына Яшчук), другое месца – у Вікторыі Сушковай і Лізаветы Данілюк,  вучаніц 4 класа Чарнянскай СШ  (настаўнік Таццяна Баброўская).

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!