Жыццё прымусіць берагчы і ваду

Як вядома, з 1 кастрычніка г.г. мы будзем па-новаму плаціць за ваду. Як канкрэтна? На гэтую тэму інтэрв’ю з намеснікам дырэктара па эканоміцы КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” Надзеяй ЕЎДАКІМАВАЙ.
— Надзея Аляксандраўна, раскажыце, калі ласка, пра новыя тарыфы, нормы расходу вады, якія прадугледжаны пастановай Савета Міністраў ад 28 верасня г.г.?
— Згодна з пастановай Савета Міністраў РБ № 1300 ад 28 верасня г.г., з 1 кастрычніка г.г. грамадзяне, якія жывуць у жылых дамах, кватэрах, абсталяваных індывідуальнымі прыборамі ўліку расходу вады, за карыстанне вадой, каналізацыяй будуць плаціць па новых тарыфах, калі яны перавысяць норму спажывання вады, а гэта 140 літраў на чалавека ў суткі. Да прыкладу, калі на сёння 1 куб вады для насельніцтва каштуе 585 рублёў, а 1 куб каналізацыі – 305 руб., дык эканамічна абгрунтаваныя тарыфы складуць 1440,9 руб. і 1105 руб. адпаведна.
Гэта значыць за спажыванне вады звыш 140 літраў на 1 чалавека, трэба будзе плаціць больш прыкладна ў 3 разы. Прывяду прыклад. Чалавек жыве адзін. За месяц выкарыстаў 2 кубы гарачай вады і 4 кубы халоднай вады. У суме ўсё складзе 6 кубоў вады. За 4,2 куба, ці за норму, ён заплаціць па 890 рублёў за куб, ці па старых расцэнках, а за 1,8 куба – па эканамічна абгрунтаваных, ці больш высокіх.
— Што ўваходзіць у агульную колькасць спажытай вады: толькі халодная ці і гарачая вада?
— Нарміраваных 140 літраў — гэта і халодная, і гарачая вада разам.
— Надзея Аляксандраўна, атрымліваецца, што тыя, у каго няма лічыльнікаў, акажуцца цяпер у больш выгаднай сітуацыі?
— Безуліковыя спажыўцы ці тыя грамадзяне, у дамах і кватэрах якіх не ўстаноўлены прыборы ўліку спажывання вады, за ваду будуць плаціць, як і плацілі. А плацілі яны па эканамічна абгрунтаваных цэнах ці па павышаных. Нічога не зменіцца ў аплаце за ваду і для тых грамадзян, у дамах ці кватэрах якіх па тэхнічных прычынах нельга ўстанавіць лічыльнікі. Як плацілі, так і будуць плаціць за ваду і льготнікі. Пастанова датычыцца толькі тых грамадзян, у кватэрах і дамах якіх устаноўлены лічыльнікі.
— Няма чаго грахі таіць, многія з нас так і не навучыліся эканоміць народнае багацце, у тым ліку і ваду. Відаць, цяпер жыццё прымусіць быць больш беражлівымі і думаць і пра разумнае спажыванне вады, як гэта робяць у еўрапейскіх краінах, і пра эканомію ўласных сродкаў?
— Так, згодна. Можа, цяпер мы будзем сачыць за нашымі кранамі, каб вада праз іх не капала, а гэта значыць, каб не капалі марна нашы грошы. Можа, калі мы чысцім зубы раніцай і вечарам, вада не будзе ліцца з крана, а мы яе нальем у шклянку, каб эканомна расходаваць. Можа, каб памыцца, аддадзім перавагу душу, а не бу­дзем напаўняць вадой ванну і інш.
— Надзея Аляксандраўна, а ваша служба не падлічвала, колькі ў сярэднім у суткі насельніцтва Маларытчыны спажывае вады? Ці ўкладземся мы ў норму 140 літраў на чалавека ў суткі?
— Як падлічылі, за 8 месяцаў г.г. у сярэднім у суткі адным чалавекам спажыты 131 літр. Таму можна сказаць, што мы ў норму ўкладваемся. Хаця, між іншым, 140 літраў — гэта немалая норма.
Запісала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!