«Жыў-быў чамаданчык» Новая вяршыня “Каламбура” з Маларыты
У Мінску пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прайшоў V міжнародны фестываль-конкурс “Новая вяршыня-2019”. Сваё майстэрства на творчым спаборніцтве дэманстравалі выхаванцы ўзорнага тэатральнага калектыву “Каламбур” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі (кіраўнік-педагог дадатковай адукацыі Валянціна Самуйлік). На суд прафесійнага журы была прадстаўлена пастаноўка “Жыў-быў чамаданчык”.
— Гэтая пастаноўка — шматжанравае, захапляльнае, прыгожае і яркае відовішча, якое ў адно спалучыла розныя віды тэатральнай дзейнасці, — гаворыць Валянціна Уладзіміраўна. — На працягу 15 хвілін на сцэне хутка адно дзейства змяняла другое. Тут былі танцы, песні, акрабатычныя нумары, выступленні лялек, мыльнае шоу… Запамінальным рабілі выступленне яркія і арыгінальныя касцюмы маларыцкіх артыстаў.
Па выніках выступлення ў Мінску “Каламбур” у намінацыі “Цыркавое і тэатральнае мастацтва” ўзнагароджаны дыпломам лаўрэата другой ступені. Калектыў таксама атрымаў сертыфікат на ўдзел у ІV міжнародным фестывалі маладых талентаў “PolshaPrivet”, які пройдзе ў Беластоку ў кастрычніку гэтага года. Высокі вынік – заслуга найперш удзельнікаў старэйшай групы “Каламбура”: Аліны Саўчук, Арыны Алесіюк, Дар’і Кузьміч, Ксеніі Аляксюк, Анастасіі Меляшчук, Кацярыны Капанька, Вольгі Аўдзяюк. Яны тэатральнае майстэрства спасцігаюць ужо сёмы год. Упэўнена на сталічнай сцэне трымаліся таксама і ўдзельнікі малодшай групы калектыву. Вышыня “Новай вяршыні” не была б адолена, каб не дапамога ўсіх бацькоў юных артыстаў, а асабліва — Жанны Аляксандраўны і Мікалая Мікалаевіча Капанька (суправаджэнне), Наталлі Анатольеўны Амелянчук (набыццё тканіны для сцэнічных касцюмаў), а таксама Надзеі Мікалаеўны і Івана Іванавіча Цюпяшукоў (транспартная падтрымка).
Між іншым, калектыў званне “Узорны” пад кіраўніцтвам Валянціны Уладзіміраўны атрымаў у 2001 годзе і пацвердзіў яго ўжо сем разоў.
Мікалай НАВУМЧЫК.