“Кожны павінен быць на сваім месцы…”

Маларыцкі раённы вузел паштовай сувязі ўзначаліў новы начальнік – Вольга Мыкалаенка.
Анкета “ГЧ”
Прафесійны багаж.
Вольга Валянцінаўна нарадзілася і вырасла ў Маларыце. Закончыла сярэднюю школу №1 райцэнтра. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі (г.Мінск) па спецыяльнасці “Маркетолаг-эканаміст”. Па накіраванні прыехала ў Брэст, дзе адразу была назначана на пасаду начальніка аднаго з аддзяленняў сувязі. Затым працавала інжынерам аддзялення эксплуатацыі ў Брэсцкім філіяле РУП “Белпошта”. Стаж работы ў галіне – 3 гады.
Галоўныя якасці любога кіраўніка.
Вольга Мыкалаенка прытрымліваецца думкі, што, каб нечага дасягнуць, неабходна паступальна і ўпэўнена рухацца да пастаўленай мэты. Заўжды трэба імкнуцца зрабіць лепшым тое, што існавала да гэтага часу. Усталяваны парадак – не адзіны з магчымых. Кіраўнік павінен пастаянна шукаць новыя і лепшыя формы і метады арганізацыі работы калектыву. Галоўныя дзелавыя якасці кіраўніка – гэта мэтанакіраванасць і высокая працаздольнасць, творчасць і камунікабельнасць. Асабістыя якасці кіраўніка таксама адыгрываюць важную ролю ў рабоце з калектывам. Што сюды неабходна аднесці?
– На маю думку, ключавымі з’яўляюцца наступныя якасці. Першае – самадысцыпліна. Ад адносін да працы самога кіраўніка, яго асабістага прыкладу залежыць якасць працы ўсяго калектыву. Неабходна не толькі расказваць, але і паказваць, што і як рабіць. Другое – вытрымка. Высокае майстэрства – стрымліваць публічныя праявы свайго настрою. Нельга траціць самавалоданне, што б ні здарылася. Трэцяе – ветлівасць. Ніколі і ні пры якіх абставінах не дапускаць нетактоўнасці з падначаленымі. Праявамі гэтага не дакажаш таго, што ты маеш рацыю. Ва ўсім трэба строга прытрымлівацца агульнапрынятых норм паводзін, у тым ліку – і маўленчага этыкету. Паўсядзённая ветлівасць станоўча дзейнічае нават на самага нервовага і раздражняльнага супрацоўніка. Чацвёртае – спагадлівасць. Яе таксама неабходна праяўляць. Калі ведаеш сваіх падначаленых не толькі па імені, але і па імені па бацьку, цікавішся іх станам здароўя, праблемамі, па магчымасці імкнешся дапамагчы альбо спытаеш мімаходам пра дзяцей, павіншуеш з днём нараджэння, удала пажартуеш, то гэта ўсё спрыяе таму, што работа з людзьмі становіцца больш лёгкай, выніковай, так можна заваяваць давер, аўтарытэт, стварыць добры настрой у калектыве. Пятае – тактоўнасць. Дзейнасць кіраўніка немагчыма без добразычлівых, тактоўных адносін з усімі супрацоўнікамі. Ніколі нельга крытыкаваць проста дзеля крытыкі. Ад гэтага не будзе ніякага эфекту. Чалавеку неабходна пакінуць веру ў яго сілы, даць магчымасць праявіць сябе з лепшага боку на агульную карысць.
Думкі пасля першага тыдня работы:
– “Фронт” работы вялікі. Пасада вельмі адказная. Калектыў вопытны і прафесійны. Кожны павінен быць на сваім месцы і выконваць існуючыя службовыя абавязкі. Буду імкнуцца, каб мая дзейнасць на гэтай пасадзе спрыяла захаванню і паляпшэнню іміджу арганізацыі, якую ўзначальваю.
Р.S. Вольга Мыкалаенка не замужам, жыве ў Маларыце.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Вольга Мыкалаенка, начальнік раённага вузла паштовай сувязі.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий