Майстрыха-самавучка Тамара Бойка з вёскі Ланская (Маларыцкі раён)

 

Гліна быццам бы ажывае ў руках майстрыхі-самавучкі Тамары Бойка з вёскі Ланская (на здымку) і літаральна за некалькі хвілін набывае абрысы птушачкі ці чалавека.  Вырабамі з гліны Тамара Паўлаўна займаецца каля трыццаці гадоў. Колькі яна зляпіла за гэты час розных статуэтак, колькі тон перамясіла гліны – не пералічыць.

— Вырабаў 500 будзе,   а можа і болей,  — прыемна ўсміхаючыся, кажа майстар. – Работы свае не прадаю, а проста раздаю знаёмым. Няхай дораць лю-дзям шчасце і прыгажосць.

Вялікае задавальненне ат­рымлівае Тамара Паўлаўна ад самога працэсу стварэння гліняных статуэтак, ад лепкі. Для жанчыны – гэта нават не хобі, а нешта большае – напэўна,  стан душы,  адчуванне і бачанне навакольнага свету. Майстэрству лепкі, працы з глінай Тамара Бойка нідзе не вучылася.

— Усё атрымалася спантанна, — гаворыць жанчына. – Аднойчы ўзяла ў рукі кавалак гліны і пачала ляпіць. Атрымалася фігурка, праўда,  не такая дасканалая, але мне спадабалася.

З таго часу Тамара Паўлаўна і пачала займацца керамікай. Яе дзівосныя вырабы ўбачыла дырэктар Ланской сярэдняй школы Ганна Максімаўна Шпетная і прапанавала Тамары Паўлаўне займацца з дзецьмі. Жанчына пагадзілася. На яе гурток “Народныя промыслы” з задавальненнем хо-дзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія занятак за заняткам спасцігаюць сакрэты работы з глінай. Дарэчы, гурткоўцы пастаян­на атрымліваюць дыпломы на разнастайных выставах як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў. А гэта ўжо шмат аб чым гаворыць. Не кожны можа займацца  старажытным рамяством. Гліна – жывая матэрыя і яна адчувае энергетыку чалавека, які з ёй працуе.

— Калі я нешта ляплю, то заўсёды размаўляю з глінай, — усміхаючыся, гаворыць майстрыха. – Паверце, гэта не блюзненне, а творчы працэс, калі чалавек поўнасцю зліваецца з прыродай. Мне падабаецца ляпіць фігуркі розных жывёлін, птушачак. А вось статуэтку чалавека зляпіць намнога складаней.

Тым не менш, проста заварожваюць мініяцюрныя  прыгажуні беларусачкі Тамары Бойка ў нацыянальных строях. Цэлую калекцыю лялек вылепіла майстрыха. Дарэчы, з работамі Тамары Паўлаўны можна пазнаёміцца не толькі ў Ланской сярэдняй школе,  але і падчас выстаў-кірмашоў,  што на святы ладзяцца ў горадзе.

Тамара Паўлаўна з трапяткім пачуццём адносіцца да свайго захаплення. Гаворыць, што гліна лечыць і душу, і цела, надае спакой і ўпэўненасць у сабе.

— Раней, калі яшчэ не было мяжы з Украінай, вазіла гліну з суседняй краіны, – працягвае размову Тамара Бойка. – Там яна асаблівай якасці, з блакітным адценнем. Зараз у асноўным бяру арэхаўскую гліну. Яна мае жаўтаваты колер. Некалькі мяхоў дачка з зяцем прывезлі чырвонай гліны з-пад Мінска. Такім чы­нам, працую пакуль з гэтай сыравінай.

Варта сказаць, што сам працэс лепкі – вельмі працаёмкі, які патрабуе засяроджанасці і ўвагі. Нават на стварэнне самай простай статуэткі можа пайсці тыдзень і нават больш. Пэўны час займае сушка вырабаў. Тэрмічнай апрацоўкай Тамара Паўлаўна не карыстаецца. Пасля таго як статуэтка высахне, майстрыха пачынае варажыць над яе знешнім выглядам: наносіць фарбу, затым замацоўвае лакам. 

— Хачу вылепіць паляўнічага, — дзеліцца творчымі задумкамі Тамара Бойка, — які абавязкова будзе апрануты ў кажух, мець пры сабе стрэльбу і побач сабаку. Увогуле,  задумак шмат. Бывае,  што на ўсё не стае элементарнага – часу, — заўважае жанчына і пачынае замешваць чарговую порцыю гліны.

Нібыта чараўніца-варажбітка, забыўшыся на ўвесь белы свет, варожыць над шэрым месівам гліны Тамара Бойка. Усе думкі  майстрыхі засяроджаны на будучым вобразе.

Кацярына Яцушкевіч.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!