У Велікарыцкай СШ імя Платона Саевіча ў 8 класе адна вучаніца (Маларыцкі раён)

Пра восьмы клас Велікарыцкай СШ імя  Платона Саевіча, у якім на пачатак навучальнага года было ўсяго два вучні, “раёнка” пісала ўжо. А цяпер ў гэтым класе навучаецца адна вучаніца. Гэта адзіны выпадак  на Маларытчыне.

– Пра наш восьмы клас неабходна ўдакладніць, – гаворыць дырэктар установы адукацыі Ірына Наркевіч. – З сярэдзіны трэцяй і да канца чацвёртай чвэрці ў гэтым класе на ўроках са­праўды набывае веды толькі адна вучаніца – Лізавета Пукета. Яшчэ адзін яе аднакласнік – Мікалай Свіцюк – знаходзіцца на аздараўленні за межамі раёна.   

Ці добра, калі ў класе вучыцца толькі адзін ву­чань? Аб гэтым мы пацікавіліся ў Лізаветы Пукеты.

—  Адна на ўсіх уроках я толькі другі месяц, – кажа Лізавета. – Спачатку было нязвыкла і трошкі сумнавата. Але паступова да такога стану ўжо прызвычаілася. На перапынках люблю паразмаўляць са сваімі сяброўкамі з іншых класаў. Кожны дзень імкнуся старанна і грунтоўна рыхтавацца да ўрокаў, бо ведаю, што мне давядзецца абавязкова адказваць за ўвесь клас. Ніхто ж не падкажа (усміхаецца), бо няма каму. Калі прымаю ўдзел у нейкіх конкурсах, мерапрыемствах, то атрымліваецца стапрацэнтны паказчык. Калі захварэю і на заняткі не прыйду, то таксама стапрацэнтны вынік даю. Мне яшчэ хацелася паўдзельнічаць у раённых алімпіядах па беларускай і рускай мовах, геаграфіі. Аднак трапіць на гэтыя алімпіяды не змагла, бо ўсе яны праводзіліся ў адзін і той жа час.  Давялося выбіраць. З будучай прафесіяй пакуль яшчэ не вызначылася, але ў будучым хочацца дапамагаць людзям.

Мікалай НАВУМЧЫК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!