“Хачу працаваць на новай ферме”

Якой бы сучаснай ні была тэхніка, якое б новае абсталяванне ні з’яўлялася на жывёлагадоўчых фермах, канчатковы вынік працы ўсё роўна залежыць ад чалавека, ад яго адказнасці і працавітасці, бо менавіта чалавек кіруе гэтым абсталяваннем. А таму вельмі важна, каб да работы, якую ён выконвае, ляжала душа, каб гэтая справа была абрана асэнсавана, прычым не тады, калі ў мінулым ужо выпускныя экзамены, зда­дзены тэсты і, быццам латарэя, выбіраецца навучальная ўстанова, а яшчэ ў школьныя гады, калі ёсць час паразважаць, ацаніць свае здольнасці і нават крыху паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі.
Запрасіць школьнікаў Мельніцкай базавай школы пабываць з экскурсіяй на сучаснай малочнатаварнай ферме ў вёсцы Сушытніца кіраўніцтва СВК “Хаціслаўскі” вырашыла не выпадкова. Пакуль у гаспадарцы вострай праблемы з кадрамі няма, але пабудаваўшы новыя фермы, павялічыўшы пагалоўе жывёлы, тут добра разумеюць, што трэба думаць аб будучым і ўжо сёння рыхтаваць заўтрашніх спецыялістаў-жывёла­водаў.
Вучні сёмых і дзявятых класаў Мельніцкай БШ, апранутыя у спецадзенне, без якога нельга наведваць сучасную ферму, з нецярплівасцю чакалі, што ж цікавага пакажуць ім гаспадары. І ўжо з першых крокаў па прасторных, светлых, чыстых памяшканнях фермы пачалі гучаць узбуджаныя выклікі “Вось гэта так!”, “Ух, ты!”. Асабліва ўразілі хлопчыкаў і дзяўчынак халадзільныя ўстаноўкі, у якія па трубаправодах з даільнай залы паступае і адразу астуджваецца малако. Пабывалі школьнікі ў лабараторыі, камп’ю­тарным памяшканні, бытавых пакоях. Але самае цікавае чакала іх у даільнай зале, дзе можна было паназіраць, як умела спраўляюцца са сваёй работай перадавыя даяркі гаспа­даркі Ала Янчук і Ала Аўдзіенка, як зладжана арганізаваны працэс даення, пры якім уся інфармацыя паступае на камп’ютар, пераканацца ў тым, што сёння праца даяркі цалкам адрозніваецца ад звыклага ўяўлення пра яе. Наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі і памяшканні, дзе кругласутачна ўтрымліваецца жывёла, і дворык для цялят, дзе кожная маленькая жывёліна ўтрымліваецца ў асобным доміку. Акрамя гэтага, школьнікі пачулі шмат цікавай інфармацыі пра малоч­натаварную ферму ад яе загадчыка Леаніда Дзірука. Далёка не кожны ведаў, хоць жывуць школьнікі ў суседняй вёсцы, што малочнатаварная ферма ў Сушытніцы, якая была пабудавана ў 2008 годзе, разлічана на 600 галоў жывёлы, што тут працуе калектыў, які складаецца з 23 чалавек, сярод якіх усяго 6 даярак, што дзякуючы новым тэхналогіям і стараннасці работнікаў фермы ў апошнія месяцы сто працэнтаў малака з гэтай фермы адпраўляецца на малочны камбінат экстра-класам, а гэта значыць, самай высокай якасці.
Вучні не ленаваліся задаваць свае пытанні, а потым, за «салодкім сталом», які арганізавалі для школьнікаў гасцін­ныя гаспадары, шчыра дзяліліся ўражаннямі.
— Мне экскурсія вельмі спадабалася, — гаварыла Юля Бошаль. — Калі ехалі на ферму, усё думала: што тут можа быць асаблівае, што адрознівае новую ферму ад іншых. А цяпер ведаю, што тут працуюць зусім па-іншаму, па-сучаснаму.
— Хоць на ферме гэтай была не раз, бо тут працуе мой тата, — працягвала пачатую аднакласніцай размову Насця Ківачук, — але шмат чаго не бачыла. Каб працаваць на такой ферме, трэба многаму навучыцца, бо на многіх участках за жывёлаводаў работу выконваюць розныя механізмы. Гэта вельмі цікава.
І хоць часу для выбару прафесіі ў вучняў, якія пабывалі на экскурсіі, яшчэ шмат, але некаторыя з іх упэўнена заяўлялі, што хочуць у будучым працаваць менавіта на гэтай ферме. Маладых спецыялістаў, як запэўніў намеснік старшыні СВК “Хаціс­лаўскі” Васіль Харык, у гаспадарцы чакаюць з нецярплівасцю, стараюцца стварыць добрыя ўмовы для працы і ўвогуле жыцця ў вёсцы. Так, у Сушытніцы, дзе знаходзіцца новая ферма, пабудаваны сёлета 4 катэджы, у якіх ужо жывуць сем’і работнікаў сельгасарганізацыі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час экскурсіі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!